Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам ёсьць чым ганарыцца» — дзень Ліцэю каля забранага будынка


Каля былога будынка Коласаўскага ліцэю па вуліцы Кірава, 21 адбылася ўрачыстая ліноўка. Cьвяткаваньне працягнулася ў новым памяшканьні недалёка ад Менску.

Больш за тры дзясяткі чалавек узялі ўдзел у невялікім сьвяточным сходзе на вуліцы Кірава. У гэтым будынку да 2003 году працаваў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які пасьля быў зьліквідаваны ўладамі. Цяпер у гэтым памяшканьні суд, дзе праходзілі расправы і над фігурантамі справы Плошчы ў 2010 годзе. Ліцэй адрозьніваўся тым, што ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове і без прапагандысцкіх штампаў.

Перад навучэнцамі і гасьцямі выступілі выкладнікі Лявон Баршчэўскі і Ўладзімер Дзіско. Лявон Баршчэўскі пасьля апавёў Свабодзе, што сама ідэя ліцэю нарадзілася роўна 25 гадоў таму.

«Мы паціху пачынаем адзначаць 25-годзьдзе ліцэю. Падводзіць вынікі, глядзець, хто ў нас выдатна сябе праявіў за гэтыя гады. Любы посьпех нашых ліцэістаў цешыць, і мы вельмі радыя, калі яны не губляюцца з публічнай прасторы, і асабліва калі выступаюць арганізатарамі сьвежых праектаў», — распавядае Лявон Баршчэўскі.

Баршчэўскі, у прыватнасьці, узгадаў Глеба Лабадзенку, які праводзіць інтэрактыўныя моўныя курсы, і Рамана Падаляку, які, паводле Баршчэўскага, становіцца вядучым акторам Купалаўскага тэатру:

«Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць і ў выкладнікаў натхненьне працаваць».

Дырэктар Уладзімер Колас лічыць, што ліцэй выконвае важную місію, а менавіта — вяртае беларусам мову і нацыянальную адметнасьць:

«Увогуле, у Эўропе не прынята было доўгі час казаць пра нацыянальныя адметнасьці і ўздымаць пытаньні нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта вялікая памылка, нацыянальную адметнасьць не павінны губляць Эўропа і сьвет. Шлях да бабілёнаў і мэгаполісаў — няправільны. Тое, што робіць ліцэй, будзе вельмі запатрабавана. Мы ня кажам пра экстрэмізм ці нацызм, а мы кажам пра душу народу, якую народ павінен захаваць».

У ліцэйскім сьвяткаваньні сёньня бяруць удзел прадстаўнікі некаторых дыпляматычных місіяў. Але, паводле кіраўніцтва ліцэю, галоўнае сьвяткаваньне чакаецца ў 2016-м: гэта будзе 25-годзьдзе з таго дня, як ліцэй стаў паўнавартаснай установай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG