Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колас: Ліцэй на вуліцы пачаўся — туды і сышоў


25 чэрвеня 2003 году ўказам Міністэрства адукацыі была зачынена ўстанова, знакавая для ўсёй беларускамоўнай адукацыі, — Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Нягледзячы на фактычную ліквідацыю, калектыў выкладчыкаў пры маральнай падтрымцы бацькоўскай рады адважыўся на адчайны крок — працягваць працу ў падпольлі. І цяпер ніхто не шкадуе пра той выбар: за прамінулае дзесяцігодзьдзе больш за сотню маладых людзей сталі выпускнікамі «партызанскай школы».

Адзін з заснавальнікаў і нязьменны кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас згадвае: ліквідацыя ўстановы супала зь іншай трагічнай падзеяй — сьмерцю народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Але, па словах суразмоўцы, гэта толькі дадало рашучасьці не здавацца:

«Якраз было разьвітаньне з Васілём Быкавым, з чаго паўставалі міжвольныя асацыяцыі: адыходзіў Быкаў, і ў нашай сытуацыі гэта падавалася як знак бяды. Безумоўна, тая трагічная падзея засланіла сабой тое, што адбывалася з намі. Зь іншага боку, было зразумела: мы з гэтай сыстэмай не ўжывёмся, было ясна, што нас ліквідуюць. Але было шмат і станоўчага. Перадусім, што нас падтрымала столькі людзей як з блізкага кола, так і зусім незнаёмых — проста мінакоў на вуліцах, у якіх зьбіралі подпісы нашы бацькі, нашы ліцэісты. Ну і, натуральна, тое, што ліцэй усё ж захаваўся. Захаваўся дух ліцэю, захавалася ідэя ліцэю. І, у прынцыпе, як мы пачалі проста на вуліцы, калі стваралі ліцэй, так мы туды і сышлі. Да гэтага таксама былі гатовыя. Бо нават калі паступіла прапанова ўвайсьці ў структуру Мінадукацыі, мы раіліся, бо былі засьцярогі: ці не пачнуць нас ціснуць, прычэсваць пад агульны грабянец? І вырашылі: калі такія спробы будуць, то зноў сыдзем у нефармальны рэжым. І мы туды ўрэшце вярнуліся. Такія вось успаміны...»

10 гадоў таму коласаўцы страцілі ня толькі статус прэстыжнай адукацыйнай установы, але і будынак на вуліцы Кірава, які з такімі цяжкасьцямі ўдалося адваяваць у камуністычнай намэнклятуры. Па злой іроніі лёсу, цяпер тут месьціцца суд Цэнтральнага раёну Менску, дзе засудзілі не аднаго ліцэіста. Згадвае намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі:

«Ліцэй, які быў створаны як Беларускі адукацыйна-культурны гуманітарны цэнтар яшчэ пры канцы 1990 году, як сваю асноўную дзейнасьць, так і ліцэйскія заняткі праводзіў у розных будынках, навучальных установах — прыкладам, на Караля, 16, у будынку курсаў падвышэньня кваліфікацыі пэдагагічных работнікаў. Ну і, натуральна, такое становішча не магло бясконца працягвацца. Якраз былі знакамітыя падзеі 1991 году, калі была прыпыненая дзейнасьць камуністычнай партыі, і кіраўніцтва ліцэю адразу зрабіла захады, каб атрымаць пры разьмеркаваньні партыйнай маёмасьці ўласны будынак. Урэшце менавіта менскія ўлады падказалі будынак на вуліцы Кірава, 21, які, колькі ён існаваў — ад ХІХ стагодзьдзя, — заўсёды быў месцам адукацыйных установаў».



Апошняе дзесяцігодзьдзе ліцэісты вымушаныя міграваць па розных адрасах, пацьвярджаючы статус «партызанскай школы». Аднак завуч Ірына Сідарэнка перакананая: рашэньне сысьці ў падпольле было абсалютна правільным:

«Шчыра кажучы, мы чакалі, што так яно і здарыцца, бо да гэтага ўсё ішло. Гэта ж, ведаеце, захады былі не ў адну хвіліну зробленыя, нас папярэджвалі, што раней ці пазьней так усё скончыцца. То бок разьвязка была відавочная. А ці апраўдалася наша пазыцыя? Ды, канечне, усё ўрэшце апраўдваецца. Галоўнае, што дзеці да нас па-ранейшаму прыходзяць, і, прайшоўшы нашу школу, яны абсалютна адрозьніваюцца ад іншых маладых людзей. Хоць нічога асаблівага ў нас няма — ніякай агітацыі, ніякай палітыкі, усё шчыра, усё праўдзіва. Літаратура, гісторыя, культура — сумленная супольная праца людзей, якая выхоўвае, вучыць; яна людзям дае магчымасьць аналізаваць, правільна ўспрымаць рэчаіснасьць. Таму я думаю, што ўсё было правільна, што ўсё варта таго. Нічога ня робіцца дарэмна, усё, як кажуць, да лепшага».



Нягледзячы на падпольны статус, штогод ліцэй мае паўнавартасны набор, які дазваляе даваць адукацыю на роднай мове паўсотні маладых людзей, не сапсаваных сучаснай ідэалёгіяй. Запытваю ў ліцэісткі Ганны — ці не расчараваная яна, што памяняла дзяржаўную школу на фактычна спартанскія ўмовы «партызанкі»?

«Не, ні ў якім разе. Наш ліцэй — гэта навучальная ўстанова, якая вельмі адрозьніваецца ад усіх іншых, прынамсі ад маёй колішняй гімназіі дык дакладна. Але, мабыць, і ад усіх іншых школаў у сучаснай Беларусі. Перадусім тым, што ў ліцэі да навучаньня дзяцей ставяцца вельмі творча. Тут індывідуальны падыход, настаўнікі робяць акцэнт не на адзнакі, а менавіта на веды, чаго, прыкладам, не было ў маёй ранейшай школе. Таксама тут няма навязьлівай прапаганды і ідэалёгіі, як у іншых дзяржаўных установах. А яшчэ мы шмат падарожнічаем — некалькі разоў на год езьдзім у Польшчу, дзе таксама вучымся, езьдзім на экскурсіі па нашай краіне. І, шчыра кажучы, мне проста тут вельмі падабаецца».



Ліцэйская адукацыя афіцыйна не прызнаная ў Беларусі. Аднак выпускнікі коласаўскага ліцэю прадстаўленыя ў самых розных частках сьвету: Італія, Нарвэгія, Нідэрлянды, Літва, Польшча, Чэхія, ЗША, нават экзатычная Індыя. Гэта пункты на міжнароднай мапе, дзе ліцэісты працягваюць навучаньне. І спадзяюцца, што набытыя веды калі-небудзь запатрабуюцца на радзіме.

XS
SM
MD
LG