Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды ў коласаўскім ліцэі


Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа адзначылі калядна-навагоднія сьвяты кірмашом і вялікім канцэртам.

У Коласаўскім ліцэі — сьвяточны распродаж прысмакаў і калядных атрыбутаў. Практычна ўсё прыгатавана і выраблена рукамі саміх ліцэістаў. Кожны курс запрашае ацаніць свае кулінарныя і майстэрскія здольнасьці. Пакупнікі — самі навучэнцы, іх бацькі, выкладчыкі. Пасярод імправізаваных «гандлёвых радоў» заўважаем дырэктара ліцэю Ўладзімера Коласа. Расказвае, чым пасьпеў атаварыцца:

«Яшчэ на самым пачатку „шопінгу“ набыў сьвяточны калядны боцік, а таксама розныя кулінарныя вырабы — найперш тое, што самі дзеці пяклі. Апроч таго, купіў мініятурную навагоднюю ёлачку і ёлачныя цацкі, якія нашы ліцэісты зрабілі сваімі рукамі. Але гэта толькі пачатак: тут вельмі вялікі выбар, таму, думаю, неўзабаве мой мех будзе поўны. Як у сьвятога Мікалая».

Хто галоўны ў Беларусі: Сьв. Мікалай, С.-Клаўс, Дз. Мароз?

Хто галоўны ў Беларусі: Сьв. Мікалай, С.-Клаўс, Дз. Мароз?



Пірагі, блінцы, пернікі, печыва, калядныя і навагоднія ўпрыгожаньні — далёка ня поўны асартымэнт ліцэйскага кірмашу. Як кажа спадар Колас, гандлююць тут ня дзеля таго каб абагаціцца, а каб назьбіраць грошай на вандроўкі:

«Вось у такой форме мы плянуем назьбіраць грошы на экскурсіі па Беларусі. То бок каб падчас навучаньня ў ліцэі дзеці пабачылі ня толькі замежныя краіны, але і сваю Радзіму. Калісьці ў нас такая экскурсійная праграма была, цяпер яна аднаўляецца. І паколькі спонсараў у Беларусі знайсьці цяжка, вырашылі зьбіраць сродкі такім чынам».

Карэспандэнт: «Калі разьлічваеце назьбіраць на першае падарожжа?»

«Паколькі Беларусь у нас — досыць вялікая краіна, шмат цікавых месцаў, таму гэты працэс, я думаю, будзе пастаянны. Што да першага падарожжа, то, мяркуючы па ўсім, ужо цалкам можна складаць праграму паездкі».

Пазьней імпрэза перафарматавалася ў сьвяточны канцэрт. Ліцэйскі бэнд, у якім саліравала Адэля Вольская, дачка вядомага рокера Лявона Вольскага, зайграў амэрыканскую клясыку каляднага жанру, а таксама кавэры на пратэстныя песьні гурту «Ляпіс Трубяцкі». Да душы прыйшлася прысутным вясёлая сцэнка з удзелам «каляднай тройцы» — Сьвятога Мікалая, Санта-Клаўса і Дзеда Мароза. Старыя так і не прыйшлі да згоды, хто ж зь іх мае больш прыхільнікаў у Беларусі. Сцэнар напісаў другакурсьнік Багуслаў Цыганкоў.

На сьвята завіталі і выпускнікі ліцэю: Яраш Лойка — сын вядомага скульптара Гэніка Лойкі, Алеся Баршчэўская — дачка грамадзкага дзеяча Лявона Баршчэўскага, Арсень Бураўкін — унук знанага паэта Генадзя Бураўкіна ды іншыя. Яраш, які цяпер працягвае навучаньне ў Познані, кажа, што заўсёды зь цеплынёй згадвае ліцэйскія часы:

Яраш Лойка

Яраш Лойка

«Цікавая, цёплая атмасфэра — зрэшты, як і заўсёды. Рэпэтыцыі, падрыхтоўкі да імпрэзаў — усё гэта яшчэ сьвежае ў памяці, таму вельмі знаёмае. Канечне, я ўжо шмат каго зь ліцэістаў ня ведаю, бо досыць даўно тут не зьяўляўся — на першым-другім курсах цалкам новыя людзі. А так, вядома, клясна зноў вярнуцца, адразу ахоплівае настальгія. Натуральна, чатыры гады ў ліцэі ўспамінаюцца зь вялізнай прыемнасьцю, таму што ў Польшчы была вельмі рэзкая зьмена абстаноўкі. Ліцэй — гэта перадусім суполка аднадумцаў, але калі пастаянна ў гэтым „варысься“, то, відаць, проста перастаеш заўважаць яе адметнасьць. У Польшчы першы час ніякай суполкі не было, я там аказаўся як быццам зусім адзін, што выглядала надзвычайным кантрастам. Вось тады я пра ліцэй якраз і згадаў — як пра самы яскравы і незвычайны пэрыяд майго жыцьця».

Сёлета ліцэісты адзначылі сумны юбілей: акурат 10 гадоў таму, у чэрвені 2003-га, Міністэрства адукацыі зьліквідавала навучальную ўстанову — за мэтодыкі выкладаньня, якія не стасуюцца з распрацаванымі ведамствам. Аднак калектыў не пагадзіўся самаліквідоўвацца і вось ужо дзесяцігодзьдзе працягвае дзейнасьць у падпольлі. Тым часам у сярэдзіне студзеня наступнага году чакаецца нашмат больш радасная гадавіна — 25 гадоў ад моманту ўтварэньня нядзельнай школы, на базе якой потым і ўзьнік Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Адэля Вольская і кампанія

Адэля Вольская і кампанія



Без гітары – нікуды

Без гітары – нікуды



Дуэт Марта&Аляксандар

Дуэт Марта&Аляксандар

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG