Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі гатовы вярнуцца ў Расею, каб працаваць дзеля пераменаў


Міхаіл Хадаркоўскі, 22 сьнежня 2013

Міхаіл Хадаркоўскі, 22 сьнежня 2013

Экс-кіраўнік ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі, памілаваны прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, даў у нядзелю прэс-канфэрэнцыю ў Бэрліне, дзе ён правёў 36 гадзінаў пасьля вызваленьня зь дзесяцігадовага зьняволеньня.

Чытайце таксама:

Хадаркоўскі можа стаць іконай стылю для апазыцыі, — Кабанаў

Хадаркоўскі Навальнага не пасуне, — Чайчыц

Па схеме Хадаркоўскага могуць вызваліць Статкевіча, — экспэрт

Хадаркоўскі гатовы вярнуцца ў Расею, каб працаваць дзеля пераменаў


У самым пачатку прэс-канфэрэнцыі Хадаркоўскі сказаў:

«Магчыма, маё вызваленьне стала магчымым дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, у тым ліку і тым, якія вы прадстаўляеце. Вялікі ўсім дзякуй! Я лічу, што ўвага сродкаў масавай інфармацыі дазваляе вельмі многім людзям, якія сёньня несправядліва знаходзяцца ў турмах, нашых расейскіх турмах, захоўваць жыцьцё, здароўе і надзею на вызваленьне. Я хачу, каб вы прынялі ад мяне і ад нас усіх падзяку за гэта. Я асабіста, натуральна, ўдзячны за падтрымку, якую мне аказвалі мае сябры, мае бізнэс-партнэры і, вядома, галоўнае — мая сям’я на працягу гэтых 10 гадоў. Калі б я не адчуваў гэтай падтрымкі, мне было б цяжка вытрымаць. Я вельмі ўдзячны спадару Гансу-Дытрых Геншэру, яго намаганьнямі была дасягнута кропка, зь якой можа быць справа ЮКОС, якая прывяла да дзясяткаў, калі ня сотняў зламаных лёсаў, справа ЮКОС пачала заканчвацца празь дзесяцігодзьдзе. Я вельмі ўдзячны фраў Ангеле Мэркель, пра ролю якой у тым, што я сёньня на волі, я даведаўся, знаходзячыся тут і маючы магчымасьць карыстацца тымі крыніцамі інфармацыі, якія для большасьці з вас зьяўляюцца абсалютна звычайнымі. Для мяне яны ўсе новыя — Фэйсбук, Твітар. Калі я трапіў у турму, гэтага нічога не было».



«У Расеі засталіся і іншыя палітвязьні, ня толькі зьвязаныя са справай ЮКОС. Я хацеў бы сказаць, што ня трэба ўспрымаць мяне як сымбаль таго, што ў Расеі палітвязьняў не засталося. Я прашу ўспрымаць мяне як сымбаль таго, што намаганні грамадзянскай супольнасьці могуць прывесьці да вызваленьня нават тых людзей, вызваленьне якіх ня меркавалася нікім. Нам проста трэба працягваць працаваць над тым, каб у Расеі, ды і ў іншых краінах сьвету палітвязняў не засталося. Ва ўсякім выпадку я буду рабіць у гэтым кірунку тое, што ад мяне залежыць».

Фотагалерэя:


Вось яшчэ цытаты з прэс-канфэрэнцыі Хадаркоўскага:

«Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта сказаў, што ніхто не перашкаджае мне вярнуцца ў Расею ў любы момант. На жаль, на сёньня ў мяне няма ніякай гарантыі, што я зноў змагу паляцець туды, куды мне трэба па тых ці іншых справах, а цяпер сямейныя справы я разглядаю як прыярытэтныя. З фармальнага пункту гледжаньня для таго, каб у мяне была такая магчымасьць, расейскі Вярхоўны суд павінен пацьвердзіць рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека, што пазоў па першай справе ЮКОС на 500 мільёнаў даляраў зь мяне і з майго сябра Платона Леанідавіча Лебедзева зьняты. Пакуль гэтага не адбылося і з фармальнага пункту гледжаньня, прыехаўшы ў Расею, я магу ўжо дазволу на вылет назад не атрымаць.

Што тычыцца Сочы, я прыхільнік ўсё ж такі той пазыцыі, што гэта сьвята спорту, гэта сьвята для мільёнаў людзей, напэўна, ня трэба яго псаваць. Іншая справа, што яго ня трэба пераўтвараць у сьвята асабіста прэзыдэнта Пуціна, напэўна, таксама было б няправільна, але псаваць сьвята мільёнам людзей я б ня стаў.



Я адразу хачу сказаць, што я ўдзячны Германіі, удзячны нямецкаму ўраду за ўдзел у маім лёсе. І менш за ўсё я хацеў бы, каб у выніку гэтага ўдзелу адбыліся нейкія праблемы для тых людзей, той краіны, якой я ўдзячны. На сёньня такіх праблем няма. Я не зьбіраюся займацца палітычнай дзейнасьцю, аб чым сказаў у лісьце прэзыдэнту Пуціну. Я зьбіраюся займацца грамадзкай дзейнасьцю.

Упершыню аб такой магчымасьці я пачуў ад сваіх адвакатаў 12 лістапада, калі яны пабывалі ў мяне ў калёніі і сказалі, што спадар Геншэр думае аб тым, што прэзыдэнт Пуцін ня ставіць умовай майго вызваленьня прызнаньне віны, мне проста неабходна напісаць прашэньне аб памілаваньні без прызнаньня віны. Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, што мая пазыцыя асабістая заўсёды адрозьнівалася ад пазыцыі камэнтатараў. Для мяне ніколі не было праблемай напісаць прашэньне аб памілаваньні, таму што зразумела было, што мой лёс, лёс маіх калегаў у любым выпадку ў руках асабіста прэзыдэнта Пуціна. Вызвалюся я ці па памілаванні, ці па канцы тэрміну, усё роўна гэта альбо адбудзецца, альбо не адбудзецца па прамым ўказаньні Пуціна, безь яго гэтага рашэньня прымацца ня будзе. Памілаваньне зь яго пункту гледжаньня было для мяне фармальнасьць, не фармальнасьцю было прызнаньне віны. Таму што, прызнаючы віну ў няісных злачынствах, я тым самым гуляю на баку тых, хто казаў, што ЮКОС, сто тысяч супрацоўнікаў, былі беспамернай злачыннай групай, якая спачатку сумленна прадала нафту, не заплаціўшы падаткі, потым аказалася, што яна не прадавала нафту, а ўсё выкрала. Я ня мог такім чынам паступіць з тымі людзьмі, якія ні ў чым не вінаватыя і толькі таму на працягу апошніх пяці гадоў я адказваў адмовай на прапанову напісаць памілаваньне менавіта з-за адмовы прызнаньня віны. Гэта мая пазыцыя.



У мяне няма плянаў вяртацца ў бізнэс. Я лічу, што падчас сваёй бізнес-кар’еры я дамогся ўсяго, чаго хацеў дамагчыся. Я кіраваў буйной пасьпяховай кампаніяй, другой па памеры ў Расеі. Кіраваў, як тады інвэстыцыйныя аналітыкі лічылі, даволі пасьпяхова. Паўтараць гэты посьпех мне нецікава. Маё фінансавае становішча ня ставіць мяне перад неабходнасьцю працаваць дзеля зарабляньня грошай. З гэтага пункту гледжаньня той час, які ў мяне застаўся для актыўнага дзелавога жыцьця, я б хацеў прысьвяціць таму, каб аддаваць даўгі тым людзям, якім горш, чым мне, гэта значыць, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў турме, і таму грамадзтву, нашаму расейскаму грамадзтву, якому вельмі важна трошкі зьмяніцца для таго, каб у Расеі жылі лепей. Вось гэта тое, чым мне хацелася б займацца. А як канкрэтна? Дайце мне крыху больш часу, чым 36 гадзін, для абдумваньня гэтага пытаньня.

*******

У суботу Хадаркоўскі даў інтэрвію часопісу The New Times, у якім заявіў, што перад ім ня ставілі ў якасьці ўмовы вызваленьня прызнаньне віны, што экс-кіраўнік ЮКОС назваў ключавой праблемай, паколькі, паводле яго словаў, гэта мела б «наступствы для вельмі шырокага кола людзей».

Хадаркоўскі таксама сказаў, што неабходнасьць для яго выехаць за мяжу, у Бэрлін, дзе праходзіць лекаваньне яго цяжка хворай маці, «палегчыла Уладзіміру Уладзіміравічу (Пуціну. — РС) прыняць рашэньне аб памілаваньні».

Прашэньне аб памілаваньні і асабісты ліст Уладзіміру Пуціну былі напісаныя ў лістападзе. Па словах Хадаркоўскага, ён разумеў, што альбо яго чакае трэцяя справа, альбо яго выпусьцяць. Перад Хадаркоўскім, заявіў ён у інтэрвію, ня ставілі і ўмоваў не займацца палітыкай. Разам з тым, Хадаркоўскі напісаў тое, пра што казаў і раней: «Я не зьбіраюся займацца палітыкай і не зьбіраюся змагацца за вяртаньне актываў (ЮКОС)» і прасіў даць яму магчымасьць выезду за мяжу:

«Нашая ўлада сумленна можа казаць, што яны мяне не высылалі, а што я пра гэта прасіў. А ведаючы нашыя рэаліі, мы абсалютна дакладна можам разумець, што мяне з краіны папрасілі. У цяперашняй сытуацыі я, усё разумеючы, на гэта пайшоў. Таму што тэма (хвароба мамы) занадта сур’ёзная. Але калі б трэба было падставіць людзей, я б ня выйшаў».

Хадаркоўскі дадаў: «Па мне рашэньне прымае адзін чалавек. Усе 10 гадоў. Адзін чалавек».

Ліст Пуціну быў перададзены пры пасярэдніцтве былога міністра замежных справаў ФРГ Ганса-Дытрыха Геншэра.

Адказваючы на пытаньне, ці вернецца ён у Расею, Хадаркоўскі адказваў сьцьвярджальна і прывёў словы прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, які заявіў, што экс-кіраўнік ЮКОС можа вярнуцца на Радзіму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG