Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 лістапада Аляксандар Лукашэнка заслухаў справаздачу ўраду і Нацбанку аб працы эканомікі за 2013 год і праекты прагнозу і бюджэту на наступны год. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня стабільнасьці на валютным рынку і заявіў, што старшыня Нацбанку і прэм’ер-міністар будуць адказнымі за гэта. Ці можна сказаць, што эканамічнае кіраўніцтва краіны адхіляе магчымасьць дэвальвацыі і будзе дабівацца стабільнасьці беларускага рубля любой цаной? Наколькі рэалістычным зьяўляецца эканамічны прагноз ураду на наступны год? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Зьміцер Крук. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Перш за усё, адзначым, што Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня стабільнасьці на валютным рынку. «Сёння я шчыра скажу, пра што папярэджваў старшыню праўлення Нацбанку і прэм’ер-міністра. За стабільнасць на валютным рынку адкажуць яны абодва і банкіры, якіх яны вызначылі (гэта дзясятак ці паўтара)», — заявіў Лукашэнка. Ці можна сказаць, што ўлады пачынаюць трымаць беларускі рубель ужо ня толькі рынкавымі, але і адміністратыўнымі крокамі?


«Усімі мэтадамі трэба стрымліваць валютную стабільнасьць»


Жаліба: Фармальна Нацбанк выкарыстоўвае нібыта рынкавыя рычагі — падтрымлівае плаўнае аслабленьне курсу беларускага рубля, выкарыстоўваючы інтэрвэнцыі на валютнай біржы. Пра гэта сьведчыць і зьмяншэньне золатавалютных рэзэрваў. Доўгі час яны трымаліся на ўзроўні 8 мільярдаў, а сёньня — каля 6,8 мільярда. Я лічу, што такім шляхам можна падтрымліваць курс рубля, калі на гэта выкарыстоўваецца валютная выручка ад экспарту.

У цэлым абстаноўка на валютным рынку вельмі няўстойлівая. Паводле майго меркаваньня, да канца году рубель асабліва не ўпадзе, а што будзе далей — залежыць ад некалькіх чыньнікаў. Дзьве таварныя пазыцыі нам даюць амаль палову валютнай выручкі — экспарт нафтапрадуктаў і экспарт калійных угнаеньняў. І тут шмат залежыць ад Расеі. Ці паставяць яны тыя 23 мільёны тонаў нафты, якія просіць Беларусь? Зь іншага боку, што будзе на калійным рынку? Нібыта там пачалося пэўнае ажыўленьне, але цэны, відавочна, ужо ня будуць такімі, як былі — 400 даляраў за тону. Так што пляны ўраду, што ў 2014 будзе рост экспарту некалькі на працэнтаў — гэта вельмі неадназначна.

Цыганкоў: Лукашэнка зноў быў вымушаны выказацца на тэму стабільнасьці курсу. Магчыма, у калідорах улады існуюць розныя меркаваньні на гэты конт, і Лукашэнка вымушаны быў паставіць у гэтым пытаньні кропку, заявіўшы, што кіраўніцтва будзе трымаць курс?

Крук: Чагосьці новага ў гэтай заяве няма. Урад і Нацбанк ужо даўно сфармавалі сваё стаўленьне да гэтай праблемы. Каля месяца таму быў прыняты сумесны плян дзеяньняў ураду і Нацбанку — і там думка пра тое, што ўсімі мэтадамі трэба стрымліваць валютную стабільнасьць, праходзіць праз увесь гэты дакумэнт.

Можна разважаць пра тое, чаму яны маюць такую пазыцыю. Дасягнуць раўнавагі бягучага рахунку магчыма двума шляхамі. Першы — дэвальвацыя нацыянальнай валюты, другі — абмежаваньне заробкаў, даходаў і скарачэньне ўнутранага попыту. Для большасьці краінаў дэвальвацыя ў такой сытуацыі разглядаецца як менш балючы інструмэнт, але Беларусь мае свой нэгатыўны вопыт дэвальвацыі. Гэта вельмі нэгатыўна ўзьдзейнічае на фінансавую сыстэму. І таму ўлады даволі выразна кажуць, што ўсімі магчымымі спосабамі будуць яе пазьбягаць.


«Пагадзіцца на істотнае скарачэньне даходаў альбо браць новыя пазыкі»


Цыганкоў: Зьміцер, але агульнапрынята, што дэвальвацыя мела і свае пазытыўныя наступствы — разгрузіліся склады прадпрыемстваў, беларуская прадукцыя пачала прадавацца на экспарт...

Крук: Безумоўна, гэта таксама ўсе разумеюць. Але наколькі я здольны разумець пазыцыю ўраду, яны кажуць, што нэгатыўныя вынікі, зьвязаныя з скарачэньнем попыту на беларускі рубель, скачком попыту на замежную валюту — будуць больш вострыя. Таму гэта адаб’ецца на рэальных даходах, і мы будзем усімі сродкамі яго пазьбягаць.

Аднак тут узьнікае праблема паміж жаданым і магчымым. Альбо беларускія ўлады вымушаныя будуць пагадзіцца на істотнае скарачэньне даходаў (такія захады ўжывала Грэцыя, Партугалія, Латвія), альбо браць новыя пазыкі. Аб’ектыўна агульны памер пазыкаў у Беларусі пакуль не зашкальвае ў параўнаньні зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы — і пытаньне ў тым, ці здолеюць улады прыцягнуць той аб’ём пазыкаў, на які яны разьлічваюць.

Цыганкоў: Другім важным пытаньнем на нарадзе быў праект прагнозу бюджэту на 2014 год. І тут Лукашэнка заявіў, што яго турбуе адарванасьць праекту ад рэальнага жыцьця. Што стаіць за гэтымі словамі? Магчыма, кіраўнік дзяржавы незадаволены тымі маленькімі лічбамі росту, якія закладзеныя ў праект?


«Прыяжджае місія МВФ, і ўрад дае прагноз даволі рэалістычны»


Жаліба: Лукашэнка штогод незадаволены тым, як выконваюцца эканамічныя паказчыкі. Сёлета рост ВУП будзе замест заплянаваных 8,5 фактычна 1,1. Цяпер ужо зразумела, што тыя лічбы, які былі закладзеныя на пяцігодку на Ўсебеларускім народным сходзе, будуць праваленыя.

Ва ўраду і Нацбанку заўсёды некалькі варыянтаў прагнозу. З аднаго боку, магчыма, гэта і добра, але зь іншага — складаецца ўражаньне, што яны закладаюцца пад пэўныя абставіны. Скажам, прыяжджае місія МВФ і ўрад дае прагноз даволі рэалістычны. А пасьля таго, як місія ад’ехала, урад дае нам іншы прагноз — ВУП даецца больш высокі, плянуецца пазытыўны гандлёвы балянс. Складваецца ўражаньне, што прагноз складаецца паводле прынцыпу «чего изволите». А дзе ж навуковыя падставы, на якіх такі прагноз павінен рабіцца?

Адзінае, дзе пляны былі перавыкананыя — гэта рост даходаў насельніцтва.


«Знайсьці каля 5-6 мільярдаў за кошт пазыкаў і прыватызацыі — гэта магчыма»


Цыганкоў: Спадар Крук, ці можна нават тыя сьціплыя лічбы росту, якія прадставіў урад, назваць дастаткова рэалістычнымі?

Крук: Пагаджуся з спадаром Жалібам, што той варыянт прагнозу, які быў прадстаўлены ў сярэдзіне кастрычніка, — быў найбольш аптымістычным. Мне здаецца, самай галоўнай у прагнозе зьяўляецца лічба, якім будзе дэфіцыт бягучага рахунку. На наступны год ён заплянаваны дзесьці каля 4 мільярдаў даляраў што, на маю думку, надта аптымістычна. Калі ўнутраны попыт будзе стымулявацца такімі тэмпамі, як заплянавана, то дэфіцыт замежнага гандлю і бягучага рахунку будзе больш істотны — каля 6 мільярдаў.

У гэтым выпадку ўзьнікае вельмі істотная праблема, як фінансаваць гэты дэфіцыт. Альбо трэба будзе знайсьці дадатковае фінансаваньне, альбо скарачаць унутраны попыт. І гэта вельмі складаная дылема...

Цыганкоў: Здаецца, яна становіцца яшчэ больш складанай у перадвыбарчы год. За год да выбараў скарачаць даходы насельніцтва ніхто ня будзе, гэта нерэальна.

Крук: Чаму нерэальна? Калі іншага выйсьці няма, то давядзецца і гэта рабіць. Але найбольш рэальнае выйсьце, якое я бачу —- гэта новыя даўгі. На самой справе лічбы не такія ўжо і завоблачныя. Каля 5-6 мільярдаў за кошт пазыкаў і прыватызацыі — гэта магчыма. Але гэта галоўны вынік, і ад яго залежыць рэалістычнасьць сёньняшніх прагнозаў ураду і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG