Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня ці зноў дэвальвацыя?


Нацыянальны банк Беларусі плянуе ў наступным годзе ўдвая зьнізіць стаўку рэфінансаваньня параўнальна з годам сёлетнім.

Чакаецца, што яна складзе ў сярэднім 14-16% гадавых, а напрыканцы года зьнізіцца да 11-13%. Такія прагнозныя дадзеныя закладзеныя ў Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год, якія распрацоўвае Нацбанк.

«Калі так здарыцца, то прамысловасьць Беларусі хоць трошкі б перавяла дух»,— сказаў Свабодзе былы генэральны дырэктар «Амкадора» Васіль Шлындзікаў:

«Тое, што адбываецца цяпер, нагадвае мне сярэдзіну 90-х, прынамсі 1994 і 1995 гады, калі праз непад’ёмныя банкаўскія крэдыты з прамысловасьці выпампавалі ўсе сродкі. Тады, памятаю, працэнты па крэдытах даходзілі да 300%. Цяпер гэтыя лічбы меншыя, але і час зараз іншы. Прадпрыемствы мусяць браць крэдыты пад 50%. І як у такім становішчы ім мець хоць нейкі прыбытак, як мадэрнізаваць вытворчасьць?»

Але ў рэальнасьць плянаў Нацбанку спадар Шлындзікаў не верыць:

Альбо нам зноў дапаможа Расея, альбо мы прададзім нашы «блакітныя фішкі», кшталту «Беларуськалія»
«Гэта добрае пажаданьне, але не болей за тое. Ёсьць толькі дзьве ўмовы, пры якіх можна сапраўды дамагчыся рэальнага зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня. Альбо нам зноў дапаможа Расея, альбо мы прададзім нашы «блакітныя фішкі», кшталту «Беларуськалія».

«Цяжка сказаць, што атрымаецца з гэтай задумы Нацбанку» — адзначае кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
«Наша фінансавая сыстэма зараз у вельмі няўстойлівым палажэньні. Таму магчымыя ўсялякія варыянты. Нацыянальны банк не вырашае эканамічную палітыку дзяржавы. І калі ўрад і кіраўнік дзяржавы не зьменяць падыходы да яе, то магчыма і паўтарэньне дэвальвацыі. На маю думку, верагоднасьць дэвальвацыі складае зараз працэнтаў 80. Таму цяжка сказаць, што адбудзецца ў наступным годзе».

Адначасова са зьніжэньнем стаўкі рэфінансаваньня мяркуецца скараціць рост інфляцыі да 11% за 2014 год. Аднак і гэтая лічба выклікае сумнеў. У 2013 годзе інфляцыю зьбіраліся абмежаваць 12%. Аднак рэальна за 10 месяцаў яна ўжо дасягнула 18,9%.

На пачатку сёлетняга году стаўка рэфінансваньня складала каля 30%. У сярэдзіне году Нацбанк здолеў зьнізіць яе да 23,5%. Аднак летам, калі пачаўся моцны адток рублёвых укладаў, улады спынілі яе зьніжэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG