Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партал delfi: Беларусь стаіць на краі прорвы


Беларусі, зьвязанай з расейскай эканомікай, зноў пагражае дэвальвацыя рубля. Так прагназуюць эканамісты. Між тым, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызнае, што плянуецца прасіць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду (МВФ ), і выпускаюцца новыя купюры дэнамінаваных рублёў. Інакш кажучы, зь беларускіх рублёў зьнікне некалькі нулёў.

«Набліжаецца дзень, калі ў іх будзе недастаткова фінансаў, каб падтрымліваць стабільны курс валюты, забясьпечваць асноўныя функцыі дзяржавы. Гэта вядомы факт, ніхто з гэтым не спрачаецца. Гаворыцца толькі пра спосабы пазьбегнуць гэтага або адкласьці», — сказаў парталу DELFI эканаміст банку Nordea Bank Lietuva Жыгімантас Маўрыцас.

Ён называе два магчымыя шляхі, па якіх паспрабуе ісьці Беларусь.

«Першая альтэрнатыва — узяць пазыку ў МВФ, але няма ўпэўненасьці, што МВФ дасьць крэдыт Беларусі, бо яна не выконвае свае абавязаньні», — сказаў эканаміст.

«Другі варыянт — узяць пазыку ў Расеі. Але апошнія падзеі паказалі, што іх адносіны трохі сапсаваліся, таму Беларусь шукае спосабы ўзяць пазыку ў Далёкага Усходу — Кітаю, або Блізкага Ўсходу — Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Але ніхто не хоча даваць грошы бяз выгады для сябе. Дзеля таго, што давер да Беларусі невялікі, думаю, што ўзяць пазыку без наступстваў для эканомікі не атрымаецца», — сказаў ён.

Таму, паводле яго, можа быць абраны самы просты варыянт — дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

Захочуць інвэставаць у нерухомасьць у Літве

Пасьля трэцяй дэвальвацыі беларускага рубля больш за ўсё пацярпяць простыя службоўцы грамадзкага сэктару і пэнсіянэры, якія атрымліваюць даходы ў мясцовай валюце.

Калі будзе дэвальвацыя, пакупніцкая здольнасьць жыхароў Беларусі зьнізіцца. Але краіна не адчуе вялікага шоку, бо ўжо цяпер многія разьлікі праводзяцца ў замежнай валюце.

Паводле ацэнкі эканаміста, у найбліжэйшым часе колькасьць беларусаў, якія прыяжджаюць у Літву на закупы, можа нават зьнізіцца, але пазьней іх будзе больш, бо Літва нашмат больш надзейная, чым іх краіна.

«Чым больш адбываецца дэвальвацыяў, тым менш надзейнай лічыцца краіна. Таму жыхары будуць старацца назапашваць зьберажэньні ў замежнай валюце, яе і трацяць. Гэта значыць, што пазьней у Літву будзе прыяжджаць усё больш беларусаў, яны будуць старацца мець замежную валюту, набываць нерухомасьць у Літве», — сказаў ён.

«Калі казаць пра ўплыў дэвальвацыі на Літву, я думаю, што часова падчас дэвальвацыі могуць быць абмежаваны разьлікі ў замежнай валюце. Калі прадпрыемствы інвэставалі, будзе цяжэй атрымаць грошы, або, калі прадпрыемствы экспартуюць у Беларусь, цяжэй будзе атрымаць грошы за тавары. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не акажа вялікага ўплыву», — пракамэнтаваў Маўрыцас.

Начной дэвальвацыі ня будзе

«Вядома, эканамічная сытуацыя ў Беларусі дрэнная. Там не хапае макраэканамічнага балянсу, але нягледзячы на гэта інвэстыцыйныя паказчыкі сэктару ўлады нядрэнныя. Гэта значыць, што яны імкнуцца стварыць аснову для росту ў будучыні. Цяперашнія праблемы зьвязаныя з тым, што пагаршаецца эканамічная сытуацыя ў Расеі. Гэта паўплывала і на Беларусь», — сказала галоўны эканаміст банку DNB Кацярына Рояка.

Яна лічыць, што раптоўнай начной дэвальвацыі ў Беларусі не павінна быць. Але не зьдзівілася, што беларусы больш актыўна скупляюць валюту.

Паводле яе, МВФ нядрэнна ацэньвае прагрэс Беларусі, і яна можа разьлічваць на крэдыт.

Шукаюць спосабы спыніць паездкі ў Літву

Паводле эканаміста, Беларусь імкнецца бізуном і пернікам прымусіць сваіх грамадзян купляць у краіне.

«Беларусь спрабуе палепшыць спажывецкі клімат у сваёй краіне. Будуюцца буйныя гандлёвыя цэнтры, вядома, не без дапамогі літоўцаў. Гэта павінна замяніць паездкі беларусаў у Літву. Вядома, усё будзе залежаць ад цэнаўтварэньня і пакупніцкай здольнасьці», — сказала Рояка.

Па падліках розных крамаў, беларусы, якія прыяжджаюць на закупы ў Літву, трацяць у дзень 3000-5000 літаў.

На яе думку, пагроза Лукашэнкі абкласьці падаткам паездкі ў Літву цяжкаажыцьцяўляльная.

Прадстаўнік Віленскага гандлёва-забаўляльнага цэнтру Akropolis Чэславас Урбанавічус ня згодны, што патокі беларусаў зьнізіліся.

«Магу сказаць, што патокі ня зьнізіліся. Пры вяртаньні падаткаў, прадпрыемства падае нам лічбы, і калі параўнаць мінулы і гэты год, можна сказаць, што патокі ня зьменшыліся», — сказаў ён.
XS
SM
MD
LG