Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Пасноў просіць перавесьці яго ў «Навінкі»


Зьняволены лекар не давярае мясцовым мэдыкам — былым калегам. І некалькі разоў зьвяртаўся да галоўнага лекара віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, каб яго перавялі ў Цэнтар псыхічнага здароўя.

Пасноў нават гатовы сам аплочваць сваё ўтрыманьне ў менскай клініцы.

Пра гэта апавялі праваабаронцы, якія наведалі Ігара Паснова ў віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі на прымусовым псыхіятрычным лячэньні, санкцыянаваным судом Віцебскага раёну 21 жніўня.

З 16 жніўня ён знаходзіцца ў псыхбальніцы ў якасьці пацыента. Раней ён працаваў у гэтай установе псыхатэрапэўтам у наркалягічным аддзяленьні.

Пасноў стаўся пацыентам у сваіх былых калегаў пасьля чарговага відэазвароту ў інтэрнэце, дзе ўжо ня першы раз скрытыкаваў абласное кіраўніцтва і працу мэдычных установаў вобласьці.

За ранейшыя крытычныя выступы намесьнік галоўнага лекара па ідэалёгіі псыхіятрычнага шпіталя абвінаваціў яго ў нетактоўнасьці. Ігар Пасноў казаў таксама і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем.

У псыхбальніцу ён трапіў са згоды пракурора, а дакумэнты ў суд дзеля афіцыйнага дазволу на прымусовае лячэньне накіравала галоўны лекар шпіталя Алена Мартынава.

Таму Ігар Пасноў ня схільны давяраць сваім былым калегам і просіць перавесьці яго ў «Навінкі». Але адказу на свае заявы пра гэта ад кіраўніцтва віцебскага шпіталя ён пакуль не атрымаў.

Праваабаронцы бароняць Паснова

Віцебскія праваабаронцы разьмясьцілі ў інтэрнэце пэтыцыю ў падтрымку Ігара Паснова. Яны хочуць сабраць 50 тысяч подпісаў за тое, каб незалежныя адмыслоўцы аб’ектыўна ацанілі стан ягонага здароўя. Бо «камісія псыхіятраў зь Віцебску ў вызначэньні стану і ацэнкі рызыкі, якую ён нібыта ўяўляе для сябе і навакольных, не маглі быць аб’ектыўнымі, бо на сваёй працы яны падпарадкоўваюцца галоўнаму лекару Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алене Мартынавай. Менавіта яна ініцыявала працэс зьмяшчэньня апальнага лекара ў вар’ятню», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня. «Затрыманьне Ігара Паснова магло быць неабгрунтаваным з-за выказанай ім законнай крытыкі сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці. Калі гэта так, то „Міжнародная амністыя“ будзе лічыць яго вязьнем сумленьня», — гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі. Гэтаксама Amnesty International плянуе праз масавыя пісьмовыя звароты з подпісамі неабыякавых грамадзянаў запатрабаваць прызначыць паўторны псыхіятрычны агляд Ігара Паснова, каб вызначыць, якую небясьпеку той уяўляе для сябе і навакольных. А таксама запатрабаваць, каб Ігару Паснову забясьпечылі дастатковую юрыдычную дапамогу.

Супольную заяву наконт прызначэньня прымусовага псыхіятрычнага лячэньня прынялі Беларускі Хэльсынскі Камітэт і ПЦ «Вясна». «Мы заклікаем кампэтэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Паснова з псыхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем усталяваных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору», — гаворыцца ў заяве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG