Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласны суд мае разгледзець дзьве касацыйныя скаргі Ігара Паснова


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Адна зь іх складзена адвакатам, другую даслаў у суд сам Ігар Пасноў. Яна дайшла туды зь віцебскага абласнога Цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, пра што сьведчыць адказ, атрыманы Пасновым.

Ігар Пасноў спрабуе аспрэчыць рашэньне судзьдзі Віцебскага райсуду Тацяны Дзегцяровай, якая санкцыянавала прымусовае псыхіятрычнае лячэньне спадара Паснова.

Суд прайшоў 21 жніўня ў ягоную адсутнасьць. У Ігара Паснова таксама не было магчымасьці ні заключыць дамову з адвакатам, ні прыслаць у суд сваю давераную асобу.

30 жніўня ў Віцебскі райсуд была пададзена касацыйная скарга, складзеная адвакатам Ігара Паснова. Сябрам віцебскага «лекара-праўдаруба», які апынуўся ў псыхбальніцы з ініцыятывы свайго кіраўніцтва, спатрэбілася некалькі дзён, каб дамагчыся выкананьня ягоных правоў на абарону.

Як паведаміў праваабаронца Павал Левінаў, яшчэ раней, не спадзеючыся на тое, што юрыдычная дапамога яму будзе дазволена, Ігар Пасноў сам паспрабаваў напісаць касацыйную скаргу. Ён даслаў яе наўпрост у абласны суд і атрымаў адказ, што ягоны зварот прыняты, але пераадрасаваны ў Віцебскі райсуд — суд першай інстанцыі, як рэглямэнтавана заканадаўствам.

Праваабаронцы кажуць, што ў такіх выпадках, калі касацыйных скаргаў некалькі — а права падаваць скаргі маюць і сам грамадзянін, і ягоны абаронца, — іх звычайна аб’ядноўваюць у адну справу. Разгледзець яе мае абласны суд, але дата разгляду касацыйных скаргаў па справе Ігара Паснова пакуль не прызначана.

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць тым, што прымусовая шпіталізацыя і лячэньне Ігара Паснова «ўжытыя пасьля выказваньня ім крытыкі стану мэдыцыны ў Віцебскай вобласьці, згадкі пра парушэньне заканадаўства кіраўнікамі мэдычных устаноў. Больш за тое, заява ў суд аб прымусовай шпіталізацыі пададзеная галоўным лекарам Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, чые дзеяньні, у тым ліку, былі аб’ектам крытыкі Ігара Паснова».

«Мы заклікаем кампэтэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Паснова з псыхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору», — гаворыцца ў супольнай заяве Беларускага Хэльсынскага камітэту і Праваабарончага цэнтру «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ня мае сумневу, што «прысуд палітычна матываваны» і «зьяўляецца чарговай спробай зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У сувязі з гэтым дэпутат заклікае зрабіць на міжнародным форуме ўсе магчымыя крокі, каб абараніць беларускіх лекараў, а таксама прыняць меры ў гэтай канкрэтнай справе.
XS
SM
MD
LG