Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекару Ігару Паснову, зьмешчанаму на прымусовае лекаваньне ў віцебскі абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі, удвая павялічылі дозу прэпаратаў-нэўралептыкаў.

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода праваабаронца Павал Левінаў. Яму дазволілі наведаць Ігара Паснова ў шпіталі, і яны размаўлялі больш за гадзіну.

Павал Левінаў апавёў пра тое, як выглядае Ігар Пасноў і які ў яго рэжым у псыхіятрычнай лякарні:

«Я ўжо нават не спадзяваўся на гэтую сустрэчу. Бо ў шпіталі наведваць пацыентаў можна ня кожны дзень, а толькі тройчы на тыдзень. І я прыйшоў ня ў плянавы дзень, але мне сустрэчу дазволілі. Як сказаў сам Ігар Пасноў, ён нават сам не паверыў, калі яго паклікалі, сказаўшы, што да яго прыйшоў наведнік… Ён думаў, што гэта нейкі жарт».

Паводле праваабаронцы, у дачыненьні да Паснова рэжым утрыманьня стаў крыху менш строгі:

«Ён пацьвердзіў, што яму дазволілі атрымліваць пасылкі і карэспандэнцыю. Паказаў мне адказ з абласнога суду, а гэта сьведчыць, што яго зварот дайшоў з псыхіятрычнага шпіталя. Сказаў, што яго задавальняе якасьць харчаваньня, што яго задавальняе стаўленьне пэрсаналу. Паказаў санітара, які там прысутнічаў. І распавёў, што калі аказвае пасіўнае непадпарадкаваньне на знак пратэсту супраць прымусовага лячэньня, то знарок кладзецца на сьпіну, а санітары яго паварочваюць, каб зрабіць іньекцыю. Дык вось, маўляў, гэты санітар робіць усё акуратней за іншых… Аднак ён лічыць, што прымусовае лячэньне да яго прымяняюць незаконна. І яшчэ ў яго прэтэнзія, што яму не даюць пазнаёміцца з уласнай гісторыяй хваробы».

Натальля Васільева, загадчыца 2-га закрытага аддзяленьня, дзе трымаюць Паснова, заявіла Паўлу Левінаву, што гісторыю хваробы яму пакажуць пасьля выпіскі. І тады «няхай вучыць хоць на памяць», сказала лекарка. Праваабаронцу непрыемна ўразілі тон і стаўленьне спадарыні Васільевай. А таксама ўстрывожылі зьвесткі пра тое, што Паснову ўдвая павялічылі дозу нэуралептыкаў.

Занепакоенасьць праваабаронцы выклікае і штучнае абмежаваньне тэлефонных кантактаў Паснова. Як стала вядома, ягоны мабільны тэлефон захоўваецца тут жа, у службовым памяшканьні. Але ён мусіць напісаць заяву, з кім зьбіраецца размаўляць, каб тэлефон яму далі на некалькі хвілін. Гэтага яму ніхто наўпрост не патлумачыў, і пра сваё права на тэлефанаваньні ён даведаўся, толькі праляжаўшы ў шпіталі два тыдні.

Уладзімер Жыгулоў

Уладзімер Жыгулоў

Датэлефанавацца да Паснова таксама складана: незалежны журналіст Уладзімер Жыгулоў так і не паразмаўляў зь ім, патэлефанаваўшы на пост дзяжурнай мэдсястры ў адмыслова адведзеныя для гэтага гадзіны. У слухаўцы загучалі кароткія гудкі, ледзьве толькі Пасноў сказаў, што да яго прыходзіў праваабаронца Левінаў.

3 верасьня Ўладзімера Жыгулова выклікалі ў абласную пракуратуру. Праваабаронца Павал Левінаў прысутнічаў там як грамадзкі прадстаўнік журналіста. У яго прысутнасьці Жыгулову было абвешчана афіцыйнае папярэджаньне абласной пракуратуры за супрацоўніцтва з газэтай «Витебский курьер». Журналіст апавёў наступнае:

«Вынесьлі папярэджаньне, таму што газэта не зарэгістраваная, я не акрэдытаваны… Быў міліцэйскі рапарт, што я супрацоўнічаю з „варожай газэтай“, якая зарэгістраваная ня тут, а ў суседняй дзяржаве — у Расеі».

Пасьля няўдалых спробаў рэгістрацыі ў Беларусі газэта «Витебский курьер» стала замежнай. І гісторыя зь Ігарам Пасновым, пра якую піша выданьне, таксама мае дачыненьне да пракурорскага папярэджаньня, лічыць журналіст:

«Ёсьць заява намесьніка галоўнага лекара шпіталя Сьвіркунова, які сказаў, што я яму паказваў пасьведчаньне супрацоўніка газэты. А інтэрвію зь ім не атрымалася: ён сказаў, што раз газэта не зарэгістраваная, то й размаўляць ня будзе. Яшчэ сабралі некалькі газэт „Витебский курьер“, публікацыі пра Паснова».

Шмат хто ў Віцебску лічыць, што Ігара Паснова трымаюць у «псыхушцы» за грамадзянскую пазыцыю — за крытыку віцебскіх уладаў і мэдустановаў вобласьці. Лекары псыхіятрычнага шпіталя кажуць, што Паснова выпішуць толькі тады, калі ў ходзе лячэньня «заўважаць станоўчую дынаміку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG