Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты сядзяць у чарзе, каб сустрэцца з Баўмгертнэрам


Беларускія адвакаты будуць прасіць сьледчыя органы аб штодзённых сустрэчах з генэральным дырэктарам «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам, паведамілі ў расейскай амбасадзе ў Менску.

«Адвакаты маюць намер дамагацца штодзённых сустрэч з Баумгертнэрам. Сёньня яны зноў пойдуць на сустрэчу ў СІЗА КДБ, дзе знаходзіцца абвінавачаны», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» загадчык консульскага аддзела расейскай амбасады ў Менску Ігар Карагін.

Цяпер у Баўмгертнэра тры беларускія адвакаты. Яны гатовыя па чарзе дзяжурыць ў СІЗА КДБ, каб трапіць зь ім на сустрэчу.

«Адвакаты паведамілі, што ў СІЗА КДБ існуе чарга на пакоі, у якіх праходзяць сустрэчы абвінавачанага з адвакатамі і сьледчымі. Сёньня прадстаўнікі амбасады ўжо размаўлялі з адвакатамі. Яны плянуюць пайсьці на сустрэчу з Баўмгертнэрам. Адвакаты павінны перадаць яму цёплыя рэчы»,— сказаў Карагін.— Бо ўжо ня цёпла, а ён у адной кашулі», — дадаў прадстаўнік амбасады.

Карагін паведаміў, што «пакуль сустрэч са сваякамі, у тым ліку з маці, Баўмгертнэру не дазваляюць».

Расейскі адвакат прадпрымальніка Аляксей Басіст паведаміў, што на гэтым тыдні беларускі суд мае разгледзець скаргу на арышт Баўмгертнэра, у суд будуць таксама перададзеныя асабістыя паручальніцтвы за яго губэрнатара Пермскага краю Басаргіна і дэпутата Дзярждумы Барынава.

Тым часам як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэта Беларусі Павал Траулька, «працягваюцца сьледчыя дзеяньні па гэтай справе».
XS
SM
MD
LG