Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць Керымава распачнуць неўзабаве


Сулейман Керымаў
Сулейман Керымаў

Справу супраць саўладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава могуць распачаць у Беларусі бліжэйшым часам.

Пра гэта заявіў прадстаўнік Сьледчага камітэту краіны Павал Траулька ў эфіры беларускага тэлебачаньня.

«Я мяркую, што ўзбуджэньня крымінальнай справы можна чакаць у бліжэйшы час», – сказаў ён.

Абарона сэнатара Сулеймана Керымава называе падазрэньні беларускага боку неабгрунтаванымі. Аднак працяг сьледчых дзеяньняў можа зрабіць спадара Керымава і яго калег невыязнымі з Расеі, піша расейскі «Коммерсант».

Адвакат Керымава Анатоль Кучэрэна заявіў, што афіцыйнай інфармацыі ад сьледчых органаў Беларусі да іх пакуль не паступала. А тыя падазрэньні, пра якія кажуць у Сьледчым камітэце, зьяўляюцца абсалютна беспадстаўнымі і больш падобныя на піяр, чым на працэсуальныя дзеяньні. Аднак адвакат сказаў, што Сулейман Керымаў гатовы даць неабходныя тлумачэньні па справе.

29 жніўня Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра гатоўнасьць распачаць крымінальную справу супраць асноўнага ўладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава і затрымаць яго. Улады Беларусі падазраюць, што Керымаў удзельнічаў у арганізацыі злачыннай схемы з мэтай захапіць кантроль на рынку калію.

«Матэрыялы, якія паступілі ў Сьледчы камітэт, даюць падставы для ўзбуджэньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Сулеймана Керымава, а таксама іншых асобаў, у тым ліку і зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь», – сказаў РИА Новости афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал Траулька.

Ён таксама адзначыў, што да гэтых асобаў можа быць прыменена мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Таксама іх могуць абвясьціць у вышук.

Фонду Сулеймана Керымава Suleyman Kerimov Foundation належыць 21,75% акцыяў кампаніі «Ўралкалій». Яе гендырэктар Уладзіслаў Баўмгертнэр затрыманы 26 жніўня ў Менску. Сьледчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачаньне ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, а гэта пагражае пазбаўленьнем волі да дзесяці гадоў.

Як паведамляе 30 жніўня беларускі тэлеканал ОНТ, сабранай інфармацыі дастаткова, каб прад'явіць абвінавачаньне Сулейману Керымаву. На думку экспэртаў, алігарх з дапамогай «калійнай афэры» абрынуў сусьветны рынак і зьнізіў кошт «Уралкалія». Акцыя, якія абясцэніліся, адразу ж скупіў фонд Керымава, які створаны ў Швайцарыі.

«Пасьля таго як беларускія сьледчыя прад'явяць дагестанскаму магнату абвінавачваньне, ён будзе абвешчаны ў міжнародны вышук», паведамляе тэлеканал.

Тым часам прадстаўнікі Сулеймана Керымава ў Расеі адмовіліся камэнтаваць карэспандэнту Свабоды намеры беларускага боку. Памочнік Сулеймана Керымава па працы ў Савеце Фэдэрацыі Расеі Аляксей Красоўскі сказаў, што Керымаў у адпачынку, і яго месцазнаходжаньне яму невядомае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG