Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза ня выявіла ў Вольгі Класкоўскай псыхічных расстройстваў


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Судова-псыхіятрычная экспэртыза ня выявіла псыхічных расстройстваў у Вольгі Класкоўскай, якая знаходзіцца ў Швэцыі і абвінавачваецца ў замаху на забойства свайго мужа Гёкая Бэзгіна.

Пра гэта БелаПАН паведаміла маці Вольгі Людміла Класкоўская.

Вольга апавяла па тэлефоне, што некаторы час знаходзілася ў клініцы галоўнага ўпраўленьня судовай мэдыцыны Стакгольма, дзе па рашэньні суду праходзіла судова-псыхіятрычную экспэртызу. Вольга паведаміла маці, што лекары цалкам выключылі ў яе якія-небудзь псыхічныя захворваньні або расстройствы. У выснове псыхіятараў адзначаецца, што Вольга ня схільная да гвалту і ўчыненьне злачынства, у якім яе вінавацяць, не тыповае для яе асобы і характару. Экспэрты таксама адзначылі, што падобныя дзеяньні яна, калі і магла ўчыніць, то ў стане афэкту або на фоне працяглай дэпрэсіі, зьвязанай зь сямейна-побытавымі канфліктамі, у тым ліку з адабраньнем дзіця, расказала Людміла Класкоўская.

«Такім чынам, экспэртыза абвяргае довады абвінавачваньня, што Вольга даўно і мэтанакіравана плянавала злачынства, а таксама заявы сацыяльных службаў пра наяўнасьць у Вольгі псыхічных расстройстваў, заснаваныя толькі на тым, што калі з рук Вольгі вырывалі сына, яна ўсяляк гэтаму супраціўлялася і апантана крычала, — сказала Людміла. — Па лёгіцы сацыяльных работнікаў, калі ў Вольгі забіралі дзіця, ёй трэба было пры гэтым пляскаць у далоні і сьмяяцца».

У той жа час маці Вольгі не разьлічвае на справядлівасьць швэдзкага правасудзьдзя.

«Такі вялікі тэрмін (восем гадоў пазбаўленьня волі) Вользе патрабуе пракурор Марціна Вінслув. Менавіта яна раней наклала забарону на зносіны Вольгі з сынам, а потым вынесла рашэньне пра забарону нават набліжацца да кватэры, дзе яна, згодна з швэдзкім Кодэксам аб шлюбе і сям’і, павінна пражываць цяпер разам з сваім сынам і мужам. Менавіта Марціна Вінслув прыняла рашэньне, што калі Вольга нават наблізіцца да кватэры, у якой знаходзіцца яе дзіця, то будзе неадкладна арыштавана і пасаджана ў турму на адзін год», — патлумачыла Людміла.

На яе думку, прадузятая пазыцыя пракурора і імкненьне пакараць «не па заслугах» Вольгу «пераважаць вынікі экспэртыз і іншыя довады абароны».

Цяпер Вольга зноў знаходзіцца ў СІЗА і разам з адвакатам рыхтуецца да судовага пасяджэньня, якое прызначана на 13 жніўня, а 15 жніўня ў іншым судзе адбудзецца працэс па скасаваньні шлюбу, дзе будзе вырашацца пытаньне пра апякунства над іх гадавалым сынам Адэмам.
Вольга сказала маці па тэлефоне, што ня бачыла сына зь лютага і абвясьціла ў СІЗА галадоўку, каб дамагчыся сустрэчы зь ім

Вольга сказала маці па тэлефоне, што ня бачыла сына зь лютага і абвясьціла ў СІЗА галадоўку, каб дамагчыся сустрэчы зь ім. Пракурор быў вымушаны прыняць пастанову, якая дазваляе Вользе спатканьне зь дзіцем, аднак, як паведаміла Людміла Класкоўская, супрацоўнікі сацыяльнай службы камуны Ханінге Стакгольма «байкатавалі пастанову пракурора» і сына Вольга так і ня ўбачыла.

«Хачу нагадаць, што менавіта сацыяльныя работнікі гэтай камуны ў лютым пры дапамозе паліцыі сілавым мэтадам без пастановы суду, незаконна, на вачах у старэйшай дачкі Міраславы канфіскавалі сямімесячнага Адэма. Між тым у Вольгі дагэтуль ёсьць паўнавартасныя бацькоўскія правы на сына», — адзначыла Людміла.

Пра затрыманьне Вольгі Класкоўскай стала вядома 2 красавіка. Яе затрымалі ў горадзе Ханінге ля Стакгольма і зьмясьцілі ў турму Акэрсбэрга ў 30 км на паўночны ўсход ад Стакгольма.

Некалькі гадоў таму Вольга Класкоўская атрымала статус палітычнага ўцекача ў сувязі зь перасьледам на радзіме за апазыцыйныя перакананьні. У 2011 годзе, падчас суду над родным братам, былым міліцыянтам, фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году, Вольга вярнулася ў Менск, каб падтрымаць сям’ю.

У жніўні 2011 году яна зноў зьехала зь Беларусі, выйшла ў Швэцыі замуж за мясцовага жыхара Гёкая Бэзгіна, а ў ліпені 2012 году нарадзіла сына. Дакумэнты на атрыманьне віду на жыхарства ў Швэцыі падавала двойчы: пасьля шлюбу і нараджэньня дзіцяці. У канцы студзеня 2013 году стала вядома, што ўлады Швэцыі адмовілі ёй у атрыманьні віду на жыхарства і прынялі рашэньне аб яе дэпартацыі бяз права на абскарджваньне.

6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швэцыі забралі ў Класкоўскай малое дзіця ў сувязі з тым, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна ня можа забясьпечыць сыну нармальныя ўмовы пражываньня. 8 лютага Класкоўская з адвакатам сустракалася з прадстаўніком сацслужбаў, які паведаміў, што дзіця перададзена бацьку. Дачка Класкоўскай Міраслава па рашэньні швэдзкіх уладаў таксама падлягала дэпартацыі і цяпер знаходзіцца ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG