Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Вольгі Класкоўскай: Муж выганяў яе з дому з малым дзіцем


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

У жніўні ў сталіцы Швэцыі Стакгольме працягнецца суд над беларускай Вольгай Класкоўскай, якую абвінавацілі ў замаху на жыцьцё мужа, швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Бэзгіна.

Пракурор патрабуе Вользе Класкоўскай пакараньня ў 8 гадоў зьняволеньня. Маці Вольгі Класкоўскай, Людміла Класкоўская, заявіла «Свабодзе», што зьбіраецца паехаць на суд, каб выступіць там сьведкай. Людміла Класкоўская адказала на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.

— Калі вас дапусьцяць да суду ў якасьці сьведкі, пра што вы зьбіраецеся апавесьці швэдзкаму суду?

— Найперш пра тое, што дачка выйшла за Гёкая Бэзгіна па каханьні і спачатку была вельмі шчасьлівая. І ён быў кахаў яе, мне нават ягоныя бацькі казалі, што ня думалі, што іх сын калісьці ажэніцца. Яны распавядалі, што ў яго было шмат знаёмстваў, раней ён жыў з жанчынамі ў грамадзянскім шлюбе, але ажаніўся толькі з Вольгай. Спачатку яны жылі ў сапраўдным каханьні, і яна ўсё рабіла, каб зьберагчы гэтае каханьне. Праблемы пачаліся, калі яна зацяжарала і вырашыла нарадзіць дзіця, а ён быў катэгарычна супраць і дамагаўся ад яе, каб зрабіла аборт. Яна мне пісала, што ёсьць яшчэ час для аборту, але яна хоча раджаць, бо ўжо 30 гадоў і паміж яе першым дзіцем і гэтым будзе 10 гадоў. Але муж быў супраць, і гэта спрычынілася да іх далейшага разладу. Ужо цяжарная на значным тэрміне яна прыяжджала да мяне ў Менск і распавядала, што часам муж вельмі агрэсіўны. Вольга зьвязвала гэта з тым, што ён прымаў антыдэпрэсанты. Казала, што нават часам падымае на яе руку. Але спадзявалася, што пасьля нараджэньня дзіцяці ўсё ў іх будзе добра, што дзіця прынясе ім абаім шчасьце.

— Што, паводле вашых зьвестак, Вольга рабіла, каб захаваць шлюб?
Ёй нават даводзілася начаваць на падсьцілцы ў пад’езьдзе

— Калі нарадзілася дзіця, нічога не зьмянілася ў сэнсе стаўленьня мужа да яе. Гёкай працягваў прымаць псыхатропныя лекі і часам рабіўся вельмі агрэсіўны. Я сама гэта бачыла, калі ў іх гасьцявала. Раніцай мог быць добры, а ўжо ўвечары — злы, ці наадварот. І адносіны працягвалі пагаршацца. Але яна трымалася. Па-першае, яна не разводзілася, трывала, паводзіла сябе зь ім прыстойна. Прыкладам, я зьдзівілася, калі ў іх была, што яна размаўляе зь ім напаўголасу. На стале ўсё было. Ён сам дзівіўся, як яна добра гатуе, казаў, што швэдкі так хатняй гаспадаркай не займаюцца. А яна гатавала яму і баршчы, і другое, мыла, прыбірала, у хаце было чыста і акуратна. Я гэта сама бачыла. Яна яму дагаджала. Ён жа чалавек усходні, мусульманін, гарачы, а яна яму спрабавала дагадзіць. Я яшчэ запытала ў яе, няўжо гэтак яна будзе дагаджаць усё жыцьцё, хадзіць перад ім на цырлах? Яна адказала, што трэба цярпець, бо ёсьць сын, ёсьць дачка Міра, і ўсё павінна быць добра. Пры гэтым Вольга распавядала, што раней муж выганяў яе з кватэры з малым дзіцем у вазку, ёй нават даводзілася начаваць на падсьцілцы ў пад’езьдзе. Потым пры ягонай маці Гёкай асабіста абяцаў мне, што такога больш не паўторыцца. Але вось як выйшла…

— А што вам вядома пра той пэрыяд, калі ў дачкі забралі дзіця? Ці праўда, што яна мусіла прасіць у мужа дазволу, каб пабачыцца з сынам?

— Дзіця забралі 5 лютага. Гэта быў стрэс! Яна мне адразу патэлефанавала і сказала: „Мама, гэта канец. У мяне забралі дзіця“. А дзіця забралі пасьля таго, як ён паведаміў у паліцыю і сацыяльную службу, што яна не павінна адна выхоўваць, бо ня ў стане, бо жыве на арандаванай кватэры і ў яе няма грамадзянства ці віду на жыхарства. Прыехала паліцыя і сацыяльная служба. Яна паведаміла пазьней, што дзіця вырывалі з рук на вачах Міраславы. Потым ужо ў Менску Міраслава распавяла, што маці ляжала на падлозе, не магла доўга апрытомнець, але яе скруцілі і павезьлі на псыхічную экспэртызу. Але экспэртыза ў той жа дзень, празь некалькі гадзін, яе адпусьціла, не знайшоўшы ніякіх адхіленьняў, не знайшоўшы ў крыві ані алькаголю, ані нейкіх лекаў.

А далей пачалося пекла, як для яе, гэтак і для мяне. Яна пачала змагацца за гэтае дзіця, але сацыяльныя службы вырашылі, што дзіця павінна заставацца з татам. Між тым як яны не былі разьведзеныя, суду не было і правы на дзіця былі роўныя.

— Што вам вядома пра сам інцыдэнт, калі Вольга, паводле сьледзтва, зрабіла замах на мужа?

— Напярэдадні яна скінула мне СМС, дзе напісала, што ня можа так далей жыць. Ёй патэлефанавалі з адкрытага нумару, і яна чула голас сына Адэма, што той сьмяяўся і пачаў трохі казаць „мама“. Што ў яе сэрца разрываецца. Вось з гэтага пачалася эпапэя, бо гэтак ён пачаў яе выклікаць на спатканьне. І ў апошняй СМС яна напісала, што ня можа трываць без Адэма, сэрца спыняецца, яна паедзе, а далей „будзе што будзе“. Я пачала яе адгаворваць, каб ня ехала, бо адчувала, што ня проста так ён становіцца добрым. Пра сам інцыдэнт я даведалася з інтэрнэту. А яна пазваніла і пасьпела сказаць, што ўсё дрэнна заканчваецца і хутка тут будзе паліцыя.

— Гёкай Бэзгін кажа, што яна нанесла яму нажом раненьні, ваша дачка Вольга кажа, што ён сам парэзаўся. У якую вэрсію вы верыце?
Ён заблякаваў дзьверы, замяніў замкі і трымаў яе там 7 сутак

— Мяркую, ён плянаваў гэтую правакацыю, бо разумеў, што яна будзе да канца змагацца за дзіця і пасьля разводу нейкія правы на сына да яе пяройдуць. Яна званіла мне пасьля першага паседжаньня суду, і, паводле яе словаў, у экспэртызе напісана, што раны, якія мае Гёкай Бэзгін, ён мог нанесьці сабе сам. У яго чатыры парэзы, якія не нясуць пагрозы для жыцьця і здароўя. А на нажы, дзе ёсьць ягоная кроў, няма адбіткаў пальцаў Вольгі. Але пракурор заняў іншую пазыцыю і лічыць, што пагроза жыцьцю была — то бок ён не прызнае мэдычную экспэртызу. А яшчэ на судзе сам Гёкай Бэзгін сказаў, што ў Вольгі не было матыву яго забіваць. І я ў гэта ня веру. Дзеля чаго ёй было гэта рабіць? Дзьверы ў кватэру былі заблякаваныя. Яна сама б адтуль ня выйшла без дапамогі, бо ключоў у яе не было. Паліцыя прызнала, што дзьверы былі зачыненыя. Ён заблякаваў дзьверы, замяніў замкі і трымаў яе там 7 сутак. Пры гэтым сам езьдзіў на працу і вяртаўся, а яна сядзела зь дзіцем там і нікуды не выходзіла. Яна мне адтуль скідвала СМС, што яна ня можа выйсьці, але бачыць тут Адэма. Што ім там з сынам добра, а дачка Міраслава пакуль у сяброў, таму, мамачка, не хвалюйся. Ня думаю, што дачка б накінулася на двухмэтровага мужчыну, прафэсійнага ахоўніка, і ён бы дазволіў сябе рэзаць зусім невялікай маладой жанчыне.

— У судзе фігуравала, што яны напярэдадні пілі піва, але ён выпіў меней за яе. Якія ў яе адносіны з алькаголем?

— Нейкіх асаблівых адносінаў з алькаголем Вольга ня мае, і ня думаю, што нешта зьмянілася прынцыпова ў Швэцыі. Прыкладам, калі я была ў іх у гасьцях, то ён на нас траіх адкрыў бутэльку віна, і на гэтым скончылася. Ня думаю, што яна настолькі страціла пільнасьць, што шмат там выпіла. Яна ж разумела, што яе могуць падставіць. Увогуле, моцных напояў Вольга не ўжывае, але піва іншы раз магла сабе дазволіць. Але заўважу, што калі мы зь ім сядзелі за сталом, то кіраваў парадам ён. Жанчына ў гэтым сэнсе ў сям’і з мусульманінам ня можа гэта вырашаць. Ён прапаноўваў, выпівалі па келіху, і ўсё заканчвалася. Пры ім яна вяла сябе вельмі стрымана. Ня думаю, што ў становішчы заблякаванай у кватэры яна напілася. Яна была заўсёды гатовая да нечаканага, бо разумела, куды трапіла. Яна сама мне пісала, што „пойдзе, але трэба быць вельмі-вельмі асьцярожнай, бо ад гэтага чалавека можна чакаць усяго“. Ня думаю, што яна страціла пільнасьць.

— На які дзень прызначаны працяг працэсу?

— На 13 жніўня. А пакуль Вольга праходзіць псыхіятрычную экспэртызу. Паводле яе, гэта звычайная працэдура, якую праводзяць адносна ўсіх, хто праходзіць па такім артыкуле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG