Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія пяць гадоў у Беларусі расстраляныя ня менш як чатырнаццаць чалавек. Сёлета да сьмяротнага пакараньня прысуджаныя яшчэ трое грамадзян, якія ўчынілі асабліва жорсткія забойствы. Паводле апублікаваных зьвестак, усе тры выракі пакуль ня выкананыя.

Маці забойцы: «Усё аддала б, каб мой хлопчык застаўся жыць»

Жанчына, якая днямі патэлефанавала да нас у рэдакцыю, — маці аднаго з гэтых траіх. Яна спадзяецца на цуд памілаваньня і кажа, што аддала б ўсё, толькі б сыну замянілі «вышку» на пажыцьцёвае.



Наша праграма — не судзілішча. Пакуль Вярхоўны суд ня вынес канчатковага рашэньня па гэтай справе, я наўмысна ня буду спыняцца на імёнах, геаграфіі, дэталях трагедыі. Адзначу толькі, што забойствы, якія ўчыніў з прычыны рэўнасьці гэты малады чалавек, крыміналісты клясыфікуюць як асабліва вычварэнскія ды садысцкія. Тое, што маці ўсяляк спрабуе апраўдаць сына ды любым чынам выратаваць яму жыцьцё, зусім ня ўзгадваючы пра забітых ды іхніх сваякоў, мае тлумачэньне.

Паводле псыхолягаў, у такія экстрэмальныя моманты ў жанчыне-маці абсалютна натуральна гаворыць найперш біялягічная, а не сацыяльная істота з уласьцівым ёй інстынктам захаваньня роду. Усьведамленьне, якое прыйдзе да яе пазьней, ужо ў постшокавай сытуацыі стане сапраўдным і вельмі цяжкім выпрабаваньнем і фізычна, і псыхалягічна, і сацыяльна. Як дапамагчы такім людзям — ані дзяржава, ані грамадзтва адказу ня маюць.

Тым часам у горадзе, дзе летась здарылася гэтая жудасная падзея, і дагэтуль ня могуць забыцца пра яе. Вось як адказалі мінакі на пытаньні нашай праграмы: якое пакараньне трэба ўжываць за падобныя злачынствы? Ці варта працягваць расстрэлы або лепш замяніць іх пажыцьцёвай турмой ці нейкім іншым пакараньнем? Ці схільныя такія людзі ў выпадку адмены «вышкі» да раскаяньня і выпраўленьня?



Як вынікае з апытаньня, пераважная большасьць яго ўдзельнікаў настроеная рашуча. Адзін з апытаных праз нашу праграму нават зьвярнуўся да прэзыдэнта Лукашэнкі: маўляў, калі той адменіць сьмяротнае пакараньне, будзе «пратэставаць да апошняй кроплі крыві».

Праваабаронца: «Сваякі злачынцаў мала зважаюць на адчуваньні родных забітых»


Раман Юргель

Раман Юргель

Праціўніку сьмяротнага пакараньня, экспэрту праваабарончай арганізацыі «Плятформа» гарадзенцу Раману Юргелю час ад часу даводзіцца кантактаваць са сваякамі асуджаных на расстрэл. Вось і нядаўна да Рамана зьвярнулася па падтрымку маці сьмяротніка, які цяпер утрымліваецца ў гарадзенскай турме. Год таму ў адным з інтэрнатаў гэтага гораду былы студэнт адрэзаў галаву ахвяры, выварыў і насіў чэрап у сумцы, пакуль ня быў затрыманы. Сёлета ў чэрвені ў Гарадзенскім абласным судзе быў вынесены сьмяротны прысуд — дарэчы, чацьвёрты за апошні час у горадзе. Гаварыць пра нейкія падрабязнасьці да вынясеньня заключнага рашэньня Вярхоўнага суду Раман адмовіўся. Аднак агульнымі ўражаньнямі ад кантактаў са «сьмяротнікамі» ды іх сваякамі падзяліўся:

Юргель: «Блізкія злачынцаў, якія асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, яны вельмі перажываюць за сьмяротныя прысуды, што адхілена хадайніцтва аб памілаваньні. Вельмі перажываюць, што расстраляныя іхнія сваякі, што не выдаюць ім цела, ня кажуць пра сапраўдны дзень расстрэлу. Яны ў такім шоку, у ступары».

«Сваякі злачынцаў пры гэтым мала зважаюць на тое, што адчуваюць родныя забітых», — кажа Раман Юргель, зыходзячы з уласнага досьведу кантактаў з блізкімі расстраляных. Што да адчуваньняў ад сустрэчаў з самімі сьмяротнікамі...

Юргель: «Паводле назіраньняў, гэтыя людзі самыя розныя. Ёсьць такія, што й не прызнаюць нават сваю віну, змагаюцца да канца. Некаторыя нават вельмі агрэсіўна рэагуюць. Тут усё залежыць ад псыхатыпу чалавека».

Былы начальнік «Валадаркі»: «Цяпер я б нізавошта не пагадзіўся ўдзельнічаць у расстрэле»

Як сьведчыць палкоўнік Алег Алкаеў, асуджаныя на сьмерць нават усьведамляючы ўсю цяжкасьць зьдзейсьненага імі злачынства, у вельмі рэдкіх выпадках адмаўляюцца абскарджваць прысуд і разам са сваімі блізкімі змагаюцца за жыцьцё да канца нават пры бязьдзейнасьці адваката. Як кіраўнік расстрэльнай каманды (1996–2001) Алкаеў, паводле ягоных сьведчаньняў, меў дачыненьне да выкананьня 134 выракаў. Псыхалягічна яшчэ найцяжэйшымі за расстрэлы былі для яго сустрэчы са сваякамі сьмяротнікаў, асабліва зь іхнімі маці.

«У жанчын здараліся гістэрыкі, непрытомнасьць, — узгадвае былы начальнік самай вядомай беларускай турмы. — Таксама зь іх вуснаў гучалі самыя розныя недарэчныя прапановы. Напрыклад, адна маці прапаноўвала грошы за імітацыю
Алег Алкаеў

Алег Алкаеў

расстрэлу і інфармацыю пра месцазнаходжаньне магілы, каб потым выкапаць яго і вывезьці з краіны... Другая маці, якая не апраўдвала сына-забойцу, настойвала на расстрэле ягоных саўдзельнікаў, якія былі асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне».

«Што да саміх сьмяротнікаў, — працягвае палкоўнік Алкаеў, — то некаторыя ў надзеі на выратаваньне пачыналі актыўна «здаваць змоўшчыкаў», пры гэтым прымяншаючы сваю віну. Іншыя ўсяляк ціснулі на сваякоў, патрабуючы дамагацца сустрэчы з прэзыдэнтам, Філарэтам ці папам Рымскім...Падчас сустрэчы са сьвятаром, яны спрабавалі зрабіць яго аб’ектам маніпуляцыі. Сьвятар чакае ад яго споведзі, а той дзьве гадзіны запар пераконвае яго, што забойства не рабіў, Замест словаў пакаяньня гучаць патрабаваньні, маўляў, патрыярх павінен напісаць хадайніцтва аб памілаваньні... Былі таксама тыя, хто прыходзіў у турме да сапраўднай веры. Яны насамрэч раскайваліся і перад выкананьнем прысуду паводзілі сабе годна. На маёй памяці такіх было ўсяго некалькі чалавек»...

Былы кіраўнік расстрэльнай каманды сёньня, як і гарадзенскі праваабаронца, — праціўнік сьмяротнага пакараньня. Па сутнасьці, ён і раней ставіўся да яго як да неабходнага зла.

«Цяпер я б нізавошта не пагадзіўся ўдзельнічаць у расстрэле», — кажа Алег Алкаеў.

Сьвятар: «Царква павінна ісьці да гэтых людзей»

Андрэй Крот

Андрэй Крот

З тым, што асуджаныя на сьмерць злачынцы вельмі рэдка схільныя да раскаяньня, пагаджаецца і грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні айцец Андрэй Крот. Як турэмнаму капэляну яму неаднойчы даводзілася сустракацца з тымі, хто ўчыняў забойствы.

Крот: «Я скажу са свайго досьведу працы са зьняволенымі: забойцы — гэта вельмі шырокая катэгорыя. Тыя людзі, для якіх забойства было несплянаваным, яны выказваюць жаль і пакаяньне. Тыя, хто нейкім чынам плянаваў гэтае забойства, зрабіў забойства з карысьлівасьці, — не заўсёды ў іх ёсьць раскаяньне, усьведамленьне, што яны зрабілі нешта дрэннае.

Але царква, зь іншага боку, павінна да гэтых людзей ісьці. Бо чалавек — гэта непрадказальная істота. Той, хто, можа, сёньня й не раскайваецца ў тым, што зрабіў, заўтра можа раскаяцца. І нават той чалавек, які сёньня не ўсьведамляе ўсяго цяжару свайго ўчынку, пасьля размовы са сьвятаром можа зьмяніць сваё стаўленьне».

Прыгавораны: «Расстрэл здаваўся ўсім лепшым выйсьцем»

«Забойцам пры пэўных абставінах можа стаць кожны», — так лічыць маскоўскі карэспандэнт лёнданскай The Sunday Times Марк Франкецьці. Разам з брытанскім рэжысэрам Нікам Рыдам ён правёў 3 тыдні ў адной з самых строгіх расейскіх калёніяў «Чорны беркут» на Ўрале, дзе яшчэ з савецкіх часоў адбываюць пакараньне сэрыйныя забойцы. Спачатку іх былі асудзілі на расстрэл, аднак пасьля 1998 году, калі Расея абвясьціла мараторый на сьмяротнае пакараньне, «вышку» замянілі на пажыцьцёвае. У калёніі Франкецьці і Рыд зьнялі дакумэнтальны фільм «Прыгавораныя» (The Condemned), які сёлета ў чэрвені дэманстраваўся на кінафэстывалі ў Маскве, а бліжэйшым часам будзе прадстаўлены на іншых міжнародных кінафорумах. Аўтары фільму распавядаюць ня столькі пра злачынствы, колькі пра тое, як зьмяняецца сьвядомасьць чалавека, калі ён на працягу дзясяткаў гадоў 23 гадзіны ў суткі праводзіць у маленечкай камэры памерам 4 квадратныя мэтры: ці раскайваюцца гэтыя людзі ва ўчыненым, ці прынесла ім нейкія пазытыўныя імпульсы ды надзеі тое, што лёс дапамог пазьбегнуць расстрэлу...



Што да раскаяньня, то яго няма, кажа адзін з герояў фільму, 62-гадовы Уладзімер Ярамееў:

«Вось я забіў. Пра раскаяньне ня можа быць аніякай гаворкі. Ды якога раскаяньня можна чакаць ад нашай катэгорыі — забойцаў, садзюгаў, тых, хто забіў не аднаго, а некалькіх — дзяцей, жанчын... Што хтосьці тут будзе каяцца? Ніхто ня каецца і не выпраўляецца. Потым, пасьля вызваленьня, чалавек можа жыць нармальна... Але гэта не раскаяньне. Я разумею раскаяньне — калі ты жыць ня можаш, узяў вяроўку і павесіўся... Каяцца ўсе будзем перад Богам. На тым сьвеце».

У выніку некалькіх прысудаў Ерамееў, які калісьці належаў да арганізаванай злачыннай групоўкі ў Нефцеюганску, адседзеў ужо 40 гадоў. За ім чатыры забойствы. Да 1998 году чакаў расстрэлу.

Ерамееў: «Памятаю, як адмянілі расстрэл і як гэта стала самым цяжкім
Ніхто ня каецца і не выпраўляецца
пэрыядам для нашай камэры сьмяротнікаў. Адчынілася акенца, празь якое перадаюць паперы І вось чалавеку падаюць прэзыдэнцкі загад аб замене. Празь пяць хвілін чалавек павесіўся. Другі павесіўся праз чатыры дні на трусах. Трэці проста ўзяў ды пракалоў сабе сэрца. Расстрэл здаваўся ўсім як найлепшае выйсьце — ляп, і цябе няма. Аніякіх мук ды перажываньняў».

Уладзімер Ерамееў — адзін з шасьці галоўных герояў фільму «Прыгавораныя».

Вось што кажа пра гэтую працу журналіст і прадусар Марк Франкецьці:

Прыгавораны: «Забіўшы аднойчы, заб’еш двойчы»

«Галоўным для нас было расказаць без усялякага голасу за кадрам, толькі вуснамі саміх сядзельцаў пра тое, што яны за людзі. Крытэрам адбору герояў была іх шчырасьць і неардынарнасьць. Мы адразу адмовіліся ад тых, хто імкнуўся апраўдваць сябе і казаў, што ні ў чым не вінаваты. Нашы героі — людзі, якія да таго, як усё здарылася, былі цалкам нармальнымі. Але вось гэта здарылася. І ў гэтым увесь жах — забіць можа кожны... Я так лічу. Адзін з нашых герояў — зьняволены, які забіў 6 чалавек падчас вячэры зь вялікай колькасьцю алькаголю. Момант зьдзяйсьненьня злачынства ён нават ня памятае. Я спытаўся ў яго, ці лічыць ён сябе небясьпечным для грамадзтва, і ён адказаў: «Так. Больш за тое, я ўпэўнены ў гэтым. Вось я бачу, як на волі людзі жывуць прыгожа, і мне самому захочацца жыць прыгожа. Паколькі я ніколі ў жыцьці не працаваў, я змагу на волі ад сілы месяц-два-тры пасьля ўладкаваньня на працу папрацаваць. А потым пачну красьці тое, што кепска ляжыць, а можа, нап’юся ды заб’ю каго. Калі забіў аднойчы, заб’еш двойчы».

Псыхіятар: «Самыя розныя забароненыя фантазіі прыходзяць і да нармальных людзей»


«Пераважная большасьць самых жорсткіх злачынстваў зьдзяйсьняецца псыхічна нармальнымі людзьмі», — такога меркаваньня прытрымліваўся нядаўна памерлы растоўскі клінічны псыхіятар, экспэрт па сэрыйных забойцах, прафэсар Аляксандар Буханоўскі. Сярод калегаў, у тым ліку і на Захадзе, ягонае імя зьвязанае з псыхалягічным партрэтам маньяка Чыкацілы, дзякуючы чаму мясцовыя міліцыянты і выйшлі на сьлед гэтага злачынцы.

У сваім сьцьвярджэнньні прафэсар Буханоўскі ідзе ад вучэньняўі вядомых псыхааналітыкаў Карла Густава Юнга і Зыгмунда Фройда: фантазіі шэрагу вычварэнцаў дзіўным чынам супадаюць зь міталягічнымі касмагоніямі старажытных народаў. То бок сучасныя нэўротыкі ў сваіх паводзінах набліжаюцца да першабытнага чалавека: забойствы, расчляненьні цела ворага, канібалізм, інцэст. Як лічаць псыхааналітыкі, з калектыўнай падсьвядомасьці да любога нармальнага чалавека прыходзяць самыя розныя забароненыя фантазіі, зьвязаныя з сэксам ды гвалтам. Аднак закладзеныя ў сьвядомасьці большасьці людзей маральныя нормы, сацыяльныя табу і самакантроль не дазваляюць іх рэалізаваць. Калі ж такія мэханізмы не спрацоўваюць, трэба казаць пра псыхічныя расстройствы. У рэдкіх выпадках — пра глыбінныя псыхічныя хваробы. Апошняе сярод цяжкіх злачынцаў назіраецца вельмі і вельмі рэдка.

Псыхоляг «Чалавек нараджаецца з пачуцьцём непаўнавартасьці»

Дацэнт катэдры экспэрымэнтальнай і прыкладной псыхалёгіі гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Прудзіла, разважаючы пра псыхалягічныя прычыны злачынстваў, узгадвае, як у Горадні адбываліся збройныя напады на людзей. Завадатарам выявіўся сын чыноўніка з аблвыканкаму.

Прудзіла: «Але псыхіятры прызналі сынка, які з самаробнага пісталета страляў ноччу ў звычайных людзей, нармальным. Жорсткасьць ішла зь сям’і, ад бацькі. Той быў зьверам, ціснуў, зьневажаў падначаленых. І пэўны тып выхаваньня кампэнсаваўся на сыну. Бацьку ж таксама „дзерлі“ былыя начальнікі, цяпер
Не прабіўшыся ў Напалеоны, такія пачынаюць страляць на вуліцы
нябожчыкі, імёнамі якіх сёньня вуліцы паназывалі. А скончылася тым, што такі вырас сынулька. У іх комплекс непаўнавартасьці, а комплекс непаўнавартасьці кампэнсуецца толькі комплексам перавагі. Як пісаў псыхааналітык Альфрэд Адлер, чалавек з комплексамі непаўнавартасьці і перавагі — ён спаць ня ляжа, калі аб кагосьці цягам дня ня выцер ногі. Не прабіўшыся ў Напалеоны, такія або цішком страляюць ноччу, або заяўляюць, што я вышэйшы за вас, а вы ўсе вырадкі, таму што вы калісьці мяне недаацанілі, і пачынаюць страляць на вуліцы — вось гэтыя „банальныя“ амэрыканскія прыклады».

Аляксандар Прудзіла тлумачыць:

«Ува ўсіх нас ёсьць пачуцьцё непаўнавартасьці, мы зь ім нараджаемся. Але калі яго замацаваць, пастаянна гаварыць — ты дурны, ты крывы, — то тады пачуцьцё непаўнавартасьці любога чалавека можа перарасьці ў комплекс. А комплекс — гэта ўжо фактычна нэўратычны стан, які кампэнсуецца толькі комплексам перавагі. Якім чынам — гэта ўжо няважна. Альбо гэта будзе такі ціхі „Чыкаціла“, альбо такія прыдуркі, гарадзенскі ці менскі. Ну вось чаго ён галаву насіў? Таму што гэтая галава была разумнейшая, ён так лічыў...»

Паводле расейскага псыхіятра Аляксандра Буханоўскага, які яшчэ гадоў 25 таму прадказаў цяперашні ўсплёск садызму на постсавецкай прасторы сярод народжаных у няпростыя 1990-я, разьвязаць праблему барацьбы з сэрыйнымі
Вычварэнствы — гэта ня толькі праблема крыміналістаў ці псыхатэрапэўтаў
злачынцамі-маньякамі ні шляхам расстрэлу, ні пажыцьцёвай ізаляцыі немагчыма.

«Рознага кшталту вычварэнствы — гэта ня толькі праблема крыміналістаў ці псыхатэрапэўтаў. Тут шмат што залежыць ад выхаваўчага працэсу ў сям’і, грамадзтве і нават самога зачацьця... Увогуле пра нашчадкаў павінны былі паклапаціцца яшчэ бабулі і дзядулі, якім трэба было гарманічна выхоўваць бацькоў, аддаваць ім дастаткова ўвагі, гадаваць іх у любові, вучыць будаваць адносіны зь людзьмі. Кожны недагляд абавязкова адаб’ецца на разьвіцьці дзіцяці і яго характары», — гаварыў у адным зь інтэрвію растоўскі прафэсар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG