Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» падалі заяўку ў Менгарывканкам на правядзеньне шэсьця і мітынгу пратэсту.

Заяўку падпісалі намесьніца старшыні «Пэрспэктывы» Вольга Круміна, сябра рады Жана Пілюга, актывісты Вячаслаў Піліпук і Ірына Залеўская.

Удзельнікі акцыі плянуюць 15 ліпеня а 12-й гадзіне сабрацца на пляцоўцы ля Акадэміі навук і па вуліцы Сурганава рушыць да парку «Дружбы народаў», дзе пройдзе мітынг.

Вольга Круміна сказала карэспандэнту Свабоды, што пакуль улады не пайшлі на саступкі прадпрымальнікам:

«Саступак ад уладаў няма ніякіх. Ні на мілімэтар. Таму мы працягваем змагацца. Мы спадзяёмся, што расейскі бок на пасяджэньні Эўразійскай эканамічнай камісіі 2 ліпеня ўключыць у парадак дня пытаньне аб падаўжэньні пераходнага пэрыяду да 1 ліпеня 2014 году. Для нас важна ўнясеньне ў парадак дня пытаньня з нашай фармулёўкай».

Яна таксама апавяла, што арыштаванага на 5 сутак лідэра «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанку павінны вызваліць 2 ліпеня а 12:30. Яго затрымалі ў Менску падчас страйку прадпрымальнікаў 27 чэрвеня і абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі.

Пратэсты прадпрымальнікаў выкліканыя плянамі ўвядзеньнем тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу, які паставіць іх на мяжу выжываньня.

Суб’екты гаспадараньня абавязаныя афармляць сэртыфікаты якасьці на тавары лёгкай прамысловасьці. Працэдура расьцягваецца ў часе, а таксама вымагае значных матэрыяльных выдаткаў. Гандляры заявілі пра адмову фінансаваць чарговы сумнеўны праект і прыгразілі масавым непадпарадкаваньнем. Таксама яны заявілі пра збор подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG