Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі — супраць Мытнага саюза


Пусты рынак «Ждановічы» ў Менску
Пусты рынак «Ждановічы» ў Менску

27 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшоў папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі ўмовамі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу.

Рэчавыя рынкі часткова ці цалкам не працавалі практычна ўва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Баранавічах, Полацку, Касьцюковічах ды іншых гарадах.

Найбольш маштабным пратэст быў у Менску — акцыю падтрымалі Чэрвеньскі рынак, гандлёвыя цэнтры «Паркінг», «Люстэрка», «Манетка», «Уручча», шапікі на тэрыторыі, прылеглай да гіпэрмаркету «Бігз», на стадыёне «Дынама». Эпіцэнтрам прадпрымальніцкага незадавальненьня стаў рынак «Ждановічы», дзе агулам спынілі працу блізу паўтары тысячы павільёнаў. У ходзе акцыі затрымалі лідэра аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку і шэраг незалежных журналістаў. Сярод апошніх быў і наш карэспандэнт Ігар Карней.

Масавасьць акцыі зьдзівіла нават ініцыятараў яе правядзеньня. Зрэшты, як сказаў з прыступак гандлёвага цэнтру «Сьвет моды-1» на рынку ў Ждановічах адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, новыя ўмовы гандлю, якія сталіся вынікам сяброўства Беларусі ў Мытным зьвязе, тычацца занадта вялікай колькасьці людзей, каб рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Найперш нараканьні выклікае тэхнічны рэглямэнт, які ўступае ў сілу 1 ліпеня і тычыцца перадусім рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасьці:

Анатоль Шумчанка прамаўляе на ждановіцкім рынку
Анатоль Шумчанка прамаўляе на ждановіцкім рынку
«Тэхнічны рэглямэнт — гэта рашэньне беларускага боку, ініцыятар — Расея. Беларускі бок у 2011 годзе зьняў з нас усе патрабаваньні: мы працавалі спакойна, пакуль ня ўляпаліся ў гэты Мытны зьвяз. Як толькі ўляпаліся — так і панеслася. Дарэчы, ініцыятарам палажэньня была Расея, распрацоўваў Казахстан, а пакутуюць беларусы. Вось вам і закулісьсе Мытнага зьвязу. Паколькі ў іх ніякія законы ня дзейнічаюць, там сапраўдны бардак. Таму яны папросту не зьвяртаюць увагі на такіх, як мы. Адзіны выхад — гэта вывесьці прадпрымальнікаў розьнічнага гандлю з-пад дзеяньня дадзенага тэхнічнага рэглямэнту.

Хай яны, краіны Мытнага зьвязу, ствараюць агульныя органы правапарадку, хай яны на межах агульнага рынку Расеі і Казахстану ловяць сваіх кантрабандыстаў, глядзяць, каб у іх былі гэтыя маркі, каб захоўвалася якасьць. Хай у стэпах Казахстану і на Далёкім Усходзе ўсё гэта робяць. Але мы не павінны цярпець з-за таго, што яны напісалі законы (у сябе не выконваюць — плюнулі), і мы тут давай, танцуй. Пад пагрозу нацыянальны бізнэс паставілі, перавярнуўшы ўсё з ног на галаву».

Прысутная на акцыі начальніца аддзелу гандлю Цэнтральнага раёну Менску Натальля Хмяльніцкая спрабавала суцішыць натоўп — маўляў, ня варта нэрвавацца, бо як мінімум бліжэйшы год гандаль будзе весьціся ў ранейшым рэжыме. Нават узьнікла прапанова сустрэцца на гэтым жа месцы 28 чэрвеня, каб узгадніць пазыцыі ў прысутнасьці прадстаўнікоў падатковых органаў, міністэрстваў гандлю і эканомікі. Народ слухаў да пары:

«У мэтах забесьпячэньня бязбольнага пераходу да працы паводле новых правілаў пастановай прадугледжаны пераходны пэрыяд. Індывідуальным прадпрымальнікам, платнікам адзінага падатку (на сёньняшні дзень у Беларусі гэта парадку 98 тысяч) да 1 ліпеня 2014 году пры розьнічнай рэалізацыі тавараў вызначаны спрошчаны парадак пацьвярджэньня бясьпекі і якасьці тавараў, якія рэалізуюцца. Напрыклад, вам дазволена выкарыстоўваць нацыянальныя сэртыфікаты адпаведнасьці (незадаволены сьвіст, воклічы: „Якія сэртыфікаты?“, „Дзе іх узяць?“, „Вы нам іх выдадзіце ці хто іншы?“) дзяржаў-сябраў Мытнага зьвязу…»

Незадаволенасьць прадпрымальнікаў патлумачыў Анатоль Шумчанка — маўляў, пастанова аб нібыта падаўжэньні тэрміну гандлю паводле ранейшых схемаў існуе толькі на словах:

«Паслухайце: вы ж пісьменны чалавек, чыноўнік, які працуе ва ўладзе. Не дэманструйце прылюдна хоць свой узровень. Гэтая пастанова не прайшла юрыдычнай экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі. Навошта вы нам яе зачытваеце?»

На падтрымку калегу прыйшоў Аляксандар Таўстыка. Ён безапэляцыйна заявіў: сёньня вырашаюцца ня столькі ўмовы тэхнічнага рэглямэнту, а тое, куды заўтра могуць рушыць незадаволеныя прадпрымальнікі:

Аляксандар Таўстыка на «Ждановічах»
Аляксандар Таўстыка на «Ждановічах»
«Як прадпрымальнік падтрымаю Шумчанку. Фактычна мы абмяркоўваем наступнае: альбо мы працуем на 1 ліпеня ў нармальных умовах, у гэтых будынках, альбо мы выходзім на Кастрычніцкую плошчу (воклічы з натоўпу — „Усё правільна!“). Вы хочаце зараз сказаць, што ў Пуціна ў Расеі чысты бізнэс, ня шэры, што там усе маюць сэртыфікаты? А з чым вы тады зараз прыйшлі да нас? Вы зараз прачыталі пра нейкія нацыянальныя сэртыфікаты. Мы зараз працуем у адзіным Мытным зьвязе. І мы ведаем, што цяпер ёсьць новы ўзор сэртыфікатаў для краінаў Мытнага зьвязу. А вы зноў павяртаеце нас да нейкага нацыянальнага сэртыфікату. Ідзіце пачытайце што-небудзь разам з Кабяковым».

Прадпрымальнікі абураныя, што беларускія ўлады традыцыйна ставяць іх перад фактам, не спрабуючы выпрацаваць агульную пазыцыю з тымі, каму ў новых умовах рэальна працаваць. Так, спадарыня Ніна кажа, што чыноўнікі заўсёды ўспрымаюць гандляроў як клясу, якая зусім ня ўпісваецца ў сыстэму пдянавай эканомікі. А таму і раіцца з дэструктыўнымі элемэнтамі не зьбіраецца:
За што мяне, маіх сяброў так караюць нашы чыноўнікі?

«За што мяне, маіх сяброў так караюць нашы чыноўнікі? Проста таму, што яны нас лічаць за быдла. Я калісьці гандлявала ў Расеі. Прыходзіць АБЭП, падатковая: добры дзень, вашы дакумэнты. Адказваю: дзяўчаты, я зь Беларусі. Яны перапытваюць: а вы заплацілі падаткі? Не, кажу. Давайце, маўляў, заплацім. Плачу па нашых грашах 50–100 тысяч рублёў — і працую далей. Няма праблемаў, да пабачэньня, усе міла разышліся. А нашы прыходзяць — я стаю, калачуся, у мяне дрыжыць голас, стаю перад імі навыцяжку. Пры тым, што гэта мая ўласнасьць, я на гэты тавар зарабляла ўсё жыцьцё, мне ж ніхто ня даў першапачатковага капіталу. Я б шмат чаго нагаварыла, але, на жаль, у нашай краіне лепей маўчаць…»

Пры канцы акцыі Анатоля Шумчанку запрасіў на гутарку намесьнік начальніка РАУС Цэнтральнага раёну сталіцы Шарамецьеў. Прадпрымальнік адмовіўся размаўляць зь міліцыянтам сам-насам, сказаўшы, што калі ёсьць намер яго затрымаць, то можна гэта зрабіць і прылюдна. Той адступіў. У суправаджэньні журналістаў Свабоды, «Народнай волі» і парталу Tut.by спадар Шумчанка даехаў да гандлёвага цэнтру «Паркінг», але пры пасадцы ў ліфт усіх затрымалі. Журналістаў пасьля дзьвюх гадзін ідэнтыфікацыі асобы ў Цэнтральным РУУС выпусьцілі, Шумчанку некалькі да вечара пратрымалі ў пастарунку, а пасьля ў закрытым рэжыме асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Тым часам 2 ліпеня ў Маскве адбудзецца паседжаньне Эўразійскай камісіі, на якую запрошаны пэрсанальна лідэр аб’яднаньня «Пэрспэктыва». У часе мерапрыемства павінны быць узьнятыя праблемы, якія хвалююць беларускіх прадпрымальнікаў, і акрэсьленыя крокі дзеля выпрацоўкі ўзаемапрымальных захадаў. Апроч таго, сёньня Шумчанку быў гатовы прыняць дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Мінэканомікі Аляксандар Груздоў, які абяцаў патлумачыць, якая будучыня чакае малы бізнэс. Першы раўнд перамоваў сарваны. Другі таксама пад пагрозай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG