Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

6 чэрвеня ў Беларусь прыбудзе група расейскіх рэкагнасцыроўшчыкаў на чале з галоўнакамандуючым ВПС Расіі. Яны зоймуцца падборам аэрадрому для дысьлякацыі расейскай авіяцыйнай базы.

Пра гэта заявіў сёньня міністар абароны Расіі Сяргей Шайгу на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску пасьля пасяджэньня Савета міністраў абароны краін СНД, паведамляе БелаПАН.

Паводле Шайгу, ён спадзяецца, што сёлета ў Беларусі ўжо зьявіцца расейская авіяцыйная камэндатура і ў хуткім часе — першыя самалёты, «якія будуць складовай часткай расейскай авіяцыйнай базы». Пасьля гэтай фразы Шайгу паправіўся: «Нашай сумеснай базы».

Ён зазначыў, што дасягнутыя дамоўленасьці паміж прэзыдэнтамі дзьвюх краін у сфэры ваеннага супрацоўніцтва выконваюцца, «не адбылося ніякіх кардынальных зьменаў, што выклікала б трывогу ў нас і нашых беларускіх калег».

Падчас свайго папярэдняга візыту ў Менск 23 красавіка Сяргей Шайгу падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб плянах па разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі да 2015 года расейскага авіяцыйнага палка, а таксама пра пастаўкі ў 2014 годзе чатырох дывізіёнаў зэнітных ракетных комплексаў С-300. Гэта заява выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю сярод беларускай апазыцыі.

Пазьней 26 красавіка кіраўнік Беларусі пракамэнтаваў паведамленьне расейскага міністра наступным чынам:

«Што тычыцца авіяцыйнай базы — можа, гэта прагучала як база. Не. Гаворка ідзе пра даставу ў нашы ўзброеныя сілы, у якой форме — мы будзем дамаўляцца. База гэта будзе ці мы ў існай частцы паставім расейскія самалёты-зьнішчальнікі. Гэтае пытаньне абмяркоўваецца».

Сёньня, выступаючы перад міністрамі абароны краін СНД Лукашэнка паставіў ім у прыклад беларуска-расейскае супрацоўніцтва ў вайсковай галіне:

«Мы практычна стварылі адзіную армію, і, калі не дай Бог што, мы тут абсалютна адзіныя і ведаем, што рабіць. Мы супрацоўнічаем такім чынам не адзін дзясятак гадоў, і ніякай незалежнасьці не страцілі. Прыкладам таму можа служыць стварэньне адзінага комплексу супрацьпаветранай абароны. Гэтая супраца падлягае яшчэ больш глыбокай інтэграцыі», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, ў беларусаў і расейцаў «адзін ад аднаго абсалютна няма ніякіх сакрэтаў».

«Нават калі ў нас чагосьці не хапае і штосьці не атрымліваецца, а вы ведаеце, і ў Расеі ёсьць праблемы, мы заўсёды патрабуем, каб Расея зьвяртала ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Мы просім і патрабуем ад іх даставы новых узбраеньняў, якія існуюць у расейскай арміі. Гэта дае нам права як раўнапраўнаму партнэру з нашымі братамі-расейцамі дзейнічаць у адзіным ключы. У нас адзіная абаронная прастора».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG