Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 перадачаў «Свабоды бяз гальштукаў». Вострыя тэмы з усьмешкай


2 траўня выйшла 50 перадача «Свабода бяз гальштукаў» – «Сёньня – база, заўтра – ядзерная зброя?», прысьвечаная плянам разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі. Мы зрабілі для вас 50 перадачаў за паўгода – ад 5 лістапада 2012 году да 2 траўня 2013 году.

Нагадаем, што відэатрансьляцыі «Свабоды бяз гальштукаў» адбываюцца ў жывым эфіры. Потым відэазапіс перадачы зьяўляецца і на сайце Свабоды і на старонцы «Свабоды» на Youtube, пазьней аўдыёзапіс перадачы гучыць у эфіры Свабоды.

Пераважная большасьць перадачаў «Свабода бяз гальштукаў» – найбольш чытаныя і камэнтаваныя на сайце Свабоды.

Найбольш праглядаў набрала адна зь першых перадачаў «Ці можна гаварыць пра прыватнае жыцьцё Лукашэнкі». Сярод найбольш папулярных былі перадачы – Садысткі пры ўладзе, Самалёт для прэзыдэнта (1 і 2 часткі), Пытаньнечка, Прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі. Тэатар аднаго актора?, А чаго б вы яшчэ хацелі ад Азаранкі?, Фэномэн Машэрава, Ці магчымая адстаўка Філарэта і Лукашэнкі?, Калі зьнікне беларуская мова?, Чаму ААН адмовіла Каваленку? Першая беларуская прэзыдэнтка, хто яна?, Як рэагаваць на драму Класкоўскай?. Вельмі папулярныя былі перадачы з удзелам зорак – Зьміцер Вайцюшкевіч на Свабодзе і Арцёмій Троіцкі на Свабодзе.

Мы выбіраем кантравэрсійныя, вострыя тэмы, але пры гэтым адбываецца лёгкая дыскусія. Гэтым «Свабода бяз гальштукаў» адрозьніваецца ад нашых традыцыйных аналітычных перадачаў «Экспэртызы Свабоды», «Праскага акцэнту» і «Зоны Свабоды». Мы таксама гаворым пра сур'ёзныя рэчы, але пры гэтым усьміхаемся і імкнемся шукаць нестандартныя павароты.

Перадача выходзіць у жывым эфіры і з Прагі і зь Менску, і гэта дае шырокія магчымасьці ўдзелу ў ёй самых розных людзей. Калі ў Менску вядучы Вячаслаў Ракіцкі мае магчымасьць запрасіць у студыю суразмоўцаў з усёй Беларусі, то ў праскую студыю могуць прыйсьці нашы калегі з усіх службаў Радыё Свабода, праскія беларусы, шматлікія госьці Радыё Свабода. Да таго ж відэасувязь праз скайп робіць даступным госьця зь любой краіны сьвету.

Найчасьцей вядуць «Свабоду бяз гальштукаў» Сяргей Навумчык, Вячаслаў Ракіцкі і Ганна Соўсь, а таксама Сяргей Абламейка, Аляксей Знаткевіч, Аляксандар Лукашук, Ян Максімюк і Алена Ціхановіч.

Нам вельмі важная ваша рэакцыя, слухачоў і гледачоў «Свабоды бяз гальштукаў», і вашыя прапановы – як удасканаліць перадачу, якія тэмы абмеркаваць. Вы можаце выказацца ў камэнтарах да розных перадачаў «Свабода бяз гальштукаў», а таксама можна напісаць вядучым, нашыя кантакты вы знойдзеце на сайце Свабоды.

Жывая трансьляцыя «Свабоды бяз гальштукаў» на сайце Свабоды – кожную сераду і чацьвер а 13 гадзіне паводле менскага часу.


XS
SM
MD
LG