Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая адстаўка Філарэта і Лукашэнкі?


Заява пра адстаўку Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI, які прызнаўся, што ня мае сілы выконваць абавязкі пантыфіка, ўзьняла шэраг пытаньняў у грамадзтве.

Ці пойдзе ў адстаўку 77-гадовы Мітрапаліт Філарэт, стан здароўя якога не дазваляе яму быць дастаткова актыўным? Хто пойдзе за прыкладам пантыфіка, які добраахвотна адмовіўся ад старажытнай традыцыі кіраваць да сьмерці? Што дае добраахвотная адстаўка? У тым, каб сказаць «Я сыходжу», як напрыклад, Барыс Ельцын, болей сілы ці слабасьці? І ці магчыма калі-небудзь, каб у адстаўку добраахвотна пайшоў Аляксандар Лукашэнка ці Ўладзімер Пуцін?

Гэта ды іншае ў «Свабодзе бяз гальштукаў» абмяркоўвалі Сяргей Абламейка і Ганна Соўсь і супрацоўнік рускай службы Радыё Свабода Андрэй Шары.



Фрагмэнты дыскусіі

Ганна Соўсь: Папы Рымскі Бэнэдыкт заявіў пра адстаўку. Дзеля дабра Царквы. І па прычыне сталага ўзросту. Апошні раз Папа Рымскі абвяшчаў аб сваёй добраахвотнай адстаўцы амаль 600 гадоў там. Як вы ацэньваеце заяву пра адстаўку Бэнэдыкта? Ня толькі як кіраўніка каталіцкага касьцёлу, але і як уплывовага сусьветнага лідэра?

Сяргей Абламейка: Я асабіста вельмі высока ацэньваю гэты крок Бэнэдыкта XVI з некалькіх пунктаў гледжаньня. З аднаго пункту гледжаньня ён манарх, у Эўропе некалькі манархіяў існуе, і з гэтага пункту гледжаньня Ватыкан хоць і не зусім звычайная, але манархія, і практыка адрачэньня існуе. Іншая справа для Ватыкану гэта незвычайная рэч. Але ў асабістым пляне гэта вельмі моцны крок. Я лічу, што Папа-інтэлектуал паказаў выдатны прыклад, як трэба захоўвацца чалавеку, не трымацца за ўладу, калі ён адчувае слабасьць. Ён сказаў пра гэта адкрыта. Па-мойму, бліскучы крок палітыка і гіерарха.

Андрэй Шары: Я гляджу на гэта крыху зь іншага пункту гледжаньня. Мне падаецца, што адстаўка Бэнэдыкта XVI — гэта сьведчаньне, што сьвет мяняецца, мы жывём ў сьвеце, які зьмяніўся. Калі такія арганізацыі, як каталіцкая царква парушаюць свае традыцыі, якім сьледавалі шмат стагоддзяў, калі пасьля 600 гадоў знаходжаньня Рымскіх Папаў на пасадах без адставак, гэта здараецца. Гэта значыць, што нават да такіх моцных арганізацый, як каталіцкая царква, даходзяць павевы, якія тычацца сыстэмаў кіраваньня найскладанай ватыканскай гаспадаркай, якая цяпер дае збоі. Зразумела, што адстаўка Папы Рымскага — гэта складаная сукупнасьць ягонага асабістага рашэньня і разуменьня таго, што праблемы Ватыкана, Рымскай каталіцкай царквы павінны вырашацца крыху іншымі спосабамі. І разуменьне таго, што для вырашэньня гэтых праблем патрэбная зьмена традыцый, яно перамагло.

Ганна Соўсь: Папа Рымскі падчас свайго пантыфікату так і не наведаў Беларусь, хаця размовы пра гэты вяліся, не наведаў і Расею. Не адбылася ягоная сустрэча з кіраўніком праваслаўнай царквы Патрыярхам Кірылам, як раз Аляксандар Лукашэнка спрабаваў быць пасярэднікам у гэтай справе. Сяргей, што гэтая адстаўка можа значыць для Беларусі? Ці мае шанцы прадстаўнік Беларусі ўдзельнічаць у выбарах новага Папы Рымскага?

Сяргей Абламейка: Вялікага значэньня для Беларусі гэтая адстаўка ня мае. Асоба пантыфіка няшмат значыць для такой краіны, як Беларусь, калі гэта канечне, не паляк. Паколькі Папа быў немец, яго ўвага да Беларусі была не такая вялікая. І асоба новага Папы таксама ня шмат значыць для Беларусі. Палітыка Ватыкана ў Беларусі вызначаюць мясцовыя каталіцкія біскупы і нунцый, прадстаўнік Ватыкану.

Ганна Соўсь: Але ж ён прыняў Аляксандра Лукашэнку з сынам...

Сяргей Абламейка: Так, але афіцыйная пазыцыя Ватыкана, што ён прыняў асобу, а не дзеяча. Ці можа прадстаўнік Беларусі ўдзельнічаць у выбары папы? Паводле каталіцкага кананічнага права кожны каталік мае права быць абраным на Папу, нават не сьвятар. Але паводле існуючай практыкі абіраюць толькі кардыналаў, сёньня сярод пяці беларускіх каталіцкіх біскупаў няма кардыналаў.

Бэнэдыкт — інтэлектуал, акадэмічнага складу асоба, прафэсар, тэоляг. Мітрапаліт Філарэт пры ўсё яго інтэлектуальнасьці — палітык, палітык на пасадзе,

Ганна Соўсь: Пасьля заявы аб адстаўцы Бэнэдыкта XVI, у расейскім і беларускімі грамадзтве актуалізавалася пытаньні добраахвотнай адстаўкі. Напрыклад, ці магчымая добраахвотная адстаўка кіраўніка расейскай праваслаўнай царквы Кірыла?(ён дастаткова малады яшчэ? 66 гадоў) Хто можа ўзяць прыклад з пантыфіка, які добраахвотна адмовіўся ад старажытнай традыцыі кіраваць да сьмерці? На постсавецкай прасторы, у сьвеце?

Андрэй Шары: Гэта гіпатэтычная сытуацыя ня толькі таму, што Кірыл адносна малады, яшчэ і таму што палітычная этыка, і грамадзка-палітычная этыка на постсавецкай прасторы крыху іншая. Там людзі трымаюцца за ўладу заўсёды ці амаль заўсёды да апошняй магчымасьці. І таму адстаўка палітыкаў ці грамадзкіх фігураў ўспрымаецца заўсёды як палітычная параза.

Ганна Соўсь: У Беларусі інфармацыя пра здароўе лідэраў, як палітычных, так і рэлігійных, зьяўляецца таямніцай, тым ня менш яшчэ ў кастрычніку 2011 году Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт пакінуў важную пасаду ў Расейскай праваслаўнай царкве — старшыні Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі, тады неафіцыйныя крыніцы тлумачылі гэта тым, што яго прашэньне тлумачылася станам здароўя. Летась у ліпені ён трапіў у рэанімацыю пасьля таго, як страціў прытомнасьць падчас службы ў гомельскім саборы. Ці можа пайсьці ў адстаўку 77-гадовы Мітрапаліт Філарэт, стан здароўя якога не дазваляе яму быць дастаткова актыўным?

Сяргей Абламейка: Тут трэба параўноўваць асобы Філарэта і Бэнэдыкта XVI, Бэнэдыкт — інтэлектуал, акадэмічнага складу асоба, прафэсар, тэоляг. Мітрапаліт Філарэт пры ўсё яго інтэлектуальнасьці — палітык, палітык на пасадзе, гэта бясспрэчна, і таму, мне здацца, што ён у адстаўку ня пойдзе, калі яго не папросяць. будзе трымацца да канца.

Ганна Соўсь: Калі глядзець на нашу агульную нядаўнюю гісторыю, згадваюцца так званыя крамлёўскія старцы, якія паміралі адзін за другім у васьмідзесятыя гады, не маючы ані сілы на паўнавартаснае кіраваньне, ані сілы адмовіцца ад ўлады. І гэтую змрочную традыцыю зламаў найперш Міхаіл Гарбачоў, які таксама падаў у адстаўку, хаця гэтае рашэньне было ў некаторай ступені і вымушаным, а потым і першы расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын, чыё Я сыходжу прагучала, як і ў выпадку з Бэнэдыктам XVI як гром сярод яснага неба. У тым, каб сказаць «Я сыходжу» болей сілы ці слабасьці?

Я перакананы, што для Бэнэдыкта XVI гэта працяг жыцьця, для людзей кшталту Лукашэнкі і Пуціна, палітычных бультэр’ераў, гэта палітычная сьмерць.

Андрэй Шары: С пункту гледжаньня паліталёгіі гэта параза. Я асабіста пытаўся як раз пра гэта Міхаіла Сяргеевіча. Ён мне сказаў: «Андрэй, я дагэтуль мог быць генэральным сакратаром КПСС», мы ўсе ахнулі, але тым ня менш гэта было рэальна. Канечне, каб зрабіць такое, патрэбная вялікая палітычная воля і маральныя якасьці, і гэта ацэньваецца як прыкмета вялікага палітычнага клясу. У заходнім сьвеце добраахвотны сыход у адстаўку справа звычайная, для постсавецкай прасторы з пункту гледжаньня паліталёгіі гэта параза. Асабліва калі краіна жыве ў эпоху пераменаў. З Ельцыным сытуацыя крыху іншая, ён быў пад уплывам свайго атачэньня, і клянавыя разборкі адыгралі сваю ролю. І ў той жа час ягоная харызма была відавочнай, і было ясна, што каб ён сам не прыняў гэтага рашэньня, ён бы не сышоў. Акрамя таго мы бачым вынік добраахвотнай адстаўкі Ельцына і гэта наводзіць на сумныя думкі.

Ганна Соўсь: Маё пытаньне можа выглядаць недарэчным на 19 годзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі і 13 годзе кіраваньня на розных пасадах Уладзімера Пуціна. Адзін за камэнтатараў на нашым сайце напісаў, што гэта тое самае, калі б акіянская вада стала пітной? Але ўсё ж, ці магчымая добраахвотная адстаўка гэтых палітыкаў?

Андрэй Шары: Добраахвотная адстаўка немагчымая ні ў першым, ні ў другім выпадку. Гэты другі тып людзей. Гэта ня добра і ня дрэнна, проста ёсьць людзі, які ўспрымаюць гэта як маральны акт. Я перакананы, што для Бэнэдыкта XVI гэта працяг жыцьця, для людзей кшталту Лукашэнкі і Пуціна, палітычных бультэр’ераў, гэта палітычная сьмерць. Ніводны зь іх не адмовіцца працягваць барацьбу. Гэта здрада самім сабе, яны ніколі не сыдуць. Гэтая адстаўка магчымая толькі як палацавы пераварот ці як вынік клянавай барацьбы.

Сяргей Абламейка: Канечне, добраахвотныя адстаўкі Пуціна і Лукашэнкі немагчымыя, Я б не сказаў, што гэта ня добра і ня дрэнна. Я б сказаў, што гэта адназначна дрэнна...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG