Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскага чыноўніка абвінавацілі ў хабары


Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог паведаміла «Свабодзе» пра выстаўленьне абвінавачаньня чыноўніку з Барысаўскага райвыканкаму.

«30 красавіка намесьніку старшыні Барысаўскага райвыканкаму, які раней быў затрыманы, было выстаўленае абвінавачаньне. Чыноўнік абвінавачваецца ў атрыманьні хабару, падбухторваньні да дачы хабару і замаху на махлярства. Мерай стрыманьня абраны арышт».

Паводле Тацьцяны Беланог, у мэтах сьледзтва не агалошваецца прозьвішча арыштаванага чыноўніка і месца, дзе яго трымаюць пад арыштам.

У Барысаўскім райвыканкаме прозьвішча арыштаванага калегі таксама не называюць. «Глядзіце ў сродках масавай інфармацыі», — сказала кіраўніца ідэалягічнай управы выканкаму Людміла Гарнак.

Паводле газэты «Барысаўскія навіны», гаворка ідзе пра намесьніка старшыні Барысаўскага райвыканкаму Сяргея Лагно, які курыраваў пытаньні эканомікі і прадпрымальніцтва. Затрымлівалі Сяргея Лагно яшчэ 23 красавіка, згадаў рэдактар «Барысаўскіх навінаў» Анатоль Букас.

Чаму не называюць прозьвішча арыштаванага чыноўніка?

«У нас здараецца і такое, што справу супроць арыштаванага чыноўніка „адкручваюць“ назад і да суду яна не даходзіць. Калі б ішло пра затрыманьне простага рабаўніка ці хулігана, прозьвішча б ніхто не хаваў», — мяркуе журналіст Анатоль Букас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG