Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім мясакамбінаце новыя затрыманьні за хабарніцтва


Двое службовых асоб Менскага мясакамбіната арыштаваныя па падазрэньні ў атрыманьні і даваньні хабараў ў буйным памеры.

Управай Сьледчага камітэту па Менску распачатыя крымінальныя справы ў дачыненьні да двух службовых асоб Менскага мясакамбіната па падазрэньні ў падбухторваньні да дачы хабараў, атрыманьні хабараў і дачы хабару ў буйным памеры.

Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Сьледчы камітэт, абодва падазраваныя затрыманыя з доказамі злачынства ў момант перадачы хабару ў памеры 2,9 тысячы даляраў. Паводле папярэдніх падлікаў, сума атрыманага падазраванымі складае каля 60 мільёнаў рублёў.

«У дачыненьні да падазроных абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Аляксандр Герасімаў.

Паводле яго слоў, зьяўляючыся службовымі асобамі, у кампэтэнцыю якіх уваходзіла вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з тэхнічным забесьпячэньнем вытворчай дзейнасьці камбіната, затрыманыя доўгі час падбухторвалі прадстаўнікоў шэрагу камэрцыйных структур да перадачы ім хабару за дамовы аб пастаўках рознай прадукцыі, і рэгулярна атрымлівалі хабар.

Як паведамлялася раней, у сярэдзіне красавіка Ўправай Сьледчага камітэта па Менскай вобласьці было прад’яўленае абвінавачваньне генэральнаму дырэктару Менскага мясакамбіната Ўладзіміру Лазоўскаму. Ён быў затрыманы на пачатку красавіка таксама па падазрэньні ў атрыманьні хабару.
XS
SM
MD
LG