Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго бачаць у шэрагу самых годных асобаў 2012 году іншыя вядомыя беларусы?


Учора першыя апытаныя «Свабодай» публічныя асобы — Зінаіда Бандарэнка, Вячаслаў Сіўчык і Пятро Садоўскіназвалі сваіх кандыдатаў у нефармальнай намінацыі «Чалавек году». Імі, адпаведна, сталі зьняволеныя палітыкі Зьміцер Дашкевіч і Мікола Статкевіч, а таксама музыка, культуроляг Тацьцяна Матафонава. Каго бачаць у шэрагу самых годных асобаў 2012 году іншыя вядомыя беларусы?

Уладальнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы», заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу Tut.by Юрый Зісер кажа, што ягоныя прыярытэты відавочна палягаюць у сфэры высокіх тэхналёгій:

Юры Зісер

Юры Зісер

«Для мяне чалавек году — гэта, напэўна, Аркадзь Добкін і ІРО Epam (ІРО —Initial Public Offering, першы публічны продаж акцый — рэд.). Я надзвычай уражаны гэтым посьпехам — найперш, тым, што над будынкам New York Stock Exchange (Нью-Ёрская фондавая біржа) сёлета разьвіваўся беларускі сьцяг. А гэта яскравая дэманстрацыя таго, што мы не калгасная краіна, што мы не Паўночная Карэя, а што мы разьвітая інтэлектуальная дзяржава. Усё ж гэта вельмі важна для самаасэнсаваньня беларусаў, а можа нават і для нацыянальнага гонару — бо ганарыцца можна ня толькі МАЗам, трактарным заводам ці „Беларуськаліем“, а ганарыцца можна і інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Але спадзяюся, што нешта падобнае яшчэ будзе і ў ІТ-сфэры, і ў іншых. Будзе абавязкова.

Ну, а „WarGaming“ які праект! Яны не на ІРО, але я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя гады беларусы будуць пасьпяховымі менавіта ў ІТ. У сьвеце як увогуле? Па ІТ вядомыя толькі Штаты, крыху Ізраіль ды яшчэ пару нямецкіх фірмаў. Пры гэтым мы ня ведаем, прыкладам, бэльгійскіх праектаў ці там французскіх. Аднак веру, што гадоў праз дзесяць Беларусь можа стаць, скажам так, як паў-Ізраілю па значэньні. Гэта будзе вельмі добрае становішча і гэта, на мой погляд, тое, што рухае нас, у тым ліку, да свабоды і дэмакратыі. Бо ўсё гэта прыватны сэктар, гэта разьвіцьцё прыватнага бізнэсу, гэта зьмена сьвядомасьці беларусаў».

Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

А вось паэт Сяргей Законьнікаў гатовы ўганароўваць суайчыньнікаў у самых розных намінацыях:

«Першае — гэта з катэгорыі, як кажуць, „сякеры пад лаўкай“, Мікола Статкевіч. Безумоўна, яго, гэтага надзвычай мужнага чалавека, я выношу першым нумарам. Ён палітвязень і гэтым усё сказана. Далей: ёсьць у нас два цікавыя лекары. Адзін, на жаль, якраз у гэтым годзе памёр, той, зь якім я быў добра знаёмы — Генадзь Мураўёў. Вельмі добры лекар і вельмі добры чалавек, некалі лячыў Васіля Быкава. Яшчэ адзін — віцебскі лекар-пэдыятар Ігар Пастноў. Пайшоў у рогі з уладай, губэрнатарам Касінцом, адстойваючы хворых дзяцей і ўсю мэдыцыну Віцебскай вобласьці. І ён даўно ўжо змагаецца з гэтымі абармотамі.

Ну, і яшчэ ёсьць адзін чалавек — Яўген Ліпковіч, якога пазбавілі ўласнага блогу, забарыкадавалі доступ да старонкі. Можа, тут і ёсьць крыху нейкая нацяжка, але, тым ня менш, гэты чалавек мне вельмі падабаецца сваёй сьмеласьцю, тым, што ён пайшоў ва-банк і пачаў змагацца з сыстэмай. Само сабой, ёсьць тут і мая любіміца — Сьвета Калінкіна, калі трэба для гендарнай роўнасьці. Чалавек году, безумоўна. Мне падабаюцца і яе матэрыялы, дый сама падабаецца — дзяўчына выдатная. Праўда, яе ўжо крыху закідалі ўзнагародамі, хоць спачатку ня надта і заўважалі. Так у жыцьці бывае. Бо спачатку была неяк абдзеленая вось гэтай увагай — прэміямі, а цяпер вось усё становіцца на свае месцы. Хай, на здароўе. Я ёй жадаю самага найлепшага».

Генадзь Мацур

Генадзь Мацур

Для мастака-каліграфа, кніжнага дызайнэра Генадзя Мацура, безумоўна, чалавекам усіх апошніх гадоў застанецца ягоны блізкі сябра Сяржук Цімохаў. Цяпер ужо назаўсёды: сёлета Сяржук раптоўна памёр у самым росквіце творчых і фізычных сілаў — яму было ўсяго 52:

«Найперш, гэта мой найлепшы сябра. Можа, гэта чалавек не такі публічны, чалавек не шоў-бізнэсу, але яго шмат людзей ведаюць перш за ўсё праз творы. Таму што ўся энэргетыка, увесь ён як чалавек, як творца застаўся і будзе заставацца ў сваіх творах. Тыя людзі, тая прастора, дзе існуюць яго творы, — гэта і ёсьць Сяргей. Для мяне ён не адышоў. Ён недзе побач, можна нават сказаць, што мы зь ім кантачым — менавіта праз тую энэргетыку, якая засталася пасьля адыходу яго фізычнага цела.

Ягоныя працы, ягоная энэргетыка кранае вельмі шмат людзей. Бо ягоныя карціны падабаюцца і тым, хто ведае мастацтва, хто разьбіраецца ў мастацтве, і людзям простым, якія, можа, і зусім далёкія ад мастацтва. Аднак я ня бачыў ніводнага чалавека, якому ягоныя творы не падабаліся б. Яны, магчыма, нерэалістычныя, сымбалічныя, можна сказаць, у пэўнай ступені нават авангардысцкія, але чамусьці іх усе разумеюць. Разумеюць, відаць, праз тое, што там закладзена, — вось праз гэтую эстэтыку. А эстэтыка — гэта і ёсьць энэргетыка. І вось якая яна — што ёсьць прыгожае, што ёсьць непрыгожае — мы ў адказах звычайна зьвяртаемся да такіх філязофскіх катэгорыяў. Гэта тая праўда, якая была і ёсьць у Сяргею. Гэта яго душа. І вось гэтая душа, яна несьмяротная. Яна так і застанецца тут».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG