Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каго ў Беларусі варта лічыць чалавекам 2012 году? Меркаваньні аўтарытэтных асобаў на гэту тэму выслухаў Ігар Карней.

Вядомы беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык 18 сьнежня адзначыў 50-гадовы юбілей. Пасьля падзеяў Плошчы-2010 вось ён ужо два гады знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ва Ўкраіне. Спадар Сіўчык перакананы, што на пачэснае званьне прэтэндуюць найменей некалькі чалавек, якія ахвяравалі сабой дзеля лепшай будучыні беларусаў:

«Адно з асноўных пытаньняў, якое сёньня стаіць перад беларускім грамадзтвам, гэта тое, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні. Таму цалкам натуральна, што людзьмі году зьяўляюцца людзі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, а такіх сёньня амаль паўтара дзясятка. Безумоўна, гэты сьпіс пачынаецца з маіх калегаў, што былі зьняволеныя альбо перад Плошчай 19 сьнежня 2010 году, альбо непасрэдна 19 сьнежня. Найперш, зь Міколы Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, усіх астатніх, хто да гэтага часу застаецца ў турме. Якраз ім найбольш зараз дастаецца. Штохвілінна яны сутыкаюцца зь вельмі цяжкімі ўмовамі. Будучы патрыётамі Беларусі, не парушаючы ніякіх законаў, яны сёньня знаходзяцца ў турме, якая ніяк не відазьмянілася ад ХХ стагодзьдзя — дзе няма ні праўды, ні справядлівасьці. У нас, на жаль, усё перакулена з ног на галаву. „Пятая калёна“ — бандыты — зьяўляецца ўладай, а сапраўдныя беларускія патрыёты сядзяць у турмах».

Карэспандэнт: «Апошнія два гады Вы маеце непасрэднае дачыненьне да Ўкраіны, і якраз прадстаўніца руху Femen Іна Шаўчэнка, якая брала ўдзел у акцыі ля беларускага КДБ у мінулым сьнежні, увайшла ў Топ-20 знакавых асобаў часопісу „Madam Figaro“. Як ацэньваеце выбар французскіх калегаў?».

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«Справа ў тым, што гэта адбываецца аб’ектыўна. Разбудавалася спачатку чыста ўкраінская група ў міжнародную, і цяпер гэта ўжо міжнародны рух. Я цалкам падтрымліваю акцыі Femen, якія рабіліся па Беларусі, бо гэтыя акцыі прынесьлі вельмі вялікую карысьць, але некаторыя іх ініцыятывы зусім не падзяляю. Я не лічу, што была неабходнасьць праводзіць некаторыя акцыі ў абраным імі фармаце. Прыкладам, сьпілаваўшы крыж, яны шмат каго тут абразілі ва Ўкраіне зь ліку ўкраінскіх патрыётаў, бо Ўкраіна, як і Беларусь, зьяўляецца хрысьціянскай краінай. На жаль, такая акцыя адбылася і мае ўкраінскія калегі, ды і я сам вельмі кепска да гэтага стаўлюся».


Зінаіда Бандарэнка

Зінаіда Бандарэнка

Салідарная зь Вячаславам Сіўчыкам што да прэтэндэнтаў на званьне асобаў, вартых прынамсі маральнага ўганараваньня па выніках 2012 году, і народная артыстка Беларусі, у мінулым дыктарка Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка:

«Асабіста я выбірала б сярод палітвязьняў. І ведаеце што, гэта, на маё перакананьне, Зьміцер Дашкевіч. Найперш таму, што чалавек самаахвярны, змагаецца, у літаральным сэнсе, не шкадуючы сябе. Пры гэтым патрапіў за краты яшчэ да Плошчы, што ўвогуле не паддаецца асэнсаваньню. Цалкам відавочна, што гэта быў палітычны крок з боку ўладаў. І вось колькі ён сядзіць, складваецца такое ўражаньне, што ён адбывае тэрмін за ўсіх нас — вось ужо цэлыя два гады. У мяне такая вось думка. Канечне, усе палітвязьні вартыя таго, каб іх назвалі людзьмі году — і Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі, і ўсе іншыя. Але проста яны больш моцныя як мужчыны. А вось Зьміцер яшчэ зусім юны. Праўда, сваімі паводзінамі, сваёй пазыцыяй як ніхто даказвае, што ён таксама сапраўдны мужчына і за ўсіх нас нясе свой крыж. Таму мы абавязаны падтрымаць яго ўсімі магчымымі спосабамі».

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

А вось на думку былога дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, першага Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара незалежнай Беларусі, мовазнаўцы Пётры Садоўскага, сапраўдных герояў трэба шукаць сярод звычайных людзей, якія робяць для краіны справу, ня менш каштоўную, чым палітыкі:

«Назаву сходу — гэта будзе прыгожая жанчына. Я ўчора быў на прэзэнтаацыі дыску Тані Матафонавай зь яе сынам Адасікам. Яна за год сатварыла, я ня ведаю, можа, пяць дыскаў. Проста для беларускіх дзяцей, для школьнікаў робіць песьні, піша сама, штурхае людзей, каб таксама пісалі тэксты. А ўчора быў дыск, дзе начыталі свае вершы Бураўкін, Някляеў, Вярцінскі, і яшчэ, і яшчэ. Вось тое, што яна робіць, гэта абсалютна карысная рэч. Ня проста там нейкія філязофстваваньні лятучага ўнівэрсытэту ці я ня ведаю што. Трэба, канечне, нешта і вельмі такое глыбакадумнае, хоць і ў дадзеным выпадку гэта ня нейкая папулярная папса.

Чаму я пра Таню кажу? Таму што гэта сапраўды нешта! Калі б я ацэньваў колькі гадоў таму, то сказаў бы: „Народны альбом“ Вольскага і сяброў, якія інтэгравалі ў сабе „Тутэйшых“, „Майстроўню“ і г.д. Гэта тое, што выходзіць на паверхню. А на сёньняшні дзень для нас гэта канкрэтная беларушчына — вось яна. Не ў віртуальнай прасторы нешта, нейкія дэманы, якія сабе ўпамінаньні ды спасылкі прадукуюць, сымулякры ствараюць нейкай беларушчыны, а тут абсалютна канкрэтная, абложная праца, якая захоўвае нашы астраўкі беларушчыны, — ужываю трошкі пэсымістычнае слова „астраўкі“. Вось яна — Тацьцяна Матафонава. Пра палітыку ўжо гаворана-перагаворана, а я кажу пра жывыя справы, пра жывыя рэчы. Паглядзіце на яе вочы, паглядзіце, як яна ўсё гэта робіць! А яе сын — гэта цуд нейкі! Учора я перажыў проста неверагоднае ўзрушэньне і шчасьлівым лёг спаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG