Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльцы — уладам: ня можаце кампэнсаваць страты — прасіце ў Расеі


Рэгіянальны сход прадстаўнікоў няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Гомельшчыны 18 сьнежня падтрымаў рэзалюцыю чарнобыльскіх ліквідатараў, якія патрабуюць аднавіць іх у грамадзянскіх і сацыяльных правах.

Васіль Гайчук з Калінкавічаў, былы зампаліт вайсковай часьці, якая стаяла ўсяго за 10 кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС і куды ў 1986-88 гадах прызывалі многіх афіцэраў запасу зь Беларусі, кажа, што цяпер ліквідатарам даводзіцца праз суд даказваць свой удзел у мінімізацыі наступстваў катастрофы. Нават калі ў ваенным білеце запісаны тэрмін службы, замацаваны пячаткай часьці й ваенкамату, ліквідатару трэба шукаць сьведкаў службы ў чарнобыльскай зоне.

Васіль Сіліверст

Васіль Сіліверст

Яшчэ адзін вайсковы ліквідатар, інвалід 2 групы Васіль Сіліверст, чыю інваліднасьць Рэспубліканская экспэртная рада ўстанаўленьня прычыннай сувязі захворваньняў з наступствамі чарнобыльскай катастрофы, ня зьвязвае з працай у радыяцыйнай зоне, нагадвае, што ад ранейшага заканадаўства ў справе сацыяльнай абароны ліквідатараў і насельніцтва Беларусі, па сутнасьці, нічога не засталося. Пачынаючы зь верасьня 1995 году, сацыяльныя гарантыі чарнобыльцам пастаянна ўраразаліся й ператварыліся цяпер у шкамуток шчыгрынавай скуры.

З чарговай заменай чарнобыльскіх пасьведчаньняў улады наважаны пазбавіцца нават ад азначэньня «ліквідатар», замяніўшы яго на «пацярпелы».

У прынятай рэзалюцыі ліквідатары патрабуюць аднавіць і ўраўняць ім сацыяльныя гарантыі з тымі, якія ёсьць у чарнобыльцаў ва Ўкраіне і Расеі, альбо выплаціць грашовую канпэнсацыю за страчанае здароўе.

Калі дзяржава ня мае сродкаў на гэта, то няхай дамагаецца ад Расеі як правапераемніцы СССР, заяўляюць чарнобыльцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG