Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё пасьля Чарнобыля: ільготы — зьніклі, радыяцыя — засталася


Напярэдадні 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларускія ўлады афіцыйна паведамілі, што ў зоне радыеактыўнага забруджваньня працягваюць жыць больш за 10% насельніцтва краіны. Гэта адзін мільён 141 тысяча чалавек. Дзяцей да 18 гадоў сярод іх — амаль 217 тысяч.

Як цяпер жывецца пацярпелым? Ці атрымліваюць яны чарнобыльскія ільготы і што кажуць пра дзяржаўную падтрымку?


Гомельшчына


Вёска Гдзень Брагінскага раёну — на самым поўдні Беларусі. Ад яе да Чарнобыльскай АЭС напрасткі — два з паловай дзясяткі кілямэтраў. Вёску двойчы адсялялі, але так і ня выселілі. Тут і цяпер жыве каля сотні чалавек.

73-гадовы жыхар Гдзені спадар Мікалай кажа, што пра радыяцыю тут ужо забыліся:

«Якая радыяцыя?! Мы папрывыкалі ўжо — і грыбы бярэм, і рыбу. Мералі радыяцыю раней, казалі, што нармальна. А цяпер — хто яе мерае?»

Вясковец прызнаўся, што летась яму зрабілі апэрацыю — выразалі паўлёгкіх. І жонка ягоная — інвалід па зроку. Калі што якое, то выклікаюць «хуткую дапамогу» з Камарына, бо свой фэльчарска-акушэрскі пункт даўно скасаваны.
Якая радыяцыя?! Мы папрывыкалі ўжо — і грыбы бярэм, і рыбу.

Цяпер жыхароў Гдзені найбольш турбуюць прысядзібныя ўчасткі, і найперш — як пасадзіць бульбу, бо жывуць людзі тут пераважна зь зямлі:

«Картоплю саджаць саўгас не дапамагае. Тут у аднаго з нашых свой трактар ёсьць, і ў Жарах таксама. А хто канём — два конікі трымаюць. Хто як, а я трактарам саджаю. Нятанна! У мінулым годзе за сотку браў 7 тысяч. Сёлета — яшчэ ня ведаю. Мне толькі ўзаралі 20 сотак, дык толькі за ворыва 200 тысяч узяў. Толькі за ворыва!»

Чарнобыльскія ільготы для насельніцтва ў заражаных радыяцыяй вёсках, у адрозьненьне ад суседніх Украіны й Расеі, даўно скасавалі. А пэнсія ў Мікалая, былога трактарыста, — 1 мільён 300 тысяч. Кажа, што на яе, нягледзячы на прысядзібны ўчастак, не пашыкуеш, у кавярню ці рэстаран у райцэнтры ня сходзіш:

«О-о, у рэстаран у Камарын! Тут вось за соткі заплаці, каб картоплю пасадзілі. За гной 340 тысяч аддаў, участак прасіў адвесьці — заплаціў. Картоплю выбіралі, дапамаглі — таксама заплаціў. Пабочнае што купіць — ня купіш, бо ўсё дорага. Аўтакрама прыедзе — алею бутэльку купіш…Усё дарагое. Ды яшчэ здароўя няма!»

58-гадовы жыхар Гдзені Анатоль зьвяртае ўвагу на тое, што выбрацца зь вёскі ў райцэнтар безь перасадкі й чаканьня ў Камарыне нават раз на тыдзень нельга — няма наўпроставага рэйсу. У палове вёскі не працуе вадаправод. Нягледзячы на ўсе праграмы — чарнобыльскую й мэліярацыйную, мэліяратары нават ня могуць адрэгуляваць узровень вады ў мясцовых спрамленых рачулках-каналах. Ад высокага ўзроўню вады гінуць сады, цярпіць лес. Выглядае, што грошы найперш укладаюць у зьнішчэньне пакінутых сядзібаў. А ці ня лепей было б, напрыклад, газыфікаваць вёску?

Анатоль: «Чарнобыльская праграма ў Лукашэнкі была. У нас ад 5 да 15 кюры. Дык можна было б газ правесьці ў гэты наш Гдзень. Чаму не газыфікавалі — дровы ж якія ў нас? Газам было б і таньней, і чысьцей».

Ня вырашана за 26 гадоў пасьля Чарнобылю і пытаньне ўстанаўленьня ў шэрагу ліквідатараў прычыннай сувязі захворваньняў і інваліднасьці з працай у зоне радыяцыйнага забруджаньня. Гэтага, у прыватнасьці, дамагаецца чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў, інвалід II групы Васіль Сіліверст. Нядаўна ён зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі са скаргай на чарговую адмову рэспубліканскай міжведамаснай экспэртнай рады і Міністэрства аховы здароўя. Аднак скаргу ліквідатара з пракуратуры пераслалі ў Міністэрства аховы здароўя.

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Саюз Чарнобыль — Беларусь», лекар Аляксандар Ваўчанін лічыць, што зьвязваць хваробы ліквідатараў з працай у заражанай радыяцыяй зоне перашкаджаюць заканадаўчыя абмежаваньні:

«Мэдыкі могуць зьвязваюць з Чарнобылем толькі рак шчытападобнай залозы. Іншая сытуацыя ў ліквідатараў Украіны. У мяне была размова з украінскім прафэсарам, кіраўніком адпаведнай мэдычнай камісіі Ўкраіны. Яны зьвязваюць практычна любое захворваньне ў ліквідатараў з узьдзеяньнем радыяцыі».


Магілёўшчына


У чацьвер Аляксандар Лукашэнка наведаў пацярпелы ад чарнобыльскай радыяцыі Быхаўскі раён. Райцэнтар і навакольле, як звычайна ў такіх выпадках, прыбралі. У афіцыйных выпусках навінаў на дзяржаўных СМІ шмат патасу і заяваў пра дасягненьні. Між тым тысячы людзей у рэгіёне працягваюць жыць у забруджанай зоне.

У вёску Дабужа, пацярпелую ад радыяцыі, Аляксандра Лукашэнку не павезьлі. Ад райцэнтру яна за трыццаць кілямэтраў. Вяскоўцы — два дзясяткі старых. Два разы на тыдзень у вёску заяжджае аўталаўка.

«Бываюць такія выпадкі, я некалькі разоў зьвяртаўся са скаргамі, што пазьбіраюць па крамах харчы пратэрмінаваныя і прывозяць нам. Каму мы цяпер трэба? У нас вёска такая, што людзі зьнікаюць. Аўтобус два разы на тыдзень ходзіць. Калі трэба ў бальніцу раённую, то цяжка дабрацца. І то чыноўнікі пытаньне ставяць, што трэба здымаць з маршрутаў аўтобусы гэтыя», — кажа жыхар вёскі Аляксандар.
Пазьбіраюць па крамах харчы пратэрмінаваныя і прывозяць нам. Каму мы цяпер трэба?

Пра скасаваньне чарнобыльскіх ільготаў і даплатаў спадар Аляксандар выказваецца эмацыйна.

«Дзіка гэта ўсё і несправядліва. Ну а куды нам зьвяртацца? У колькіх людзей гэтая радыяцыя здароўе пасадзіла! Вось у нас — то ціск, то на косткі дала, на касьцявы мозг — ногі баляць у людзей. Людзі пакутуюць. Гэта ж ад радыяцыі гэтай…»

У Чэрыкаўскі раён Аляксандар Лукашэнка таксама не завітаў сёньня. А людзі яго там чакалі:.

«Дык чаго ж вы да нас не прыедзеце? Дый прэзыдэнта прывезьлі б. Вось каб сюды засялілі людзей. Як тут у нас хораша. Рэчка, луг. І ўсё запусьцела. Дык мы хочам бачыць людзей і начальства, бо ўсё ж мы жывыя людзі. Чалавек жа дзесяць у нас ёсьць у вёсцы. За радыяцыю нам, дзетачка, нічога ня плацяць. Два разы аўталаўка прыяжджае да нас», — апавядае пра жыцьцё жыхарка вёскі Пільня.

Самым забруджаным лічыцца на Магілёўшчыне Краснапольскі раён. Дзясяткі вёсак тут адселеныя і пахаваныя. Сотні сямей зьехалі ў іншыя раёны. Для тых, хто застаўся, радыяцыі ўжо няма, — кажа жыхар райцэнтру Аляксандар:

«Рэдка хто правярае мяса ці свойскія ягады. І грыбы зьбіраюць у зоне, і ягады, і кабаноў б’юць. Жыць жа трэба. Дзяржаве не патрэбная радыяцыя, і ўсім не патрэбная. А людзі патроху мруць. Анкалёгія высокая. Можна сказаць, мёртвая зона. Штучна падтрымліваюць яе».

Берасьцейшчына


На Берасьцейшчыне найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС Столінскі, Лунінецкі і Пінскі раёны. У гэтых мясцовасьцях шэраг вёсак трапілі ў зону з «правам на адсяленьне». Аднак апошнім часам вёскам пачынаюць вяртаць «чысты» статус.

Галіна, жыхарка вёскі Язьвінкі Лунінецкага раёну, дзівіцца пытаньню, ці шмат людзей адтуль выяжджае. Спадарыня кажа, што тэндэнцыя адваротная:

«Наадварот, прыяжджаюць. Старэнькія хаты пачалі скупляць, купляюць, і моладзь у асноўным дабудоўвае, перабудоўвае. Я б сказала, больш сталі ў вёску пераяжджаць».
Наадварот, прыяжджаюць. Старэнькія хаты пачалі скупляць, купляюць, і моладзь у асноўным дабудоўвае, перабудоўвае.

Вёска Язьвінкі яшчэ ў 2005 годзе згодна з заключэньнем НДІ радыялёгіі была ў пераліку населеных пунктаў Лунінеччыны «з правам на адсяленьне». Аднак людзі пачалі вяртацца сюды пасьля таго, як вёску абвясьцілі «чыстай», кажа Галіна:

«Мы ўжо чыстай зонай лічымся, з нас ужо нават паздымалі ўсе ільготы. Усё, мы чыстая зона. Напэўна, года паўтара, таму што я якраз у дэкрэце была. Дзіцячыя тады больш плацілі, мы лічыліся чарнобыльскай зонай. А потым зьнялі зь дзіцячых, сказалі, што мы ўжо чыстая зона».

Галіна кажа, што цяпер інфармацыя пра чарнобыльскія наступствы замоўчваецца, таму вяскоўцы і забываюцца на гэтую праблему:

«Ніхто ўжо ня ўзгадвае, раней хоць гаварылі пра гэта. А цяпер нават ніхто ня ўзгадвае».

Тое ж кажа і Віктар, жыхар Столінскага раёну. Спадар распавёў, што, нягледзячы на забруджаньне, людзі тут жывуць сваім жыцьцём:

«З гэтых вёсак хто хацеў, той выехаў, але поўнага адсяленьня з гэтых вёсак не праводзілася. Гэтыя вёскі жывуць, як раней, сваім жыцьцём…»

Пад гэтым Віктар меў на ўвазе, што людзі трымаюць жывёлу, жывуць з гародаў. А шмат хто нават зьбірае дары лесу і палюе, не зважаючы на знакі пра небясьпеку:

«Забароны стаяць, знакі — „радыяцыя“, „праход забаронены“. Гэта што тычыцца Альманскіх балотаў — там высокая забруджанасьць».

Адсутнасьць інфармацыі, кажа Віктар, паступова робіць жыцьцё тутэйшых вяскоўцаў звычайным. Людзі цяпер не надаюць праблеме належнай увагі і звыклі жыць са знакам «радыяцыя».

Меншчына


Афіцыйна Меншчына лічыцца адносна малапраблемнай тэрыторыяй у радыяцыйных адносінах. Аднак і тут у 9-ці раёнах ёсьць мясьціны, забруджаныя цэзіем і стронцыем. Сярод іх — і маляўнічыя куткі Валожыншчыны, дзе адразу пасьля катастрофы ўзровень радыяцыі перавышаў 5 кюры на квадратны кілямэтар. Зьявілася тут і зона добраахвотнага адсяленьня. Да сёньня тут забруджанымі застаюцца 44 паселішчы.

Супрацоўніца Валожынскай цэнтральнай райбальніцы Ірына Вяргей паведаміла «Свабодзе», што якраз сёньня ў шэрагу вёсак мэдыкі аглядаюць насельнікаў:

«Якраз цяпер такія агляды праводзім у вёсках Доры, Бабровічы і Пяршаі. Робім падворныя абходы. Заходзім у хату і на месцы мераем артэрыяльны ціск, робім таксама кардыяграму, бо ёсьць свой пераносны кардыёграф. Карацей, у нас цяпер асноўная праца — у вёсках».

Па словах спадарыні Ірыны, працы мэдыкам кожны год дадаецца:
Ведаеце, нашы людзі часьцей сталі скардзіцца, што баляць косьці і суставы. Але ж людзі неяк жывуць.

«Ведаеце, нашы людзі часьцей сталі скардзіцца, што баляць косьці і суставы. Але ж людзі неяк жывуць. У нас тут і дамкі будуюцца. Таму і здалёк нават пераяжджаюць. У ягады й грыбы ўсе гэтыя гады ходзяць і ядуць, бо ніхто нічога ужо не баіцца. Ведаеце, людзі — прывыклі! Спадзевы — на Бога, што Бог дасьць, тое і атрымаем…»

Цікаўлюся ў суразмоўніцы: ці пераяжджаюць на Валожыншчыну перасяленцы зь іншых рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі Чарнобыльскай АЭС?

«Вой! Перасяленцы літаральна кожны месяц едуць! Адусюль! У асноўным яны працу шукаюць. Наш СПК «Пяршаі-2003» лічыцца нядрэннай гаспадаркай. Тут пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс. Людзі даведваюцца пра гэта, а таксама — што даюць у карыстаньне жылыя домікі. Уявіце, чалавек ні капейкі ня ўклаў у будаўніцтва, а пасяліўся адразу ў гатовы дом.

Валожыншчына прывабіла і вядомага беларускага гісторыка Алеся Белага. Ён уладальнік аграсядзібы «Марцінова гусь». У гутарцы да 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС адзначае, што некаторыя ранейшыя дзяржпраграмы дапамогі насельніцтву цяпер згорнутыя з-за істотнага скарачэньня дзяржаўнага бюджэту:

«Вядома, месьцічам хацелася б ведаць канкрэтную дэталёвую інфармацыю пра тое, як зьмяняецца тутэйшая сытуацыя па забруджанасьці радыяцыяй. Але такіх мапаў, на жаль, няма. Таксама адсутнічаюць рэкамэндацыі, як павінны паводзіць сябе людзі ў цяперашніх умовах.

У Пяршаях некалі быў спэцыялізаваны інфармацыйны цэнтар, які навучаў дзяцей правілам бясьпекі на забруджанай тэрыторыі. Цяпер гэтага цэнтру ўжо няма…»
XS
SM
MD
LG