Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ліквідуюць статус ліквідатараў


У Беларусі ідзе абмен пасьведчаньняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ён павінен завяршыцца да канца году.

Паводле афіцыйных дадзеных, працэдура перарэгістрацыі закране больш як 114 тысяч чалавек.

Апошняя перарэгістрацыя ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС праводзілася сем гадоў таму. Цяпер дакумэнты зноў пераправяраюць і ўсіх ліквідатараў уносяць у адну групу з пацярпелымі. Словаў «удзельнік ліквідацыі» ў новым пасьведчаньні ўжо ня будзе. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла супрацоўніца Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Вольга Шабайлава.

«У адпаведнасьці з законам 2009 году катэгорыя пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС аб’ядноўвае дзьве катэгорыі: удзельнікі ліквідацыі і пацярпелыя. І цяпер для іх будзе пасьведчаньне адзінага ўзору...»

Такім чынам усе ліквідатары аварыі на ЧАЭС стануць пацярпелымі ад аварыі. Паводле спадарыні Шабайла, на сёньня памянялі 30% пасьведчаньняў, у тым ліку на Гомельшчыне — 43%«.

Чаму ўлады прыраўноўваюць ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС да пацярпелых? Над пытаньнем разважае чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў, інвалід 2 групы Васіль Сіліверст:

Навошта яны, калі дзяржава не разьлічылася з намі? ...

«А асабіста я не мяняў, бо ня бачу тут нейкага вялікага сэнсу: адну паперку памяняць на іншую. Там ільготаў няма — ільготы забралі, і тут таксама няма ніякіх ільготаў. Гэта проста кампанія, і, думаю, накіраваная яна тое, каб слова „ліквідатар“ у Беларусі наагул не было. Будуецца гэтая атамная станцыя ў Беларусі, і дзяржаве гэтыя ліквідатары — як мазоль, бяльмо на воку. Навошта яны, калі дзяржава не разьлічылася з намі? Гэта проста нейкае вычварэнства».

Спадар Сіліверст сьцьвярджае, што старым пасьведчаньнем ліквідатара ён карыстаўся нават ва Ўкраіне:

«Калі мне трэба паехаць у Расею ці тую ж Украіну, то гэтае новае пасьведчаньне мне нічога не дае. А вось старое пасьведчаньне ліквідатара катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — яно ва Ўкраіне дзейнічае. Я ва Ўкраіне магу езьдзіць на прыгарадным транспарце, у мэтро, на трамваях бясплатна. Украінскія ўлады кажуць: «Цэ ж вы наш ліквідатар!»

Калінкавіцкі ліквідатар згадвае, што калі сёлетняй вясной ва Ўкраіне Вярхоўная Рада зьбіралася перагледзець ільготы сваім чарнобыльцам, то там пачаліся масавыя пратэсты. У Беларусі ільготы чарнобыльцам пачалі скасоўваць, пачынаючы з 1995 году, і людзі з гэтым зьмірыліся.

Не мяняў пакуль свайго ліквідатарскага пасьведчаньня й Васіль Гулай з Рэчыцы.

Гулай: «А чаго туды ісьці, чаго яго мяняць? Ні ільготаў, нічога няма. Абсурд. Аб’яднаньне „Беларуснафта“ пасылала мяне ў Чарнобыль двойчы, але, відаць, баяцца, што і яны эканамічна ня вытрымаюць. Капеечныя ільготы дзяржава ў ліквідатараў забірае, а лядовыя палацы будуе. Утрыманьне аднаго лядовага палаца, наколькі вядома, раўняецца гадавому бюджэту сярэдняга беларускага гораду. Нямеччына сабе такога не дазваляе. А ў нас у ліквідатараў можна ўсё забраць».

Яшчэ адзін нафтавік з Рэчыцы, інвалід Чарнобылю Ўладзімер Кошчанка:

«На новым пасьведчаньні адсутнічае пячатка, а стаіць штамп, што нідзе ў сьвеце не прызнаецца за дакумэнт. Дзяржаўнай пячаткі няма. Гэта зроблена наўмысна. Як яго ў такім разе прызнаць за дакумэнт? Неахайна зроблены штампік чыноўніка, які цяжка разгледзець нават празь люпу. Зроблена гэта, каб не плаціць чалавеку ніякую пэнсію, прынізіць яго. А калі чалавек прыніжаны й пакутуе, ён хутка памрэ...»

Чарнобыльскі інвалід Павал Давыдзенка зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну таксама нэгатыўна адгукаецца пра новы дакумэнт:

«Бюракратычная сыстэма робіць усё, каб чалавеку не плаціць. Лукашэнка ўсё ўжо зрабіў чыстай зонай, хоць і дзеці, і дарослыя пакутуюць. І чарнобыльцам-ліквідатарам выдаюць гэтыя пасьведчаньні як пацярпелым. Жулікі ўсё паадбіралі — і ад аўганцаў, і ад чарнобыльцаў — і ўсё цяпер у законе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG