Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі часопіс Foreign Policy апублікаваў свой штогадовы сьпіс «100 найважнейшых мысьляроў сьвету» (Top 100 Global Thinkers).

У штогадовым сьпісе «найважнейшых мысьляроў» зьмешчаны асобы, чые ідэі і дзейнасьць, паводле рэдактараў і выдаўцоў Foreign Policy, мелі найбольшы ўплыў на разуменьне глябальных праблемаў у мінулым годзе.

Першае месца ў сёлетнім сьпісе займаюць бірманская апазыцыянэрка і шматгадовая дысыдэнтка Аун Сан Су Чжы і прэзыдэнт Бірмы Сэйн Тэйн. На працягу амаль 20 гадоў Аун Сан Су Чжы была пад хатнім арыштам вайсковай хунты Бірмы, якая замкнула краіну за жалезнай заслонай у 1962 годзе. Сёлета яна стала дэпутаткай парлямэнту краіны, галоўным чынам дзякуючы рэфармісцкаму прэзыдэнту Тэйну Сейну. Тэйн Сэйн, які прыйшоў да ўлады летась, пачаў здымаць абмежаваньні на свабоду слова, адкрываць эканоміку краіны на сьвет і вызваляць палітычных вязьняў. Сёлета Злучаныя Штаты аднавілі дыпляматычныя адносіны зь Бірмай і палегчылі візавыя і эканамічныя санкцыі супраць бірманскага рэжыму.

У першай дзясятцы «найважнейшых мысьляроў сьвету ў 2012 годзе» знайшліся таксама прэзыдэнт Тунісу Мансэф Марзукі, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, дзяржсаскратар ЗША Гілары Клінтан, прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Сэбастыян Трун, амэрыканскі прадпрымальнік Біл Гейтс, ягоная жонка Мэлінда Гейтс, 15-гадовая пакістанская школьніца Малала Юсуфзай, прэзыдэнт ЗША Барак Абама, амэрыканскі палітык Пол Раян, кітайскі праваабаронца Чэнь Гуанчэн і амэрыканскі грамадзкі актывіст Дэйвід Бланкенгорн.

Асаблівасьцю сёлетняга сьпісу Foreign Policy зьяўляецца прысутнасьць, на 16-м месцы, трох дзяўчат з расейскага панк-гурту «Pussy Riot» — Марыі Алёхінай, Кацярыны Самуцэвіч і Надзеі Талаконнікавай — асуджаных сёлета па два гады калёніі агульнага рэжыму за так званы панк-малебен «Багародзіца, Пуціна прагані!» у храме Хрыста Збаўцы ў Маскве (Самуцэвіч у кастрычніку атрымала ўмоўны прысуд і была вызвалена).
XS
SM
MD
LG