Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя наступствы парлямэнцкіх выбараў


Палітычныя наступствы парлямэнцкіх выбараў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:16 0:00
Наўпроставы лінк

Парлямэнцкая выбарчая кампанія прайшла паводле звыклага беларускага сцэнару. Ці зрабілі ўлады нейкія высновы зь яе вынікаў? Ці адбілася кампанія на грамадзкай сьвядомасьці? Якія высновы можна зрабіць зь дзеяньняў апазыцыі?

Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.


Ці зрабілі ўлады нейкія высновы з вынікаў кампаніі?


Валер Карбалевіч: «Любая выбарчая кампанія, нават у недэмакратычнай краіне, пакідае пасьля сябе нейкі палітычны сьлед, па якім можна аналізаваць, рабіць высновы наконт працэсаў, якія адбываюцца ў грамадзтве.

Найперш пагаворым пра ўладу. На першы погляд, улада дасягнула ўсіх мэтаў, якія перад сабой ставіла. Патрэбны вынік дасягнуты без забурэньняў.

Але ж улады ведаюць сапраўдную яўку на выбары. Нядаўна Лукашэнка сказаў журналістам: я, маўляў, уважліва сачу за ўсім, што адбываецца ў грамадзтве, і рэагую. І што адбываецца за той прапагандысцкай траскатнёй, якая ідзе на тэлеканалах. Вось пасьля прэзыдэнцкіх выбараў страцілі свае пасады вышэйшыя чыноўнікі, якія адказвалі за прапаганду. А якія высновы і крокі зробіць улада цяпер па выніках выбарчай кампаніі?

Андрэй Казакевіч: «Такі ход падзеяў адпавядае мэтам уладаў у межах гэтай кампаніі. А асноўная мэта палягала ў тым, каб не дапусьціць палітызацыі, актывізацыі і мабілізацыі грамадзтва. Гэта тлумачылася крызіснымі зьявамі ў эканоміцы, нізкім рэйтынгам улады. Таму тое, што людзі проста не прыйшлі на выбары, — гэта было меншае зло для ўлады. Хоць гэтае мае і адмоўнае значэньне, але рызыка меншая. Для ўлады гэта лепш, чым змагацца з палітычнай актыўнасьцю падчас выбараў».

Андрэй Дынько: «У вялікіх гарадах насельніцтва праігнаравала выбары, на ўчасткі ў дзень галасаваньня прыйшло 15–20% выбарцаў. Гэта зусім нішто для аўтарытарнай краіны. І тут сьведчаньні карэспандэнтаў нашай газэты супадаюць з высновамі незалежных назіральнікаў.

Не пагадзіўся б са сп. Казакевічам, што менавіта гэтага ўлада і хацела. Яна хоча мабілізацыі дзеля падтрымкі. Але адбыўся фактычна байкот, што зьявілася нечаканым нават для апазыцыі, якая адвыкла, што яе пазыцыя, заклікі падзяляюцца большасьцю.

Ведаючы гэтую ўладу, думаю, што яна ня зробіць высноваў у бок размарозкі грамадзтва. Наадварот, будзе яшчэ большае нагнятаньне страху».

Казакевіч: «Пазытыўная мабілізацыя грамадзтва для ўладаў у цяперашніх умовах была занадта рызыкоўная. Таму дзяржаўныя мэдыі імкнуліся зрабіць гэтую кампанію максымальна незаўважнай для насельніцтва. І гэта была найбольш рацыянальная лінія з гледзішча ўладаў».


Ці адбілася кампанія на грамадзкай сьвядомасьці?


Карбалевіч: «Лічу, што калі б улады паставілі як галоўную задачу загнаць насельніцтва на выбарчыя ўчасткі, то яны б змаглі гэта зрабіць. Уключылі б адміністратыўныя рычагі, мабілізавалі працоўныя калектывы. Але яны ня сталі гэтага рабіць. Бо, зважаючы на тое сацыяльнае напружаньне ў працоўных калектывах, выбралі меншае зло.

Такім чынам, грамадзтва праігнаравала гэтую кампанію. Абяцаныя 500 даляраў сярэдняга заробку не дапамаглі. Што з гэтага вынікае? Якія тэндэнцыі ў грамадзкіх настроях выявіла кампанія?»
2–3 мільёны беларусаў ужо адчуваюць сябе грамадзянамі

Дынько: «Гэтая кампанія пацьвердзіла тую тэндэнцыю, якая фіксавалася і падчас папярэдніх выбараў. Гэта тэндэнцыя разрастаньня слою палітычна актыўных грамадзян. Учора была цікавая сцэна ў маім двары. Іду на працу, стаяць дзьве жанчыны і мужчына і апытваюць кожнага, хто ідзе, ці хадзіў ён на выбары. І кажуць, што з ранку не знайшлі ніводнага, хто хадзіў. 2–3 мільёны беларусаў ужо адчуваюць сябе грамадзянамі. Ігнараваньне выбараў засьведчыла паступовае сталеньне нашай нацыі».

Казакевіч: «Большасьць насельніцтва разумее, што выбары — гэта фармальнасьць, што падчас іх адбываюцца фальсыфікацыі ці мадэляваньне вынікаў. Колькасьць людзей, якія разумеюць гэта, пастаянна павялічваецца.

Для пэўнай часткі людзей гэта сапраўды азначае сталеньне, то бок усьведамленьне ўласных інтарэсаў, разуменьне прыроды гэтай улады. А для іншай часткі — гэта проста вынік апатыі».


Якія высновы можна зрабіць зь дзеяньняў апазыцыі?


Карбалевіч: «Ці ёсьць нейкія здабыткі для апазыцыі пасьля выбарчай кампаніі? Ці створаны нейкі падмурак для кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў?»

Дынько: «Пытаньне адзінства апазыцыі складанае для любога несвабоднага грамадзтва. Яно існуе ня толькі ў Беларусі, але і ў Бірме, Зымбабве і інш. Бо прычыны гэтага не суб’ектыўныя, а аб’ектыўныя.

Выснова з гэтай выбарчай кампаніі палягае ў тым, што калі апазыцыя дзейнічае як адзіная сіла, то яна дамагаецца большага. Апазыцыі трэба дамовіцца аб адзінай стратэгіі прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году».
Калі зыходзіць з тых невялікіх рэсурсаў, неспрыяльных умоваў, то дзеяньні апазыцыі можна лічыць эфэктыўнымі

Казакевіч: «Калі зыходзіць з тых невялікіх рэсурсаў, неспрыяльных умоваў, то дзеяньні апазыцыі можна лічыць эфэктыўнымі. Яна скарыстала, можа, і не на 100% магчымасьці для камунікацыі з насельніцтвам, заяўленьня сваёй пазыцыі.

У кантэксьце гэтай кампаніі я ня бачу вялікай праблемы ў разьяднаньні апазыцыі. Калі задачай было — зьвярнуцца да грамадзтва, то арганізацыйнае аб’яднаньне ня мела вялікага значэньня».

Дынько: «У дзень выбараў глядзеў беларускае тэлебачаньне. У выпусках навінаў рэпартажы вёў хлопец, які ў час, калі быў студэнтам, насіў матэрыялы ў «Нашу ніву». Яны паведамляюць: выбары адбыліся, цяпер галоўная інтрыга, хто будзе выбраны дэпутатам. А на сайце «Нашай нівы» мы ўжо даўно апублікавалі сьпіс будучых дэпутатаў, і ўсе прозьвішчы супалі са сьпісам нібыта выбраных дэпутатаў.

Глядзіш і думаеш: для каго вы гэта ўсё гаворыце? Хто ў гэта верыць? Яны настолькі адрываюцца ад людзей! Як сказаў Пазьняк, «фарс пагарэлага тэатру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG