Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: «Беларуская літаратура жыве і будзе жыць»


Альгерд Бахарэвіч, фота: Сяргей Гудзілін (nn.by)
Альгерд Бахарэвіч, фота: Сяргей Гудзілін (nn.by)
У 2011 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча». У кнізе 38 артыкулаў, напісаных Альгердам Бахарэвічам на такія тэмы, як «алькагалізм», "батулізм","зубы«, «клептаманія», «курэньне», "старасьць","шаленства«... Выданьне было вельмі прыхільна ўспрынятае літаратурным асяродзьдзем. Андрэй Хадановіч сказаў, што кніга ўразіла яго «цэльнасьцю, кампазыцыйнай прыгажосьцю». Для Валянціна Акудовіча кніга засьведчыла, што «беларуская проза пачала інтэнсіўна мысьліць, як яно і належыць эўрапейскай літаратуры». Ігар Бабкоў адзначыў, што кніга ідзе «пэрпэндыкулярна таталітарнаму дыскурсу» сучаснага клопату аб здароўі чалавецтва. А Марыя Мартысевіч палічыла, што аўтар «некаторыя заганы ператварыў у вартасьці».

Альгерд, а мне асабіста найбольш запаў у памяць водгук аднаго пажылога ўдзельніка перадачы «Званочкі», які прасіў выслаць яму вашую кнігу, бо, маўляў, грошай на лекі ў яго малавата, дык, можа, ён здолее падлячыцца сам, чытаючы энцыкляпэдыю Бахарэвіча. Ён толькі крыху непакоіўся, што ні ў савецкіх, ні ў постсавецкіх энцыкляпэдыях і даведніках не знайшоў ні згадкі пра доктара Бахарэвіча. Давайце пачнем размову вось з гэтага пытаньня. У якіх энцыкляпэдыях і даведачных выданьнях вашае прозьвішча ўжо стаіць? У вас ёсьць дадзеныя па гэтых, так бы мовіць, паказальніках пісьменьніцкага славалюбства?

Што да майго прозьвішча ў даведніках і іншых выданьнях падобнага кшталту, то я неяк ня надта сачу за такімі рэчамі, хаця славалюбствам надзелены ня менш за іншых аўтараў. Пішуць пра мяне незаслужана шмат, але каб даведнікі ды энцыкляпэдыі... Апрача Вікіпэдыі, дзе намаганьнямі невядомых мне людзей прозьвішча «Бахарэвіч» сустракаецца досыць часта, нічога асаблівага ў галаву не прыходзіць. Што часам цешыць, дык гэта спасылкі на тэксты майго «Гамбурскага рахунку» ў артыкулах, прысьвечаных беларускім клясыкам. А чым сапраўды ганаруся, дык гэта тым, што ўрыўкі з маёй «Пасьлямовы перакладчыка» да казкі Гаўфа «Халоднае сэрца» ўвайшлі ў зборнік самых цікавых пасьлямоваў да твораў нямецкай літаратуры — гэткая вось кніга выйшла сёлета ў выдавецтве SAXA ў Бэрліне. Пераклаў тыя ўрыўкі Томас Вайлер.

Паколькі вы самі напісалі энцыкляпэдычнае выданьне, дык я здагадваюся, што вы любіце чытаць і энцыкляпэдыі, напісаныя іншымі. Калі так, дык ці не маглі б вы распавесьці пра адно ці два з такіх улюбёных энцыкляпэдычных выданьняў?

Так, энцыкляпэдыі — мае заўсёдныя спадарожнікі, кожную зь іх можна чытаць як раман, калі валодаеш мастацтвам чытаньня. Баюся, адной-дзьвюма абмежавацца не атрымаецца. Цуд энцыкляпэдыі ў тым, што пры недахопе чытва, безь якога я жыць не магу, можна ўзяць з паліцы любую такую кнігу і адгарнуць на любой старонцы: асалода забясьпечаная. У дзяцінстве гэта былі зачытаная мной, як кажуць, да дзірак, «Энціклопедія юного філолога» і шмат якія тамы «Большой советской энціклопедіі». У юнацтве ўлюбёнымі былі «Этнаграфія Беларусі», «Рок-энціклопедія», энцыкляпэдыя «Францішак Скарына», якую для мяне недзе здабыла маці, «Страны міра» і «Энціклопедіческій справочнік історіка». Ад першай да апошняй старонкі прачытаўся ў свой час даведнік «Беларускія пісьменьнікі». З захапленьнем чыталася і ўсё тая ж «Большая советская», але ўжо 50-х гадоў выданьня, знойдзеная мной у адной пыльнай менскай шафе. З адкрыцьцяў апошніх гадоў назаву савецкі даведнік па судовай мэдыцыне, куплены ў менскіх букіністаў, нямецкі малы «Brockhaus», выдадзены ў 20-х гадах і набыты мной за бясцэнак на гамбурскім флёмаркце. Пра Гітлера, напрыклад, там напісана так: «Палітык, мастак-дэкаратар, сузаснавальнік нацыянал-сацыялістычнай партыі, кіраўнік путчу ў Мюнхене...» Зьняволены-вызвалены: і на гэтым усё. Уражвае. У тым Брокгаўзе ляжала між старонак засохлая валошка: хто яе туды паклаў і калі? Варта згадаць даведнік «Нямецкая літаратура», падарунак ад кіраўніка аднаго перакладніцкага сэмінару. Ну, і цудоўныя «Энцыкляпэдыя выдуманых істотаў» Борхеса і «Энцыкляпэдыя ўсеагульных аблудаў» Соўчака. І не магу не назваць «Лексыкон інтымных месцаў» Андруховіча, а таксама свабодаўскія выданьні — такія, як «Імёны свабоды» і «Сто адрасоў свабоды», таксама — пэўнага кшталту энцыкляпэдыі, прачытаныя мной на адным дыханьні.

фота: Сяргей Гудзілін (nn.by)
фота: Сяргей Гудзілін (nn.by)


А як са слоўнікамі? Мяркуючы па вашым апошнім рамане, «Шабаны», дзе вы даволі падрабязна высьвятляеце магчымую этымалёгію назвы гэтага менскага прыгараду і перагукі гэтай назвы ў іншых мовах, слоўнікі таксама належаць да кніжак, у якія любіце заглядваць...

Са слоўнікамі, на мой погляд, літаратар не павінен разьвітвацца ні на хвіліну. Ня толькі дзеля спраўджваньня або пошуку, а і дзеля таго, каб заставацца ўвесь час у стыхіі слова... І — гэта ж таксама чытаньне, якое захапляе. Што да беларускіх, то мае фаварыты тут: слоўнік Байкова-Некрашэвіча, слоўнік сынонімаў беларускай мовы, падораны Сяргеем Шупам, слоўнік беларускай безэквівалентнай лексыкі і нямецка-беларускі і беларуска-нямецкі слоўнікі Мікалая Кур’янкі. Калі ж казаць пра замежныя мовы — гэта мая старая жарсьць, крыўдна, што з часам я спаталяю яе ўсё радзей. Калі ня браць у разьлік беларускую і нямецкую, дык, браўшыся ў сваім жыцьці за дваццаць моваў, ніводнай так урэшце і не авалодаў. Як толькі зразумееш збольшага, як працуе гэтая, і вывучыш паўсотні словаў, ужо карціць пазнаёміцца з новай. Мяне заўжды паталягічна цягнула да слоўнікаў і падручнікаў замежных моваў — і цяпер маю і рэгулярна бяру ў бібліятэцы ды гартаю ў вольны час кніжкі па нямецкай, францускай, чэскай, славацкай, украінскай, італійскай, лаціне, гішпанскай, ісьляндзкай, афрыкаанс, польскай, румынскай, турэцкай, харвацкай, латыскай, альбанскай, партугальскай... У выніку ўсё перамешваецца ў галаве. Гэта любоў неўзаемная і без усялякіх практычных выгодаў — а хіба можа быць практычнай сапраўдная любоў? Перакладаю я толькі зь нямецкай. Некалькі моваў прыдумаў сам — і спрабаваў складаць іхныя слоўнікі...

Калі мы ўжо пры слоўніках, дык не магу не запытаць пра вашу нямецкую мову. Вы вывучылі гэтую мову на такім узроўні, пра які калісьці марыў герой аднаго вашага апавяданьня, Гюнтэр Вальдгоф?

Я жыву ў Нямеччыне, таму нямецкая для мяне — ня толькі захапленьне, але і штодзённая неабходнасьць.

Як вам нямецкая культура? Я ведаю, што пытаньне занадта агульнае, таму крыху ўдакладню: вы пачуваецеся ў гэтай культуры як чужак ці, можа, ужо неяк асвоілі яе? Яна вам бліжэйшая за польскую, напрыклад?

На мой вялікі жаль, польская культура ад мяне значна далей за нямецкую — нават ня ведаю, чаму так здарылася. За выключэньнем аднаго фэстывалю ў Любліне, у Польшчы я апынаюся заўсёды праездам. Шкада... Хаця Шымборска, Капусьцінскі, Стасюк, Такарчук — адны з самых цікавых для мяне літаратараў у сьвеце. Спадзяюся, увосень атрымаецца хаця б трохі нагнаць прапушчанае — калі паеду ва Ўроцлаў на сваю «гедройцаўскую» стыпэндыю.

Не магу сказаць, што асвоіўся ў нямецкай культуры, яна занадта багатая, каб вось так, за пяць з паловай гадоў... Тут і цэлага жыцьця ня хопіць. Але мне цікава, я шмат паезьдзіў па краіне, тут галоўнае — вандраваць, сёньня ў іншыя гарады, заўтра па бібліятэцы, не сядзець на адным месцы. Не скажу, што пачуваюся, як чужак — хутчэй, як госьць. Гэты стан — вечнага госьця — для мяне вельмі натуральны і чамусьці дужа плённы. Я нідзе не пачуваюся сваім, ні тут, ні на радзіме, дзе быць беларускамоўным беларусам — значыць належаць да непажаданай для дзяржавы меншасьці.

Што вы чытаеце па-нямецку? Пытаю і пра кніжкі, і пра газэты. Якіх нямецкіх пісьменьнікаў любіце больш за іншых?

Па-нямецку я цяпер чытаю Рабэрта Баланьё, «2666», кніга на 1200 старонак, так што ёсьць чым заняцца. Хаця гэта не нямецкі аўтар... Навіны чытаю ў інтэрнэце, а з часопісаў аддаю перавагу «Шпігелю». Газэты купляю рэдка, толькі калі там ёсьць літаратурны дадатак зь нейкім цікавым інтэрвію. Сьпіс маіх любімых нямецкамоўных аўтараў будзе даволі доўгі і ня надта новы, перачытваць мне цяпер больш цікава, чым сачыць за навінкамі. Што казаць: толькі нядаўна па-сапраўднаму адкрыў для сябе Гётэ. А яго ж спрабуюць праходзіць у школе... Цікава, што яны там вычытваюць, у такім узросьце? Вядома, браты Грым, Грымэльсгаўзэн, Гаўф, Гофман... Перачытаў іх усіх з асалодай. Потым, несумненна, Кафка, Шніцлер, Майрынк, Музіль, Эвэрс, Дэблін, фон Додэрэр. Ніколі не разумеў фэномэну Манаў і Гесэ — ну, можа, усё яшчэ наперадзе. Далей Дзюрэнмат з Фрышам, Гюнтэр Грас (прачытаў летась ягоную апошнюю кнігу, «Grimms Wörter»), Пэтэр Гандке, Эльфрыдэ Елінэк, Увэ Цім, Вольфганг Кёпэн, Арно Шміт, Вольфганг Гільбіг, Томас Брусіг, Катрын Шміт, раман якой «Ты не памрэш» выйшаў летась у маім перакладзе на беларускую... Мой любімы сучасны нямецкі паэт — Ян Вагнэр. Думаю, варта спыніцца.

Вы якраз заканчваеце свой другі праект у рамках Бібліятэкі Свабоды — «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча». Як вы ацэньваеце рэакцыю чытачоў на вашы эсэ, якія публікаваліся на сайце Свабоды цягам апошняга году? Што думаеце пра дыскусію вакол вашага эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі»?

Рэакцыя паказала, што ёсьць яшчэ людзі, якім неабыякавая беларуская літаратура. Гэта добра. Дрэнна, што гэтая нібыта шчырая неабыякавасьць часьцей за ўсё падмяняе сабой веданьне саміх тэкстаў. Беларускую клясыку варта чытаць і яе трэба абараняць — ня толькі ад дзяржавы, але, напрыклад, і ад людзей, якія самі ня ўмеюць пісаць і адбіваюць сваімі так званымі «літаратуразнаўчымі артыкуламі» ўсялякую ахвоту знаёміцца зь ёй у чытача. Ад людзей, якія нічога не разумеюць у літаратуры і пнуцца дыктаваць іншым свае густы.

Я вельмі рады, што ў мяне атрымалася публічна правучыць некаторых няздараў і выкрыць парачку лятэнтых бальшавікоў ад літаратуры. Зрэшты, я ім вельмі ўдзячны: яны зрабілі «Рахунку» такую рэкляму! І я шчасьлівы, што тая дыскусія на «Свабодзе» спарадзіла новыя выдатныя і як ніколі своечасовыя тэксты: «Залатая мумія» Сяргея Дубаўца, «Праз туман» Аляксандра Лукашука, вашыя, Ян, «Ганаровая варта на могілках» і «Звужэньне поля бітвы». Гэта тое, што ўкладвалася ў межы дыскусіі. Астатняе назваць дыскусіяй цяжка. Дыскутаваць у нас пакуль умеюць слаба... Затое любяць шукаць ворагаў, а асабліва любяць вучыць: лекара — лячыць, футбаліста — гуляць, пісьменьніка — пісаць, чытача — чытаць... Каму з кім спаць, каго слухаць, чым дыхаць... Усё гэта тыпова, таму ня надта зьдзівіла. Вось Адам Глёбус кажа: ня трэба баяцца тупога інтэрнэт-натоўпу. Баяцца дурняў, аб’яднаных у калгас, сапраўды ня варта, зь іх трэба сьмяяцца. Я да любога натоўпу, а асабліва да таго, які ўлюлюкае камусьці ўсьлед, стаўлюся з пагардай. Была спроба арганізаваць цкаваньне, было нямала подлых прыёмаў, прычым ад людзей, ад якіх я гэтага ніяк не чакаў, дык якая ўжо тут дыскусія... Я ад душы пасьмяяўся, назіраючы за гэтым шоў — яны і праўда вырашылі, небаракі, што могуць мяне зламаць. Падчас працы над «Рахункам» я адчуў такую падтрымку самых розных людзей, сярод якіх і чытачы, і пісьменьнікі, і людзі, якія дагэтуль ні пра што такое не задумваліся, што зразумеў: беларуская літаратура жыве і жыць будзе, як бы каму ні хацелася яе пахаваць.

Апошняе пытаньне традыцыйнае для гутаркі зь пісьменьнікам: што далей у творчых плянах Альгерда Бахарэвіча?

У плянах на гэтую восень: выдаць і прэзэнтаваць у Менску «Гамбурскі рахунак» асобнай кніжкай. А таксама зладзіць дзьве прэзэнтацыі казак братоў Грым, для дзяцей і для дарослых — кніга выйдзе ў выдавецтве «Логвінаў» у маім перакладзе на беларускую пад рэдакцыяй Сяргея Шупы з ілюстрацыямі Васілісы Палянінай-Календы. Апрача таго, пачаць новы праект на «Свабодзе». І адначасова працаваць над новай кнігай прозы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG