Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьнежні 2011 – студзені 2012 на сайце Радыё Свабода адбылася дыскусія з нагоды эсэ Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі», якую распачала гутарка літаратара Міхася Скоблы з мастаком Рыгорам Сітніцам. У дыскусіі ўдзельнічалі Сяргей Дубавец, Ян Максімюк, Пётра Садоўскі, і іншыя, а таксама мноства чытачоў сайту.

Глядзець матэрыялы дыскусіі можна тут.

Некаторыя вынікі падводзіць дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук.

Калі дыскусія на Свабодзе разгарэлася, распалілася і выйшла за межы прыгожага пісьменства, адна мая калега сказала:

– У турмах сядзяць палітвязьні, а тут такія жарсьці вакол літаратурнага эсэ.

Яна мела на ўвазе, што нават лёсы палітзьняволеных у коле дапісчыкаў на форумах не выклікаюць такой бурнай рэакцыі, такіх ацэнак, такой аргумэнтацыі і такіх удзельнікаў.

Я сказаў – таму і сядзяць палітвязьні, што такая дыскусія не адбылася своечасова, і высновы зь яе не былі зробленыя і не ўсьвядомленыя ня толькі грамадзтвам, але нават элітай – нацыянальнай інтэлігенцыяй.

Своечасова – гэта значыць, у беларускім замежжы пачынаючы ад 1930-х, у савецкім самвыдаце ў 1960-я – сярэдзіна 80-х, у адкрытым друку – ад пачатку галоснасьці.

Не ўсьвядомлена элітай – гэта значыць, што, не засвоіўшы ўрокі таталітарызму, пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусі адукаваная частка грамадзтва, інтэлектуалы, пісьменьнікі, журналісты, дзеячы мастацтва, унівэрсытэцкая прафэсура, акадэмічная супольнасьць, урэшце, настаўнікі, лекары, дэпутаты Вярхоўнага Савету і яго кіраўніцтва, аказаліся ня здольнымі своечасова распазнаць небясьпеку новага аўтарытарызму, пабачыць глебу для яго ў саміх сабе, аб'яднацца насуперак асабістым густам і амбіцыям , каб эфэктыўна супрацьстаяць яму. Як няздольныя і цяпер аб'яднацца дзеля адных каштоўнасьцяў ці вакол аднаго кандыдата на выбарах, зноў і зноў шакуючы сваіх дэмакратычных прыхільнікаў у Беларусі і за мяжой уменьнем наступаць на адны і тыя ж граблі.

Вядома, гэта згушчэньне фарбаў – былі і ёсьць сярод элітаў асобы, якія выразна ўяўлялі небясьпекі і змагаліся супраць іх, але іх слова і прыклад аказаліся недастатковыя.

Літаратурная дыскусія на сайце Свабоды патрапіла ў незагойную рану нацыянальнай сьвядомасьці, бо выйшла далёка за межы літаратуры. Аргумэнты пра слабасьць нацыі і адказнасьць мастакоў, пра сваё і чужое, пра нялюдзкія ўмовы і паводзіны людзей, якімі ўдзельнікі спрабавалі адказаць на пытаньні эстэтыкі і маральнасьці, былі часам поўныя гневу і болю – бо ўсім удзельнікам гэта баліць.

Ня ставячы пад сумнеў шчырасьць пачуцьцяў, даўшы час і месца выказацца ўсім, хто хацеў, варта паспрабаваць зрабіць некалькі высноваў. Яны не заменяць саму дыскусію і багацьце ўсіх яе пунктаў гледжаньня, не адкажуць на ўсе слушныя і спрэчныя думкі, якія прагучалі. «1984» Орвэла і «Сотнікаў» Быкава такія ж удзельнікі гэтай дыскусіі, як усе мы.

Абмяжуемся тут, наколькі магчыма, толькі пытаньнем свабоды – свабоды творчасьці і свабоды выбару.

Але перш – азірнемся бяз гневу.

Бацькі і дзеці белліту


Беларуская літаратура і яе творцы ня горшыя і ня лепшыя, чым літаратуры многіх іншых народаў, параўнальных зь Беларусьсю памерам і гісторыяй. Але для самой Беларусі яна, безумоўна, і найлепшая і найгоршая, бо яна родная. Так найбольшыя радасьці і пакуты ў жыцьці здольныя прынесьці адно аднаму менавіта родныя людзі.

Нават калі дзеці выракаюцца і забываюцца на бацькоў, тыя іх працягваюць любіць, як, напрыклад, герой аповесьці Васіля Быкава «Аблава». (Там сын удзельнічае ў аблаве НКВД на бацьку, які ўцёк з Гулагу і хаваецца паблізу роднай вёскі. Гэтая аповесьць, кангеніяльная «Каралю Ліру» і калізіяй, і мастацкім вырашэньнем, сканчаецца, аднак, больш трагічна – перамогай татальнага зла. Выйсьця там не існуе ў прынцыпе, яго найбліжэйшы сынонім – самагубства.)

Жывая культура – гэта заўсёды рух, пастаяннае ўдакладненьне каардынатаў і пашырэньне карціны сьвету, выхад на новыя вышыні. Не заўсёды больш высокія, але абавязкова – новыя, як, напрыклад, у гарах, калі з новага піку адкрываецца іншая пэрспэктыва.

«Гамбурскі рахунак» – спроба паглядзець на літаратурны пэйзаж Беларусі вачыма сёньняшняга пісьменьніка і стварыць новую пэрспэктыву. Так, як, напрыклад, гэта зрабіў Уладзімер Набокаў у сваіх лекцыях па расейскай і замежнай літаратуры, Андрэй Сіняўскі ў «Прогулках с Пушкиным», ці, напрыклад, нашы калегі – журналісты «Свободы» Пётр Вайль і Аляксандар Геніс у калекцыі эсэ пра расейскіх клясыкаў «Родная речь».

Дакладней – амаль так. Кожны сапраўдны аўтар стварае свой сьвет. (У Васіля Быкава адна вайна, ва Ўладзімера Войнавіча – іншая, у маршальскіх мэмуарах увогуле пятая.)

Усё астатняе – той дзядзька, што ў Кіеве. Хоць, калі рэдакцыя замаўляла гэты цыкль аўтару, дык думала і пра «дзядзьку ў Вільні» – паспрабаваць вярнуць цікавасьць да незаслужана забытых аўтараў, сьцерці пыл зь іх тэкстаў, каб яны заблішчэлі, ажылі і зайгралі.

Альгерд Бахарэвіч выводзіць сваіх герояў на фантастычны, поўны музыкі і яркага сьвятла баль-маскарад сусьветнай літаратуры. Дзядзькі і цёткі белліту зьяўляюцца, як хто жыў і пісаў – нехта мае толькі адзін пярсьцёнак, але з дыямэнтам, у некага на галаве кардонная карона, некаторыя ледзь-ледзь маюць чым прыкрыць голае цела. Яны зьяўляюцца толькі на некалькі хвілінаў (столькі, колькі трэба часу, каб прачытаць абразок), і гэта іх шанец, каб уразіць, бліснуць, запомніцца.

Гэта адразу адчулі тыя наведнікі сайту, якія сталі пісаць пра сваё жаданьне прачытаць і перачытаць творы, якіх ня бралі ў рукі з часоў школьных урокаў белліту. Аказалася – гэта жывыя пісьменьнікі і ім ёсьць што сказаць і сваімі творамі, і сваім лёсам чытачам у 21-м стагодзьдзі.

Некаторыя чытачы, аднак, паставілася да цыклю, які так неклясычна абходзіўся з клясыкай, насьцярожана і сталі задаваць пытаньні кшталту «а судзьдзя – хто», «чаму дазволілі», указваць аўтару на асабістыя хібы, адсутнасьць ведаў, патрыятызму, замежны адрас і нават раіць яму не зьяўляцца ў Беларусі, бо могуць пабіць.

Насамрэч адказ на пытаньне «хто і калі мае права выставіць беларускай літаратуры гамбурскі рахунак» такі самы, як пра ўкраінскую, японскую і ірляндзкую літаратуры – усе і заўсёды.

І ў такой форме, якой хочуць – гэта называецца свабода слова і свабода думкі, безь якіх творчасьць немагчымая («крадзенае паветра», як казаў Восіп Мандэльштам).

Пісьменьнік Бахарэвіч не судзьдзя, а стваральнік свайго балю, цырымонімайстар, гэта ён грае, сьпявае і танчыць так, як умее і можа толькі ён сам у тым Гамбургу, дзе, як пісаў яшчэ Мікалай Гогаль, робяць Месяц.

Вэгетарыянскія гамбургеры


На думку некаторых удзельнікаў дыскусіі, аднак, у Гамбургу робяцца выключна гамбургеры. І робіць іх Бахарэвіч. І робіць зь мяса і жылаў Алаізы Пашкевіч і Івана Луцэвіча ды іншых нябожчыкаў, якіх выкопвае з магіл і пускае на фарш.

Блытаюць боб з гарохам звычайна альбо недасьведчаныя, альбо падсьлепаватыя людзі. Гэтаксама, як неразьвітыя, далёкія ад культуры чытачы блытаюць аўтара і яго герояў, эстэтыку з этыкай, культуру з ідэалёгіяй, прыгожае з карысным. З той розьніцай, што часам гэта робіцца яшчэ й таму, што так выгадна – каб абараніць свой даробак, свой сьветапогляд, свой інтарэс.

Абвінавачаньні, якія прагучалі ў дыскусіі – у хунвэйбінстве, блюзьнерстве, патрабаваньні не перастаўляць літары, не друкаваць тэксты, бо яны скажаюць, абураюць і крыўдзяць, парады пісаць іначай і пра іншае – ня маюць ніякага дачыненьня да эстэтыкі, літаратуры і культуры ў цэлым.

Менавіта так рэагавалі некаторыя сучасьнікі, напрыклад, на партрэты Пікасо. Вось намаляваў Пікасо сваю любімую жанчыну, Дору Маар, у выглядзе паралелепіпэдаў, трохкутнікаў, а вока ўвогуле пераставіў на патыліцу – не каханка, а Герніка. І хоць ёй падабалася, і карціну нядаўна прадалі за амаль сто мільёнаў даляраў (другая па кошце ў сьвеце), з саюзу мастакоў БССР яго б дакладна выключылі. Бо – блюзьнерства.

Ці Салман Рушдзі – яго крытыка-аяталу хоць зараз задняй датай прымай у СП БССР.

Фатва за «Сатанінскія вершы» ёсьць не абаронай сьвятыняў, а дзікасьцю і фанатызмам, як дзікасьцю было цкаваньне Васіля Быкава за «Мёртвым не баліць» і антысэміцкае змаганьне з Маркам Шагалам, звальненьне Ўладзімера Арлова за «гістарычную і іншую сумнеўную літаратуру», ці нядаўняе патрабаваньне Мікалая Чаргінца закрыць незалежнае выдавецтва «Логвінаў».

Крытыкі напэўна ж ведаюць гэтыя прыклады – але, як нагадаў адзін чытач, эрудыцыя ня ёсьць культура. Веды не паўплывалі на высновы. Парадыгма засталася незасвоенай. Граблі зноў і зноў лупяць па лбе і да туману ў вачох дадаецца яшчэ й звон у вушах.

Але для мастацтва – гэта толькі кантэкст, а ня тэкст, чыньнік, які ня мае сутнаснага зьместу і застаецца ў гісторыі культуры як зноска, якая нудна і аднастайна паўтараецца ў выглядзе барацьбы зь ерасямі, знаходзячы адны і тыя ж прычыны і ўжываючы адны і тыя ж мэтады, апісаныя на пачатку 14 стагодзьдзя знакамітым інквізытарам Бэрнардам Гі ў фундамэнтальнай працы «Liber sententiarum». Арыгінал выдаюць у бібліятэцы Брытанскага музэю, а тэкст можна знайсьці ў Інтэрнэце.

Таксама там можна знайсьці рэцэпт катлеты з морквы.

Сталін думае пра Беларусь


Самая цікавая і важная частка гэтай дыскусіі – не літаратура, а літаратары.

Галоўная і насамрэч адзіная сапраўдная чалавечая трагедыя – гэта трагедыя зламанага духу, трагедыя здрады самому сабе. Юда здрадзіў не Хрысту, а сваёй бесьсьмяротнасьці.

Такая трагедыя – не выключэньне, а правіла, яна экзыстэнцыйна прысутнічае ў жыцьці. Яна не абавязкова фатальная, як сьведчыць прыклад яшчэ аднаго з удзельнікаў тайнай вячэры, Пятра – тройчы адрокся, але атрымаў дараваньне і нават прызнаны слупом царквы. У свабодным грамадзтве гэтая трагедыя выбару носіць пераважна асабісты характар, у таталітарным – татальны.

Трагедыя Івана Луцэвіча не ў яе выключнасьці, а ў выключнасьці Янкі Купалы – нацыянальнага генія і прарока, асноваўтваральнай фігуры маладой літаратуры маладой нацыі. Здрада Юды – адна справа, здрада Хрыста – зусім іншая.

Дык вось, пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч сказаў наступнае: Янка Купала ня здрадзіў беларускай літаратуры. Янка Купала памёр на пачатку 30-х. Пасьля гэтага падобнымі літарамі карысталася фізычнае цела, якое выглядала як Іван Луцэвіч, але было насамрэч Каянам Лупакам.

Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі з гэтым не пагаджаюцца, а, наадварот, даводзяць, што Купала заставаўся Купалам і ў другой палове 30-х.

Пасьля допыту ў ГПУ і спробы самагубства.

Пасьля калектывізацыі.

Пасьля арыштаў і ссылкі дзясяткаў сваіх сяброў-нацдэмаў.

Пасьля цкаваньня і самагубства добрых знаёмых Чарвякова і Галадзеда.

Пасьля адкрытых працэсаў.

Пасьля 29 кастрычніка 1937 году, калі за адну ноч былі расстраляныя дзясяткі беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, грамадзкіх дзеячоў.

І тады, калі праз тыдзень пасьля той ночы ён апублікаваў у «ЛіМе» такі верш:

Не пра быўшае кайданнае
Гэту песьню я складаю,
А пра зьяву нечаканую.
Што сягоньня шчасна маем.

Не пра турмы, зьдзекі царскія,
Мукі люду і народаў,
А пра волю пралетарскую,
Залатыя нашы годы.

Не пра цемру беспрасьветную,
Што людзям сьляпіла вочы,
А пра яснасьць зорнацьветную,
Што разьвеяла нам ночы.

Не пра беднасьць беспрытульную,
Гора вечнае, жабрацтва,
А пра наша ўсеагульнае
Неабсяжнае багацтва.

Не пра ненавісьць, што годамі
Нас давіла цяжкім грузам,
А пра дружбу між народамі
Ўсяго нашага Саюза.

Не пра сны з цяжкімі зморамі,
Што цягнулі нас у нерат,
А пра сталінскі пад зорамі
Сонечны паход наперад.

Не пра быўшае кайданнае
Гэту песьню я складаю,
А пра зьяву нечаканую.
Што сягоньня шчасна маем.


Такія вершы і такія паводзіны – не выключэньне ў таталітарнай сыстэме. Выключэньне, паўтаруся, Купала, які заслугоўваў Нобэлеўскай прэміі яшчэ ў 20-я гады.

Верылі ў праўдзівасьць сталінскіх судовых працэсаў ня толькі мільёны людзей у савецкім канцлягеры, але і на свабодным Захадзе – раманіст Ліён Фэйхтвангер напісаў панэгірык «Москва 1937», будучы нобэлеўскі ляўрэат Уінстан Чэрчыль выказваў захапленьне прамовай Вышынскага на працэсе военачальнікаў нават пасьля вайны.

Рэч у тым, што Купала – ня верыў. З гэтым ніхто, дарэчы, у дыскусіі і не спрачаецца. Наадварот.

Адзін зь вядомых беларускіх незалежных крытыкаў, энцыкляпэдычны знаўца біяграфічных дэталяў беларускіх літаратараў 1920-30-х гадоў, сьцьвярджае, што Купала пісаў у 30-я тое, што пісаў, ня толькі з-за веры ў сацыялізм, ня толькі з-за страху (ня толькі за сябе), а таму, што яго, у адрозьненьне ад іншых, менш знакамітых – «прымушалі пісаць».

Крытык такім чынам паставіў паэта ніжэй за каня, якога, як вядома, можна падвесьці да вады, але нельга прымусіць піць. Магчыма, ён меў на ўвазе, што гістарычна, сапраўды, раб каштаваў менш за каня.

Для раба не існуе свабоды, а існуе біялёгія. Савецкі і гітлераўскі таталітарызм 20-га стагодзьдзя ламаў душы як запалкі – хто жыў тады і пакінуў успаміны, той сьведчыць наколькі насамрэч слабы чалавек перад машынай гвалту. Нават вязьні Гулагу, якія вытрымалі катаваньні і не падпісалі абвінавачаньні, прызнаваліся, што калі б працягвалі, ці катавалі больш жорстка, ці паставілі на кон, напрыклад, дзяцей – падпісалі б. Проста ў катаў рукі не дайшлі.

Да грамадзяніна Івана Дамінікавіча Луцэвіча – дайшлі.

І тады пісьменьнік Янка Купала скончыў самагубствам. А Іван Луцэвіч застаўся жыць.

Адзін мой калега напісаў:

«Купала ў тых страшных умовах зрабіў свой выбар. «Уяві сябе на ягоным месцы» – скажуць мне. А я не магу і не хачу. Я ўяўляю сябе на месцы нямой і скутай жахам Беларусі канца 30-х: родных і блізкіх забітых, ацалелых работнікаў культурнага фронту, тысячаў чытачоў, якія з надзеяй глядзелі на Песьняра, які некалі абяцаў: «Выйду з сэрцам, як з паходняй...» Уяўляю, як у іх стыне кроў, як усё паглынае змрок і як зьнікае апошняя надзея».

Лепшай абароны Янкі Купалы ад Сталіна, чым сфармуляваў Альгерд Бахарэвіч, не было і ня будзе.

А Івану Луцэвічу, як і ўсім нам – Бог судзьдзя.

Але ня толькі. Бо ёсьць яшчэ суд ахвяраў.

У тумане


Было б спакусьліва напісаць, што лінія Сталіна дзеліць гэтую дыскусію на дзьве часткі, ваўкоў і агнцаў, але гэта ня так – бо яна заўсёды праходзіць па самім чалавеку.

Чвэрць стагодзьдзя таму мне ўдалося апублікаваць першы ў беларускім адкрытым друку круглы стол зь вязьнямі Гулагу – беларускімі пісьменьнікамі. Сяргей Грахоўскі і Ян Скрыган расказвалі пра свае пакуты, пра зьдзекі, сваё разуменьне таго, што зь імі адбылося. І нават праз паўстагодзьдзя пасьля арышту яны лічылі неабходным прызнавацца ў любові да савецкай улады і патрыятызьме. Баяліся? Шчыра любілі? Пераканалі самі сябе, што зь імі і іх сябрамі адбылася памылка? Лічылі, што так у той момант будзе лепш для беларускай літаратуры? Верагодна, усё разам.

Васіль Быкаў некалі напісаў апавяданьне «Ружовы туман» пра вясковага дзядзьку, які ўсё жыцьцё пражыў як у сьне, думаючы, што разам з партызанамі змагаўся супраць акупантаў – насамрэч яго проста цынічна выкарысталі як барана, пусьціўшы атаварыць падробленыя прадуктовыя карткі, каб праверыць, прыстрэляць наіўнага дзядзьку ці не.

Ружовы туман даў назву знакамітаму артыкулу Сяргея Дубаўца ў «ЛіМе» у 1998 годзе. Нічога з таго дыягназу і той аргумэнтацыі не састарэла – у гэтым можна пераканацца і паводле гэтай літаратурнай дыскусіі.

У тым маім самым першым круглым стале зь пісьменьнікамі-вязьнямі Гулагу, у 1987 годзе, згадваўся акадэмік Васіль Барысенка – як адзін з групы крытыкаў, якія разам з Лукашом Бэндэ нясуць асабістую адказнасьць за арышты і зьнішчэньне беларускіх пісьменьнікаў. Такая пастаноўка пытаньня тады выклікала абурэньне ў некаторых супрацоўнікаў акадэмічнага інстытуту літаратуры (Барысенка быў дырэктарам ад 1937 да 1973 году), і ў 1988 пачалася палеміка ў друку, якая цягнулася амаль сем гадоў.

Абараняючы Барысенку, які пісаў рэцэнзіі на замову НКВД, адзін з супрацоўнікаў Акадэміі адрасаваў мне у красавіку 1994-га ў «ЛіМе» такое папярэджаньне:

“I калі б кіравацца крытэрыямі высокай сёньняшняй прынцыповасьці, то што трэба было б пісаць пра Ц.Гартнага, П.Глебку, П.Броўку, А.Александровіча, А.Куляшова, З.Бядулю, К.Крапіву, А.Астрэйку? I ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам (пра апошняга нават у пасьляваенны пэрыяд)».

Працытую свой адказ, апублікаваны тады таксама ў «ЛіМе»:

«Ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам», — папярэджвае аб пагрозьлівай небясьпецы аўтар. Дык можа ўжо час нашым вучоным адмовіцца ад звычкі гаварыць толькі прыемнае? I паспрабаваць перайсьці да праўдзівага? Тады, дарэчы, ніводнаму сумленнаму і кампэтэнтнаму дасьледніку ў галаву ня прыйдзе ставіць на адну дошку няштатнага супрацоўніка органаў, чые спэцдопісы падшываліся ў сьледчую справу, і Купалу з Коласам, растаптаных з дапамогай «літаратуразнаўцаў ад НКВД».

Празь некалькі гадоў усю тую дыскусію пад загалоўкам «Дырэктар літаратуры» я рыхтаваў да друку ў кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай» – і нечакана пабачыў, што ізноў публікуюцца ўхвальныя артыкулы пра Барысенку. Нагадаю – ужо былі зьбітыя дэпутаты-галадоўнікі за мову і сьцяг, ужо Пагоню скінулі з Дому ўраду, ужо была перакроеная канстытуцыя, а ў неабароненых Курапатах па ранейшаму выгульвалі сабак і раскладалі вогнішчы.

Я дадаў тады толькі адзін сказ як пасьляслоўе да той дыскусіі:

«А мы яшчэ зьдзіўляемся, што з намі адбываецца».

У сьнежні 2011 году па беларускім дзяржаўным радыё гучала гутарка з адным супрацоўнікам інстытуту літаратуры і мовы Акадэміі навук, вядомым дасьледчыкам старажытных рукапісаў. Сярод іншага юбіляр сказаў – «не магу ня ўспомніць добрым словам колішняга дырэктара інстытуту Васіля Барысенку».

А мы ўсё яшчэ зьдзіўляемся, калі бачым, як адна дэмакратычная партыя падае скаргу на другую ў міністэрства юстыцыі, якое абедзьве лічаць часткай нелегітымнай улады, як адзін супрацоўнік літаратурнага часопіса піша на калегу скаргу ў пракуратуру, а незалежны літаратар шукае праўды ў афіцыёзе.

Туман ярам, і нічога ня відна.

За туманам


Усё ж пасьля гэтай дыскусіі за туманам стала відна прынамсі «дуба зелянога» – праблему свабоды ў сёньняшняй Беларусі.

Свабода творчасьці і свабода слова – блізкія, але розныя рэчы. Першая мае справу з ілюзіяй, яе крытэрый – прыгажосьць новастворанага сьвету. У другой матэрыял – існуючы сьвет, яе крытэрый – дакладнасьць разуменьня рэальнасьці.

Гэтымі катэгорыямі жыцьцё не вычэрпваецца, канечне. Але бязь іх не пабачыць, не зразумець, не адрозьніць катаў і ахвяраў, літаратуру і макулятуру, шэрае і чырвонае, асабліва калі гэтыя архетыпы злучаюцца ў адным чалавеку, у адным жыцьці, у адной гісторыі.

Расейскі пісьменьнік Уладзімер Войнавіч, які на маю просьбу летась 19 студзеня разам зь іншымі літаратарамі з суседніх краінаў напісаў свой ліст беларускім палітвязьням у турму КДБ, назваў іх «уважаемые пленники презренного диктатора».

У якім палоне знаходзіцца беларуская літаратура?..

Дыскусіі, падобныя да гэтай, прагрымелі яшчэ за часам Савецкага Саюзу ў Маскве і Кіеве, Бэрліне і Варшаве. У 2002 годзе Ўладзімер Войнавіч выдаў бязьлітасную кнігу «Портрет на фоне мифа» пра несамавітыя рысы вялікага Аляксандра Салжаніцына, што каштавала яму сяброўства з многімі даўнімі аднадумцамі, мужнымі і маральна бездакорнымі людзьмі. Напісаў, верагодна, таму, што ня мог не напісаць. Ён скончыў яе словамі, што казаць праўду, жыць без ілжы цяжка. І дадаў з абзаца:

«Но надо».

І дапісаў яшчэ адзін, апошні радок:

«Но бесполезно».

Тую самую першую гутарку за круглым сталом зь беларускімі літаратарамі- вязьнямі Гулагу чвэрць стагодзьдзя таму завяршалі словы Яна Скрыгана:
«Мне здаецца, што без такой размовы мы ўвогуле ня можам жыць».

Як аказалася – жывем. Толькі не адрозьніваем Купалу ад Лупакі, літаратуру ад могілак, учора ад заўтра.

Але – і ў гэтым сэнс і надзея – менавіта ў такіх размовах вучымся адрозьніваць, каб заўтра не было такім, як учора.

За гэта (нават калі «бесполезно») – дзякуй усім удзельнікам дыскусіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG