Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па зарослых сьцежках

У жніўні 1939, калі Кнуту Гамсуну споўнілася 80 гадоў, славуты нарвэскі пісьменьнік атрымаў тэлеграмы зь віншаваньнямі ня толькі ад нарвэскага караля Гокана VII i сяброў нарвэскага ўраду, але і ад канцлера Нямеччыны Адольфа Гітлера ды ўсіх нацысцкіх вярхоў (Германа Гёрынга, Ёзэфа Гёбэльса, Бальдура фон Шыраха, Яахіма фон Рыбэнтропа і Альфрэда Розэнбэрга).

Галоўны ідэоляг нацызму Розэнбэрг у сваім віншаваньні назваў Гамсуна «вялікім стваральнікам вобразаў у нардычнай супольнасьці і шчырым сябрам новай Нямеччыны». Розэнбэрг дадаў: «Паколькі Вашы вобразы нараджала несьмяротная воля, Вы змаглі знайсьці шырокі водгук сярод нямецкага народу ды даць нямецкай літаратуры жыцьцятворныя штуршкі».

Звычайнае віншавальнае пустаслоўе? Ня цалкам. Кніжкі Кнута Гамсуна 10-х, 20-х і 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя сыходзілі з прынцыпова іншых філязофскіх меркаваньняў, чым тыя з пачатку ягонага творчага шляху, якія ўчынілі яго пісьменьнікам сусьветнага маштабу. У «Голадзе» (1890) і «Містэрыях» (1892) Гамсун быў вешчуном эўрапейскага мадэрнізму. Гамсунам захапляліся і ад Гамсуна вучыліся такія розныя пісьменьнікі як Эрнэст Гэмінгуэй, Герман Гесэ, Томас Ман, Франц Кафка, Максім Горкі, Штэфан Цвайг і Генры Мілер. Аднак у рамане «Плады зямлі» (1917), за які Гамсуну далі Нобэлеўскую прэмію ў 1920, дый у пазьнейшых — напрыклад, трылёгіі «Бадзягі» (1927), «Аўгуст» (1930), «А жыцьцё ідзе» (1933) — Гамсун у сваім сьветабачаньні перайшоў на пазыцыі кансэрватызму. Ён адназначна варожа паставіўся да дэмакратыі і мадэрнасьці, пачаў усхваляць традыцыйныя народныя каштоўнасьці, заснаваныя на містычнай сувязі чалавека зь зямлёй ды родавай, кроўнай сувязі пакаленьняў. Вось гэтыя вязі, паводле Гамсуна, і стваралі сутнасьць нарвэскай душы. У падобных эстэтычна-філязафічных меркаваньнях шукала свайго глыбейшага абгрунтаваньня і ідэалёгія нямецкага нацызму.

Але Гамсуна зь нямецкім нацызмам яднала ня толькі абстрактнае сьветабачаньне. Нарвэскі пісьменьнік, які практычна закончыў свой творчы шлях раманам «Кола замыкаецца» ў 1936, у сваіх прэсавых і публічных заявах у далейшым працягваў падтрымліваць Гітлера, бачачы ў нацыстах сілу, якая можа аднавіць нямецкі народ і, шырэй, «нардычную супольнасьць», то бок, Скандынавію. Гамсун ненавідзеў Вялікабрытанію і прывітаў нямецкую акупацыю Нарвэгіі ў 1940 годзе ды створаны немцамі калябаранцкі нарвэскі ўрад Відкуна Квісьлінга. У акупацыйнай прэсе Гамсун пісаў, што «немцы змагаюцца за нас, крышачы тыранію Вялікабрытаніі над намі і ўсімі нэўтральнымі дзяржавамі». Калі Гітлер закончыў жыцьцё самагубствам і да завяршэньня вайны заставаліся лічаныя дні, Гамсун напісаў нэкралёг, у якім назваў Гітлера «змагаром за чалавецтва, прарокам эвангельля справядлівасьці для ўсіх народаў». У час вайны сын пісьменьніка, Турэ, служыў у СС, а жонка Марыя, якая была маладзейшай за пісьменьніка на 23 гады, працавала ў міністэрстве прапаганды Ёзэфа Гёбэльса.

Што нарвэжцам рабіць з чалавекам, які з аднаго боку быў нацыянальным прарокам і сусьветна прызнаным геніем, а з другога — задэкляраваным нацыстам і нацыянальным здраднікам?

86-гадовага Гамсуна, які ў 1945 быў ужо цалкам глухі, арыштавалі і абвінавацілі ў нацыянальнай здрадзе. Прысуд мог быць толькі адзін — сьмерць. Але як жа забіваць нацыянальнага прарока? Усе спадзяваліся, што Гамсун памрэ і такім чынам вырашыць тую галаваскрутную сытуацыю. Але пісьменьнік не сьпяшаўся паміраць. Таму нарвэскія ўлады прыдумалі псыхіятрычную экспэртызу, якая сьцьвердзіла, што ў пісьменьніка памуціўся розум. Крымінальнае абвінавачаньне перакваліфікавалі ў адміністрацыйнае і пакаралі Гамсуна вялізным штрафам, які зруйнаваў пісьменьніка матэрыяльна. Жонцы Гамсуна далі тры гады турмы, але выпусьцілі пасьля дзевяці месяцаў, падцягнуўшы яе справу пад амністыю.

Магчыма, увесь гэты «казус Гамсуна» неяк абціх бы пад этыкеткай пісьменьніка з памутнелым розумам, але ў 1949 годзе 90-гадовы пісьменьнік выдаў кнігу пад назвай «Па зарослых сьцежках». Гамсун у ёй не раскайваўся ў сваіх сувязях з нацызмам, а адстойваў, так бы мовіць, сваё разумовае здароўе і свой пункт погляду. Маўляў, уся тая псыхіятрычная экспэртыза была лухтой, ён абсалютна ў сваім розуме і ён не прызнае сябе вінаватым ні ў чым. Безумоўна, ён быў поўнасьцю ў сваім розуме. Але ці невінаваты?

Гамсун памёр у 1952, на 93-м годзе жыцьця.

У 2009 Нарвэгія ўрачыста адзначыла 150-я гамсунаўскія ўгодкі.

У 2003 і 2004 нарвэскі журналіст Інгвар Слетэн Калоен выдаў дзьве часткі аб’ёмістай біяграфіі Кнута Гамсуна — прыблізна 1000 старонак дробным шрыфтам. Гэтае двухтомнае выданьне, якое ляжыць перада мной, калі я пішу гэты тэкст, падсумоўвае больш чым паўстагодзьдзя нарвэскага «змаганьня з Гамсунам» як нацыянальным геніем і здраднікам.

Дыскусія пра Гамсуна, якая пасьля ягонай сьмерці працягвалася ў Нарвэгіі ў сотнях журналісцкіх артыкулаў і манаграфій рознага ўзроўню навуковасьці, была, калі можна так сказаць, адной з праяваў жыцьцяздольнасьці нарвэскай літаратуры. У Нарвэгіі ніхто і не спрабаваў запіхнуць справы Гамсуна ў «цёмную камору нарліту» ці заткнуць рот тым, якія хацелі паразважаць ня толькі пра Гамсуна-аўтара «Голаду» і «Вікторыі», але і пра Гамсуна-аўтара нэкралёгу для Гітлера.

Пра Купалу і іншых

Ну дык вось, апошні тыдзень мінулага году я гартаў 500-старонкавы другі том манаграфіі Інгвара Слетэна Калоена, каб выбраць некалькі цытатаў і фактаў з жыцьця Кнута Гамсуна, якія падышлі б як уступ да таго, пра што хачу напісаць далей.

А хочацца мне працягнуць дыскусію пра Янку Купалу, якая ўзьнікла на сайце Радыё Свабода пасьля публікацыі эсе Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі». Кажучы дакладней, мне хочацца адказаць на некаторыя рэакцыі і камэнтары, якія ўзьніклі пасьля публікацыі майго блогу «Цёмная камора белліту».

Я ня буду упарціцца і казаць, што існуюць шчыльныя аналёгіі паміж сытуацыяй Янкі Купалы ў ягоным «бальшавіцкім пэрыядзе» ў 1930-х ды Кнутам Гамсунам і ягонымі дачыненьнямі з нацызмам. Але, як думаю, усе пагодзімся, што тут праглядаецца выразнае тыпалягічнае падабенства гэтых абедзьвюх сытуацый, прынамсі ў двух аспэктах. І тут, і там мы маем дачыненьне зь не да канца зразумелай сытуацыяй маральнай падтрымкі злачыннаму рэжыму; і тут, і там няма кансэнсусу, як нам і нарвэжцам — чытачам Купалы і Гамсуна — ставіцца да фэномэну здрады.

Я абсалютна далёкі ад таго, каб сьцьвярджаць, што Купала ў 1930-х здрадзіў якому-небудзь народу, ці то беларускаму, ці то савецкаму. Калі б ён здрадзіў народу, можна і трэба было б шукаць яму апраўданьня. Так як нарвэжцы па сёньняшні дзень пакутліва шукаюць апраўданьня Гамсуну. Але я пакідаю гэтае пытаньне па-за кадрам.

Я напісаў у папярэднім сваім блогу, што Купала здрадзіў самому сабе і беларускай літаратуры. І што гэтай здрадзе немагчыма знайсьці апраўданьня.

Таму што, калі знайсьці такое апраўданьне, непазьбежна ўзьнікне пытаньне, якому Купалу мае верыць сёньняшні чытач. Ці таму, які пісаў адразу пасьля 1905 году, што:

Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Закулі рукі ў кайданы, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!


Ці можа таму, які ў 1935 годзе пісаў:

За ўсё тое, што стварылі
Шчыра твае людзі,
Ордэн Леніна сягоньня
Твае ўквеціць грудзі.
Рана, позна — гэта ведай,
Ці сонца, ці зоры, —
Мудры Сталін падзяляе
Тваё шчасьце й гора.


Ён тады пісаў і значна горшыя рэчы, але больш пра іх ня будзем. Бо тое, што ён напісаў у 1930-х, гэта графаманства зь літаратурнага гледзішча. І нам трэба гэта сёньня выразна сказаць. Каб мець сьмеласьць назваць графаманамі і шмат каго зь іншых пасьлядоўнікаў, якія ў беларускай літаратуры пісалі падобнае ўжо не пад чэкісцкім пісталетам, а за неблагія ганарары, за званьні народных пісьменьнікаў і за самазадаволенае адчуваньне, што пры нагодзе яны яшчэ служаць народу.

Купала, я паўтаруся, заклаў у беларускай літаратуры новую парадыгму дачыненьняў літаратуры з уладай, у якой пісьменьнік у першую чаргу абслугоўваў уладу, а толькі ў другую чаргу нешта, што называлася «народам».

Не помню дакладна калі і дзе, але гэта Васіль Быкаў зрабіў горкае прызнаньне, што бальшавікі ў беларускіх пісьменьнікаў «укралі народ» і павялі яго кудысьці ў бок. Інакш кажучы, «таварыш Модзін» перамог Прарока і Вешчуна.

Да гэтай быкаўскай канстатацыі я хацеў бы дадаць, што тыя, якія ўяўлялі сябе прарокамі і вешчунамі, не засталіся безь віны. Прынамсі мне ня хочацца гэтага «крадзяжу» дараваць беларускім пісьменьнікам... І Купалу таксама...

Сёньня беларускія пісьменьнікі ці то з адной, ці то з другой арганізацыі ня кажуць ужо, што яны служаць народу (магчыма, таму, што «народ памёр», як публічна заявіў Ігар Бабкоў пасьля рэфэрэндуму 1995 году). Але затое чуваць галасы, што беларускія пісьменьнікі — гэта ўсё ж «сумленьне нацыі». То бок, па змоўчаньні прымаецца, што нацыя страціла сумленьне, а таму пісьменьнік, у якога гэтае сумленьне засталося, павінен яго нацыі вярнуць.

А я думаю, што калі ўжо параўноўваць беларускіх пісьменьнікаў зь нейкай функцыяй жывога арганізму, дык яны — хутчэй за ўсё «селязёнка нацыі», чым нешта іншае. Селязёнка — дзіўны орган, без якога арганізм можа абысьціся. Яго можна выдаліць, а арганізм будзе жыць далей. Вось жа быў такі час і ў беларускай нацыі, калі зь яе «выдалілі» пісьменьнікаў – то бок, адлучылі ад дзяржаўных датацый — і нічога, нацыя жыла далей, ня надта каб на гэтае выдаленьне зьвярнуўшы ўвагу.

Мне здаецца, што беларускія пісьменьнікі і да гэтай пары ня ўцямілі таго, што нарвэскія ці нідэрляндзкія пісьменьнікі выдатна разумелі ўжо 100 гадоў таму — пісьменьнік піша не для нацыі, а для чытача. Калі няма чытача, няма пісьменьніка.

Купала 1930-х — не пісьменьнік, таму што ніхто пры здаровым глузьдзе ня стане чытаць дзеля эстэтычнай асалоды таго, што ён тады напісаў. Гэта ж ясьней яснага. Дык у чым тут пытаньне?

Вартавыя

А пытаньне тут у тым, што ў беларускай літаратуры пісьменьнікам наагул было напляваць на чытача і на тое, што чытач пра літаратуру думае. Бо ганарары залежалі не ад таго, як кніжкі прадаваліся сярод чытачоў, а ад дзяржаўных «грантаў». Беларуская літаратура — як жорсткая графаманія, так і цалкам неблагія чытанкі — яшчэ й сёньня бачыцца большасьцю беларускіх пісьменьнікаў як самакаштоўнасьць, паколькі яна, гэтая літаратура — ну проста подзьвіг у сытуацыі наяўнасьці несумленнай нацыі, якая забылася на сваю мову і сваіх пісьменьнікаў. Тэмы ўзроўню гэтай літаратуры і тэмы дачыненьняў на сутыку пісьменьнік-улада (у тым ліку, пісьменьнік-дзяржаўная казна) — наогул табу.

Калі менавіта так глядзець на нацыянальную літаратуру, дык можна зразумець, чаму на нядаўнім зьезьдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з афіцыйнай трыбуны зноў гучалі заклінаньні аб «сумленьні нацыі», а ў кулюарах найбольш жару выклікалі разборкі зь нейкай сумай у замежнай валюце ды справа «лаянкі» вакол Купалы на сайце Радыё Свабода. Заўважце пры нагодзе, як беларускі пісьменьнік размаўляе зь беларускім чытачом — я (пісьменьнік) гавару сваё слова, ты (чытач) лаесься, што б ты ні казаў...

Праблема з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў ня ў тым, што там сабралася кампанія, якая хацела б набіць пысу чытачам Бахарэвічу ці Максімюку, а ў тым, што акрамя гэтага пысанабіваньня саюз насамрэч ня ведае, чым яму заняцца.

Пасьля распаду камуністычнай сыстэмы, дзе пісьменьніцкія саюзы выконвалі ролю ідэалягічных цэнзараў і прафсаюзных арганізацый, якія вырашалі, каго друкаваць і каму даць пуцёўкі ў санаторыі ці іншыя цёплыя месцы, у ніводнай посткамуністычнай краіне гэтыя саюзы так і ня здолелі знайсьці сабе нейкую новую разумную ролю. У кожным разе, я ня ведаю, чым разумным зараз займаюцца такія саюзы ў Польшчы або Чэхіі. І нікога з польскіх і чэскіх чытачоў гэтае пытаньне насамрэч не цікавіць.

Мне таксама незразумела, якую разумную ролю ў дадзенай сытуацыі мог бы ўзяць на сябе Саюз беларускіх пісьменьнікаў. На згаданым зьезьдзе ніхто так і не сфармуляваў нейкай уцямнай прапановы на гэты конт. Але калі меркаваць паводле таго, што некаторыя актывісты саюзу сфармулявалі «мімаходам» і ў кулюарах — яно выглядае мне на ролю своеасаблівай ганаровай варты на могілках беларускай літаратуры. Маўляў, толькі нам, пісьменьнікам, дадзена права інтэрпрэтаваць гісторыю роднай літаратуры, а іншым — застаецца толькі «лаянка».

Ну, няхай...

Нарвэжцаў удвая менш за беларусаў, і пісьменьніцкіх саюзаў у іх таксама ўдвая менш, чым у Беларусі. Але іхная літаратура на сёньняшні дзень — ці ня самая моцная ў Эўропе. Я разумею, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў адкажа мне адразу, што ў нарвэжцаў у дваццаць або і ў дзьвесьце разоў болей грошай, чым у беларусаў.

Але я, чытач, застануся пры сваім меркаваньні... Хаця б таму, што я чытаю і па-нарвэску...

Літаратурная дыскусія на Свабодзе

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG