Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шабаны»: Горад Сутоньня


22 сакавіка ў памяшканьні Інстытуту імя Гётэ ў Менску Альгерд Бахарэвіч прадставіў свой новы раман «Шабаны».

«Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. Гэта будзе асаблівы пацалунак. Так асьцярожна дакранаюцца вуснамі да лба нябожчыка, так пачціва тыцкаюцца ў ражочак сьцяга, так хрыстосуюцца сустрэўшыся малазнаёмыя між сабою людзі».

Гэтак пачынаецца кніга «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня», з гэтага ўрыўку аўтар і пачаў сёньняшнюю прэзэнтацыю.

Яна праходзіла ў форме чытаньня фрагмэнтаў кнігі, якая прысьвечаная аднаму менскаму мікрараёну. Уласна гэтая кніга і ёсьць досьледам гэтага мікрараёну. У ёй пераплеценыя гісторыя з геаграфіяй, палітыка з эканомікай, псыхалёгія з культурай, адукацыя з маральлю. Дасьледуецца ўвесь гэты закрыты сьвет, які ня ёсьць горадам і ня ёсьць вёскай. Гэта – гета, сказаў аўтар.

У кнізе шмат вызначэньняў гэтага мікрараёну. І аўтар іх усе прывёў. Але мне хацелася б яшчэ спыніцца на вызначэньні, якое даў Шабанам рэдактар кнігі Сяргей Шупа. Дарэчы, у сваім відэазвароце да ўдзельнікаў прэзэнтацыі, бо, як вядома, яму не далі ўязной візы ў Беларусь, Шупа назваў Шабаны і наагул усю індустрыйную частку Менску Горадам Сутоньня. Гэта, як вядома, антытэза «Гораду сонца» Артура Клінава, які напісаў пра цэнтар Менска.



Альгерд Бахарэвіч чытаў вельмі артыстычна. За ягоным артыстызмам гучаў адметны іранічны аўтарскі стыль, а таксама цікавы зьмест, выпісаны вельмі майстравіта.

Гэта кніга, у якой шмат эратычных старонак, але адначасна і шмат натуралізму, што, дарэчы, не спадабалася некаторым чытачам. Даволі ажыўленая дыскусія пра новую кнігу, пра тое, што яны пачулі, узьнікла пасьля чытаньня. Многія чытачы давалі парады аўтару. Некаторыя зь іх, як выявілася, прыехалі на прэзэнтацыю з саміх Шабаноў.

Прагучала і непазьбежнае пытаньне пра «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» – цыкль ягоных эсэ на Радыё Свабода. Аўтар сказаў, што гэтая кніга выйдзе ўвосень, тады, маўляў, і пагаворым.

Адно з пытаньняў да аўтара было: чаму ён зьехаў у Нямеччыну і калі вернецца. Альгерд Бахарэвіч сказаў, што ён зьехаў не па грошы, ён зьехаў па свабоду. А вернецца тады, калі над Беларусьсю залунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG