Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Выбарчыя скаргі апазыцыі не задаволеныя


Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў

13 жніўня суд Ленінскага раёну Магілёва не задаволіў скаргі партыі БНФ. Нагодай для звароту апазыцыйнай арганізацыі ў суд сталася неўключэньне ейных прадстаўнікоў у склад участковых камісій дзьвюх магілёўскіх выбарчых акругаў. Разглядаў пазоў судзьдзя Андрэй Юрчанка. Адказьнікам пазоўнікі вызначылі адміністрацыю Ленінскага раёну Магілёва.

Паводле лідэра абласной структуры партыі БНФ Зьмітра Салаўёва, які прадстаўляў інтарэсы партыі на судзе, судзьдзя Юрчанка не знайшоў падстаў, каб задаволіць скаргу:

«Судзьдзя сваё рашэньне абгрунтаваў тым, што заканадаўства не прадугледжвае жорсткіх крытэраў у фармаваньні камісій, а толькі дае рэкамэндацыі. Яно таксама не прадугледжвае, каб на пасяджэньні, на якім зацьвярджаецца склад участковых камісій, прысутнічалі прадстаўнікі тых арганізацый, якія вылучылі ў камісіі сваіх актывістаў.

Урэшце, на іншае рашэньне мы і не разьлічвалі — яно чаканае. Галоўнае ж, што мы высьветлілі ў судзе — як жа фармуюцца камісіі. Гэта робіць самастойна аддзел па кадравай працы раённай адміністрацыі. Ён вырашае, каго ўключаць у камісіі, а каго не, і ўжо падрыхтаваныя сьпісы з канкрэтнымі імёнамі падае на зацьвярджэньне адміністрацыі. Так заявіў у судзе супрацоўнік аддзелу. Такія сьпісы зацьвярджаюцца без пытаньняў, таму й не было абвестак, калі пасяджэньне адбудзецца, хаця мы й намагаліся даведацца пра час пасяджэньня».

Партыя БНФ у 13 участковых камісій 84 і 85 выбарчых акруг вылучала 13 сваіх прадстаўнікоў. Асноўная прычына неўключэньня партыйцаў у склад камісіі, паводле Зьмітра Салаўёва, адсутнасьць ранейшага досьведу працы ў камісіях. Камісіі сфармаваныя ў складзе 15 сяброў. Заканадаўства дазваляе склад камісіяў фармаваць да 19 сяброў.

З аналягічным фронтаўскаму пазовам таксама ў Ленінскі суд Магілёва зьвярнулася й абласная арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет». Судзьдзя Галіна Тарасава ня стала яго разглядаць, бо пазоў падпісаў не старшыня арганізацыі, а ягоны намесьнік, які ня меў на тое права.

У складзе ўчастковых выбарчых камісій Магілёўшчыны няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі. У акруговых — трое: двое ад партыі левых «Справядлівы сьвет» і адзін ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
XS
SM
MD
LG