Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 жніўня — апошні дзень, калі акруговыя камісіі прымаюць дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат мусіць здаць як найменей адну тысячу подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку. Праверка сапраўднасьці подпісаў, паводле закону, пройдзе з 14 па 23 жніўня. У кожнага прэтэндэнта, незалежна ад таго, якім спосабам ён вылучаецца, таксама правераць дэклярацыю аб прыбытках і маёмасьці.

Лагойск

«Тое, з чым я сутыкнулася, не адпавядае аніякай лёгіцы здаровага сэнсу…»

Сёньня Валянціна Каляка, якая вылучаецца ў Лагойскай выбарчай акрузе № 75, перадала ў камісію ўсе дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі. Яна кажа, што этап збору подпісаў быў для яе вельмі напружаным й канфліктым. 1-га жніўня Валянціна атрымала папярэджаньне ад акруговай камісіі, якое нядаўна адмяніў Цэнтрвыбаркам.

Каляка: «Тое, з чым я сутыкнулася, не адпавядае аніякай лёгіцы здаровага сэнсу. Да прыкладу, старшыня мясцовага сельсавету Марыя Гнедчык кінула ўсе свае справы і займалася толькі тым, што „насілася“ па вёсках, дзе агітавала людзей альбо не аддаваць за мяне свае подпісы, ці адмаўляцца ад іх, хто раней паставіў».

Па словах Валянціны Каляка, ёй й ініцыятыўнай групе ўдалося сабраць 1141 подпіс. Кожны подпіс — пераправераны:

«Найперш, пэнсіянэры. Асабліва, каму за 70 гадоў. Вось прыяжджае да іх старшыня сельсавету і пачынае „душыць“, каб адмаўляліся ад сваіх жа подпісаў. Што яны могуць зрабіць у такім выпадку. Нічога. Бо людзі ад старшыні залежаць. У сваю чаргу на месцах чыноўнікі нічога не баяцца, бо пераканалася на ўсе 100%, што за імі нехта стаіць».

Валянціна Каляка — актыўная абаронца жыхароў тутэйшых вёсак й лецішчаў ад забудовы на тэрыторыі Смалявіцкага раёна кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Але за арганізацыю масавых пратэстаў сама зазнала перасьлед міліцыі й чыноўнікаў. Валянціна Каляка сьведчыць:

«Шок у мяне. Самы сапраўдны шок. Але чым больш яны на мяне ціснуць, тым больш я буду ім упарціцца і тым больш пераконваюся, што ўсё я раблю правільна. І дайсьці мне ў гэтых выбарах трэба да канца!».

Жабінка
Камянец
Маларыта

У Белавескай выбарчай акрузе № 8 будзе вырашацца пытаньне, ці працягне ўдзел у выбарах Уладзімер Пузырэўскі — дарадца прэзыдэнта, галоўны інспэктар па Берасьцейскай вобласьці. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» сябра акруговай камісіі Пётра Андрыевіч.

Белавеская выбарчая акруга № 8 сфармаваная ў Маларыцкім, Камянецкім і Жабінкаўскім раёнах. Як распавёў «Свабодзе» Пётра Андрыевіч, сябра акруговай камісіі, які вылучаны ад партыі БНФ, тут будзе разглядацца пытаньне пра рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты дарадцы прэзыдэнта Ўладзімера Пузырэўскага:

«Ёсьць парушэньні пры зборы подпісаў, з-за якіх подпісы можна лічыць несапраўднымі. Згодна з Выбарчым кодэксам, подпісы могуць не лічыцца. Бо ёсьць парушэньні. Заўтра паседжаньне камісіі будзе а 14:30, і там на камісіі будзем вырашаць».

Спадар Андрыевіч патлумачыў, што ў падпісных лістах за Ўладзімера Пузырэўскага запоўненыя ня ўсе неабходныя дадзеныя. Гэта зьяўляецца парушэньнем. Аднак сьцьвярджаць, што дарадцу прэзыдэнта не зарэгіструюць, Андрыевіч не бярэцца:

«Я ня думаю, што Пузырэўскі можа быць вылучаны толькі праз збор подпісаў. Можа, яшчэ і ад калектываў — двума шляхамі…»

На дадзены момант, кажа Пётар Андрыевіч, акрамя Ўладзімера Пузырэўскага па Белавескай выбарчай акрузе вылучаецца таксама прадстаўніца партыі БНФ Людміла Рамановіч.

Горадня

Для агітацыі павялічылі колькасьць месцаў у зачыненых памяшканьнях, а на вуліцы — скарацілі.
На Гарадзеншчыне ня ўзьнікла праблемаў пры прыёме дакумэнтаў ад апазыцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Праўда, выдзеленыя месцы для правядзеньня агітацыі ў Горадні выклікаюць шмат пытаньняў у назіральнікаў за выбарамі.

Ад партыі БНФ па Гарадзеншчыне падалі дакумэнты на рэгістрацыю 7 асобаў, якія вылучаліся па партыйных сьпісах.

Ад партыі АГП па вобласьці — чатыры прэтэндэнты і таксама па партыйным сьпісе. Сябра кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук адзіны ў Горадні апазыцыйны актывіст, які разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы сабраў 1150 подпісаў і здаў іх у камісію для рэгістрацыі.

Ад партыі «Справядлівы сьвет» у вобласьці па партыйнаму сьпісу для рэгістрацыі падалі дакумэнты пяцёра прэтэндэнтаў.

Актывіст партыі Віктар Міхальчык: «Мы вылучылі ўсіх сваіх прэтэндэнтаў ад партыі — 5 чалавек па вобласьці. Трое ў Горадні, адзін у Лідзе і яшчэ адзін у Слоніме. Здалі ўжо дакумэнты, праблемаў ніякіх не было».

А вось назіральнік за выбарчым працэсам Раман Юргель зьвяртае ўвагу на рашэньне Гарадзенскага гарвыканкама ад 10 жніўня «Аб інфармаваньні выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі».

Праваабаронцу найперш насьцярожыла тое, што колькасьць месцаў для правядзеньня агітацыі ў цэнтры горада на вуліцы зьменшылася. У той самы час павялічылася колькасьць месцаў у закрытых памяшканьнях. Юргель лічыць, што гэта зроблена наўмысна, паколькі летам і на пачатку восені зручней праводзіць агітацыю на вуліцах у людных месцах.

Юргель: «Гэта малалюдныя месцы, як правіла, сквэры, спартовыя пляцоўкі — гэта месцы, дзе вельмі мала людзей. Улады пабаяліся выдзяляць шматлюдныя месцы ў цэнтры горада, як, да прыкладу, на Савецкай плошчы, у парку Жылібера, дзе ходзіць шмат людзей і зручна весьці агітацыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG