Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ініцыятыўная група лідара руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча сабрала тры тысячы подпісаў, неабходных для ягонай рэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты. Пра гэта было паведамлена падчас прэсавай канфэрэнцыі, праведзенай каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ў менскім мікрараёне «Уручча», дзе месьціўся сталы вулічны пікет Мілінкевіча.

Апошні дзень збору подпісаў — 13 жніўня — ініцыятыўная група на чале з Аляксандрам Мілінкевічам прысьвяціла падвядзеньню вынікаў першага этапу кампаніі. Прэсавую канфэрэнцыю з гэтай нагоды яны прывялі там, дзе найчасьцей зьбіралі подпісы — каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ў мікрараёне «Уручча».

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Юрась Меляшкевіч: «Мы ацэньваем кампанію як здавальняючую: выканалі і нават перавыканалі паказчыкі, заплянаваныя на этапе збору подпісаў. У выніку гэтага зразумелі, што змаганьне за 50% будзе складанай працай, якую неабходна распачынаць ужо зараз, бо ў нас вельмі мала часу, каб заваёўваць давер людзей».

Як паведаміў Юрась Меляшкевіч, разам з Аляксандрам Мілінкевічам яны абышлі каля дзясятка дамоў, правялі сотні пікетаў. Вынікам сталіся тры тысячы галасоў, адданыя на ягоную карысьць.

Але галоўны набытак — магчымасьць наўпроставага кантакту з выбарцамі, заявіў Аляксандр Мілінкевіч:

«Я лічу, што падчас гэтай кампаніі вельмі важна зьвярнуцца да тых людзей, якія ня вераць ні ўладзе, ні апазыцыі, самі сабе нават ня вераць. Гэта ўлада вінаватая, што стан грамадзтва такі расчараваны і апатычны, а рэформы давядзецца рабіць. І калі большасьць людзей ня хочуць ні ў што верыць — мы мусім стаяць, мы мусім размаўляць і хадзіць па кватэрах. Але калі б мы вось гэтак сталі ў звычайны дзень, то мы б ужо сядзелі на Акрэсьціна. Каб пайшлі б па кватэрах — было б тое ж самае. Таму ёсьць шанец размаўляць зь людзьмі, пераконваць іх — трэба з гэтага карыстаць. Мы — за перамены — і на нас на ўсіх зараз ляжыць адказнасьць за заўтра краіны».

Зьяўленьне на вулічным пікеце Аляксандра Мілінкевіча выклікала заўважную цікаўнасьць мінакоў: многія спыняліся, задавалі пытаньні:

Спадарыня: «Мы, жыхары дамоў 27, 29 на вуліцы Русіянава хацелі б, каб наноў абраны дэпутат дапамог нам дамагчыся выдзяленьня пляцоўкі для зоны адпачынку. Скажыце, калі ласка, калі вы будзеце абраны дэпутатам, вы дапаможаце нам у гэтым пытаньні?»

Мілінкевіч: «Я на 100% абяцаю дапамагчы вам займацца гэтым пытаньнем. Скажу нават больш — нават, калі ня буду абраны дэпутатам, — дапамогу юрыдычную і інфармацыйную я вам абяцаю».



Пра мэту выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча паведаміў ягоны намесьнік у руху «За свабоду» і давераная асоба Юрась Губарэвіч:

«Адной з галоўных мэтаў нашай кампаніі зьяўляецца здабыцьцё электаральнай перамогі Аляксандра Мілінкевіча на Ўруцкай акрузе. Апазыцыя мусіць падцьвярджаць сваю кваліфікацыю на кожных выбарах, і калі ў краіне будуць адсутнічаць кандыдаты, якіх падтрымалі грамадзяне Беларусі, у нас ня будзе падставаў казаць, што выбары былі сфальшаваныя, а перамога ў кандыдатаў скрадзеная».

Як паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Юрась Меляшкевіч, зараз сабраныя за Аляксандра Мілінкевіча подпісы будуць перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG