Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаная грамадзянская партыя можа датэрмінова зьняць з выбараў кандыдатаў у дэпутаты і адклікаць сваіх прадстаўнікоў з выбарчых камісій.

Такую заяву зрабіў старшыня партыі Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 10 жніўня па выніках фармаваньня выбарчых камісій.

АГП таксама прапануе ўладам увогуле скасаваць парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Паводле Лябедзькі, адпаведная палітычная заява ўжо гатовая і 13 жніўня будзе накіраваная ў Адміністрацыю прэзыдэнта, ва ўрад і ў Палату прадстаўнікоў.

«Мы не чакалі абсалютна ніякіх сэнсацыяў з боку беларускіх уладаў. Але ж мы павінны нейкім чынам рэагаваць на тое, што адбываецца. Мы ў чорным сьпісе беларускіх уладаў і маем дыскрымінацыйныя адносіны нават у параўнаньні зь іншымі дэмакратычнымі структурамі. Калі ўключэньне ў камісіі ў цэлым па дэмакратычным асяродку складае 7 адсоткаў, дык у нас 2 адсоткі».

Прадстаўнікі ўлады, у тым ліку старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, неаднаразова заяўлялі, што малая колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіях сьведчыць найперш пра неадэкватнасьць вылучаных асобаў.

Лябедзька: «Проста сьмешна гаварыць, што нейкая спартовая партыя вылучае больш якасных кандыдатаў, чым Аб’яднаная грамадзянская партыя. Паводле якіх крытэрыяў спадарыня Ярмошына можа сказаць, што не падыходзіць да працы ва ўчастковай выбарчай камісіі Людміла Пеціна ці, напрыклад, Антаніна Кавалёва, якая зьяўляецца юрыстам, працавала ў Міністэрстве юстыцыі і ў натарыяце, або Анатоль Паўлаў, які быў прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту? Ён што, ня можа палічыць да трохсот? І чым лепш за пералічаных асобаў маладзёны з БРСМ, якіх уключаюць у камісіі тысячамі?»

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік наступным чынам пракамэнтаваў заяву Анатоля Лябедзькі пра магчымасьць адводу прадстаўнікоў АГП з выбарчых камісій:

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

«Такое права ў суб’ектаў, якія вылучалі людзей у камісіі, ёсьць. І калі яны завяць пра гэта, дык яны маюць на гэта права ў адпаведнасьці з заканадаўствам».

На заяву пра перадузятае стаўленьне да вылучэнцаў АГП Мікалай Лазавік адказаў:

«Я накіраваў Лябедзьку ліст, у якім указаў, што ў 2010 годзе ў склад участковых камісіяў ад ягонай партыі былі накіраваныя грамадзяне, якія мелі судзімасьць, і выказаў спадзеў, што такіх фактаў больш ня будзе. На жаль, калі адбылося вылучэньне ў склад участковых камісій падчас цяперашняй выбарчай кампаніі, толькі па адным Кастрычніцкім раёне Горадні з 18 вылучаных прадстаўнікоў АГП дзесяць прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьци, дзевяць нідзе не працуюць».

Лідэр АГП лічыць беспадстаўнымі адмовы тым патэнцыйным чальцам выбарчых камісіяў, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле яго, юрыдычны перасьлед выкліканы палітычнай дзейнасьцю партыйцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG