Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія ўлады папярэдзілі Антыкрызысны фонд (АКФ) ЭўрАзЭС аб чаканым зьніжэньні золатавалютных рэзэрваў да $ 6,4 млрд. на 1 кастрычніка 2012 году і папрасілі новых крэдытаў.

«З улікам неабходнасьці своечасовага пагашэньня Рэспублікай Беларусь ўнутраных і зьнешніх абавязацельстваў у замежнай валюце ўзровень золатавалютных рэзэрваў дзяржавы на 1 кастрычніка 2012 г. складзе ня меней як 1,6 месяца імпарту і на 1 студзеня 2013 году — ня менш як 2,0 месяцы імпарту», — цытуе Інтэрфакс ліст аб намерах ўраду і Нацбанку Беларусі на адрас АКФ. Гэты ліст, датаваны 13 чэрвеня, улады просяць разглядаць як аснову для прыняцьця рашэньняў аб выдзяленьні 4-га і 5-га траншаў стабкрэдыту АКФ.

У лісьце таксама пацьвярджаецца намер уладаў павысіць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі да ўзроўню, які будзе пакрываць іх сабекошт на 35%. Паводле дадзеных АКФ, гэты паказчык па выніках чэрвеня склаў 23%.

Тарыфы на паслугі транспарту на канец 2012 году павінны забясьпечыць пакрыцьцё насельніцтвам ня менш за 85% выдаткаў на аказаньне такіх паслуг. Паводле дадзеных АКФ, у красавіку 2012 году гэты паказчык склаў 34,2% у Менску і 53% у абласьцях.

Пры гэтым улады прызнаюць, што «ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь захоўваюцца бюджэтныя і манэтарныя рызыкі, зьвязаныя як са зьнешнімі, так і з унутранымі фактарамі». Сярод ключавых рызык яны называюць пагаршэньне кан’юнктуры зьнешніх рынкаў і ўмоў гандлю, недастатковы прыток прамых замежных інвэстыцый, уключаючы даходы ад прыватызацыі, абмежаваны доступ да зьнешняга фінансаваньня.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў: «Мы ведаем, што калі ў 2011 годзе золатавалютныя рэзэрвы панізіліся да аднаго месяца імпарту, а адзін месяц імпарту — гэта прыкладна 4 мільярды даляраў, тады гэта быў вельмі крытычны ўзровень і ўжо больш паніжаць не было куды. З гэтай прычыны тады не хапала валюты. Потым Нацбанк падтрымліваў валютны курс каля 8 тысяч рублёў, бо атрымліваў больш валюты, чым прадаваў сам. А зараз сытуацыя зьмяняецца: Нацбанк больш прадае валюты, чым набывае. Гэта азначае, што калі прыйдзе пара, калі попыт на валюту пачне расьці, то Нацбанку ня будзе чаго прадаваць. Што тады будзе? Будзе тое ж, што і ў 2011 годзе — у Нацбанку ня будзе валюты. А далей — яшчэ больш: попыт на валюту да канца году будзе расьці, бо і фірмы, і банкі, і дзяржава будуць аддаваць свае пазыцыі і колькасьць валюты ў дзяржаве будзе паніжацца. Адпаведна — хутка вагу можа набраць даляр.

Калі ж гэты крэдытны транш і прыйдзе, то гэта падтрымае нашу эканоміку ня больш чым на месяц. Бо чакаецца транш памерам 440 мільёнаў даляраў. А адток валюты і патрэба пакрыцьця гэтага адтоку ў нас — прыкладна каля мільярда за месяц у другой палове году».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі:: «Калі падсумоўваць, то можна сказаць, што беларускія ўлады ня маюць і ніколі ня мелі грунтоўнай стратэгіі эканамічнага разьвіцьця. Гэтая ўлада ад пачатку была папулісцкая, і зараз яна ўжо ня можа бяз гэтых наркаманскіх дозаў: да кожных выбараў электарату трэба нешта кідаць, і гэта ўжо нездаровым чынам уплывае на эканоміку. Бо ўсе экспэрты, усе эканамісты кажуць, што ня трэба любым коштам падымаць гэтыя заробкі — гэтая сакральная лічба ў 500 даляраў ізноў усплыла. Хоць гэта ўжо іншыя 500 даляраў, хоць ужо відавочна, што дзяржава адной рукой дае, а другой забірае. Тым ня менш гэта працягваецца, бо цяперашняе кіраўніцтва сталася закладнікам вось гэтай папулісцкай і недальнабачнай палітыкі. Гэта нібыта моркаўку трымаюць, а пасьля, як летась, абвалам эканамічным абарочваецца. І зараз ізноў нарастае гэтая пагроза, плюс растуць, як сьнежны камяк, гэтыя замежныя пазыкі. І ўжо зразумела, што будзе расплочвацца і сёрбаць гэтую горкую кашу не адно пакаленьне беларусаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG