Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працуеш дзеля таго, каб паесьці ды набыць адзеньне ў краме „сэканд-хэнд“...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 1 жніўня 2012 году

У пошце «Свабоды» па-ранейшаму нямала допісаў на тэму парлямэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў наступным месяцы. У той час як адна частка апазыцыі заклікае байкатаваць выбарчую кампанію, другая частка ў гэтай кампаніі ўдзельнічае. Тым ня менш многія нашы слухачы па-ранейшаму лічаць, што байкот выбараў усё яшчэ магчымы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Вось што піша наш слухач Барыс Руцько зь Менску:

«Зрыў верасьнёўскіх выбараў мог бы стаць глыбокім накаўтам для рэжыму Лукашэнкі. Усе апазыцыйныя сілы Беларусі павінны абвясьціць байкот выбарчай кампаніі.

А дзеля гэтага на ўсіх прахадных дзяржаўных прадпрыемстваў належыць правесьці пікеты. На плякатах варта паведамляць людзям, што іх чакае пасьля 23 верасьня, калі яны наважацца пакінуць пры ўладзе гэтых жа людзей. А чакае ўсіх нас у такім выпадку рост цэн на прадукты харчаваньня, падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі, падаражэньне праезду ў грамадзкім транспарце і многа іншага... Да выбараў улады будуць старацца неяк стрымліваць цэны, а пасьля — усё пакоціцца, як валун з гары.

Людзям трэба нагадваць пра „заслугі“ цяперашняга парлямэнту. Там жа ніякіх дыскусій, ніякіх абмеркаваньняў. Паслухмяна галасуюць за ўсё, што ні загадае прэзыдэнцкая адміністрацыя. А яны ж павінны ўлічваць меркаваньні і запыты сваіх выбарцаў, выпрацоўваць усебакова ўзважаныя рашэньні...

Сарваць выбары могуць толькі рабочыя калектывы, якія масава падтрымае моладзь, студэнты. А дзеля гэтага рабочым людзям проста трэба даходліва патлумачыць, што іх чакае, калі яны будуць працягваць маўчаць і цярпець»
.

Думаю, спадар Барыс, гэта ўсё ж крыху наіўнае ўяўленьне пра сёньняшніх беларускіх рабочых: маўляў, трэба ім проста ўсё растлумачыць, выставіць пікеты ля заводзкіх прахадных — і яны адразу абудзяцца, усё зразумеюць і выступяць з пратэстам супраць аўтарытарызму, з патрабаваньнем дэмакратыі і свабодных выбараў.

Ва ўсіх сёньняшніх рабочых — як найменей сярэдняя адукацыя: чытаць і пісаць яны ўмеюць, доступ да незалежнай прэсы і да інтэрнэту пры жаданьні могуць мець. Іншая справа — ці ёсьць такое жаданьне, ці цікавяцца яны грамадзкімі праблемамі і ці гатовыя самі ўдзельнічаць у іх вырашэньні.

Што да пікетаў ля прахадных заводаў — то іх разгоняць празь пяць хвілін пасьля таго, як вы разгорнеце там свой плякат з тлумачэньнямі. Раённыя ўлады, як вядома, даўно вызначылі месцы, дзе дазволена выстаўляць выбарчыя пікеты: гэта бязьлюдныя пусткі, ускраіны гарадоў, лесапаркі. Пра заводзкія прахадныя ў гэтых сьпісах нават згадкі няма.

Якраз пра тое, як жывуць і што мяркуюць пра сваё жыцьцё беларускія рабочыя, паведамляе ў сваім лісьце на «Свабоду» будаўнік Павал Ялец з Драгічына. Ён піша:

«Божа мілы: працуеш дзеля таго, каб паесьці ды набыць адзеньне ў сэканд-хэндзе: на нешта большае нашых заробкаў проста не хапае. Да чаго мы дакаціліся! Вымушаны рабіць за капейкі. Як тыя будаўнікі Беламорканалу за часы Сталіна. Мусім працаваць, каб выжыць. А так хацелася б, каб праца прыносіла найперш радасьць і задавальненьне. І ўсё гэта, лічу, толькі праз аднаго ўсім вядомага чалавека!

Працую на будоўлі. Цяпер мы вахтавым мэтадам будуем у Менску інтэрнат для студэнтаў, які, як мяркуецца, будзе выкарыстоўвацца падчас хакейнага чэмпіянату 2014 году.

Прашу „Свабоду“ зьвярнуць у сваіх перадачах большую ўвагу на чалавека працы. Болей пішыце пра тое, як у нас жывуць будаўнікі, настаўнікі, дворнікі. Нас жа фактычна ператварылі ў дармовую рабочую сілу. Давёў ён краіну да ніткі. І што адметна: з часам становіцца ўсё горш і горш.

Падтрымлівайце змаганьне рабочых прадпрыемства „Граніт“ у Мікашэвічах. Падтрымлівайце палітвязьняў і свабодныя прафсаюзы. Усё гэта ў цяперашніх умовах вельмі патрэбна і важна»
.

Мы, спадар Павал, падрабязна паведамляем пра сытуацыю на «Граніце», пра выпадкі на іншых прадпрыемствах, калі рабочыя аб’ядноўваюцца, каб супольна адстойваць свае правы. Працоўная салідарнасьць — вялікая сіла. Згадайма хоць бы, якога посьпеху ў свой час здолелі дамагчыся незалежныя прафсаюзы «Салідарнасьць» у Польшчы. Таталітарная машына аказалася няздольная супрацьстаяць волі соцень тысяч людзей, аб’яднаных ідэяй справядлівасьці і дэмакратыі.

Менавіта таму беларускія ўлады так жорстка спыняюць нясьмелыя спробы беларускіх рабочых да аб’яднаньня ў незалежныя прафсаюзы, так брутальна душаць найменшыя пратэсты. Але гвалт і перасьлед бясьсільныя, калі рабочы люд здолее аб’яднацца ў вялікіх маштабах.

Наступны ліст — ад нашага даўняга слухача і аўтара, дзіцячага доктара зь Віцебску Ігара Паснова, які даўно і пасьлядоўна адстойвае права сваіх землякоў мець доступ да кваліфікаванай мэдычнай дапамогі. Спадар Ігар піша:

«Больш як тры гады змагаюся за тое, каб у нас на Віцебшчыне не марнаваліся грошы на паказуху, каб да ладу былі даведзеныя бальніцы і паліклінікі. Сёе-тое ўдалося зрабіць. Пачалі рамонт многіх бальніц, выдаткавалі на гэта 300 мільярдаў рублёў. Але ж тут іншая бяда: няма працоўных рук, каб усё гэта ажыцьцявіць. Усе больш-менш прыстойныя брыгады будаўнікоў — у Расеі на заробках. Там кожны зь іх атрымлівае да 2000 даляраў у месяц. А ў нас што? Тых будаўнікоў, якія пакуль застаюцца, кінулі на будаўніцтва фэрмаў ды на паказуху...

А тым часам побыт у многіх нашых бальніцах падобны да катаваньня. Усё занядбанае, замшэлае, напаўразваленае... Замест будынкаў — баракі 50–60-х гадоў... Затое адміністрацыя пра ўласныя патрэбы не забывае. Для сябе яны пабудавалі вялікі
7-павярховы адміністратыўны корпус, большую частку якога самі ж і займаюць.

А да кіраўніцтва не дастукацца. Амаль на ўсе скаргі прыходзяць аднатыпныя адказы-адпіскі без усялякай канкрэтыкі.

Тым часам зноў пачаўся прэсінг на працы: пагрозы, выхаваньне, прамываньне мазгоў. Лічу, маўчаць тут нельга: трэба давесьці да ведама грамадзкасьці ўсю праўду пра так званы „культурны цуд“ Віцебшчыны, які ў рэальнасьці грунтуецца на сьлязах і пакутах хворых дзяцей ды старых»
.

Так, спадар Ігар, у сёньняшніх беларускіх умовах у грамадзтва ня надта шмат магчымасьцяў дзеля таго, каб уплываць на рашэньні ўлады. Калі б у людзей пыталіся, на якія патрэбы варта патраціць сьціплы мясцовы бюджэт: на рэканструкцыю спарахнелай раённай бальніцы ці на будаўніцтва новага лядовага палаца — у прыхільнікаў лядовых забаў былі б мізэрныя шанцы... Але чыноўнікі прывыклі да таго, што грамадзкую думку можна ігнараваць, што галоўнае для іхнай службовай кар’еры — дагадзіць менскаму начальству (пажадана — самаму высокаму). Таму ў Беларусі так шмат лядовых палацаў і адначасова так шмат занядбаных бальніц і паліклінік. Хакеем і лядовымі палацамі захапляецца самі ведаеце хто. А ў раённых бальніцах і паліклініках высокае начальства ня лечыцца. Пры сур’ёзнай хваробе нават службовыя асобы раённага маштабу аддаюць перавагу спэцпаліклінікам і спэцшпіталям Менску альбо абласных цэнтраў.

Аўтар наступнага ліста — Антон Пузан з Гомеля — успамінае пра тое, як упершыню пачуў Радыё Свабода, а таксама дзеліцца сумнымі развагамі пра пошук нацыянальнай ідэнтычнасьці. Слухач піша:

«Радыё Свабода я слухаю з даўніх часоў. Памятаю, тады ў мяне быў радыёпрымач „Рыгонда“. З дапамогай яго я падчас службы ў войску слухаў жывы рэпартаж пра высадку амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц. Натуральна, усё гэта — праз трэск перашкодаў. Але, памятаю, тады гэта вельмі ўразіла і запала ў памяць.

Цяпер у мяне прымач „Акіян“. Але, на жаль, пачуць даводзіцца нямногае: ці то такі мой „Акіян“, ці то ў эфіры невядома што робіцца.

Інтэрнэтам не авалодаў — узрост ня той, спазьніўся. Так што ліст вам пішу ад рукі... А тут яшчэ жонка мармыча пад вухам: „Не пішы! Дапішасься!“ Можа, яна і мае рацыю. Нашы людзі ў асноўным маўчаць — каб не наклікаць бяды на сваю галаву.

Пішу вам па-расейску, хоць і беларус. Хоць іншых беларусаў, якія цураюцца роднай мовы альбо грэбуюць ёй — не люблю. Нядобра гэта. Але тут трэба ўлічваць жыцьцёвыя абставіны. Я з 6 год і аж да 47 бадзяўся па Расеі. Спачатку — разам з сасланай сям’ёй, потым па службе. І Чукотка ў маім жыцьці была, і Камчатка, і шмат іншых мясьцін.

Вярнуўшыся на гістарычную радзіму, выпісаў газэту на беларускай мове, купіў двухтомнікі Коласа і Быкава... Чытаў усё бяз слоўніка. Але размоўнай практыкі зусім няма. Дый як яе набудзеш у спрэс расейскамоўным Гомелі? Тут жа ні слоўца на роднай мове не пачуеш... Разумныя расейцы пра сёньняшнія грамадзкія настроі ў сваёй краіне выказваюцца рэзка: маўляў, народ азьвярэў. Ну, а мы, беларусы, проста выраджаемся. Як народ, як нацыя. І баюся, што працэс гэты — незваротны. Калі толькі ня здарыцца які цуд, які-небудзь шчасьлівы для большасьці з нас (і нешчасьлівы для некаторых) выпадак. У жыцьці ж усё бывае. Баюся толькі, што сам я гэтага моманту ўжо не дачакаюся»
.

Так, спадар Антон, падстаў для пэсымістычных развагаў наконт будучыні беларускай мовы і нацыі сёньняшняя рэчаіснасьць дае багата... Але пры жаданьні можна знайсьці падставы і для аптымізму. Нягледзячы на ўсе выпрабаваньні мінулых стагоддзяў, беларусы ўрэшце здолелі здабыць сваю дзяржаўную незалежнасьць. Калі ўдасца захаваць краіну, калі цяперашняя ўлада не давядзе да страты сувэрэнітэту — шанцы на нацыянальнае адраджэньне ў любым выпадку застануцца. Зьменіцца палітычны рэжым, прыйдуць да ўлады адукаваныя, інтэлігентныя, нацыянальна арыентаваныя дзеячы — і сытуацыя вельмі хутка можа зьмяніцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG