Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкоты Алімпійскіх гульняў і палітыка


Алімпійская хартыя заснаваная на прынцыпах, якія патрабуюць ўзаемаразуменьня, духу сяброўства і сумленнай гульні. Нягледзячы на гэта, а таксама дэклярацыю, што спорт не зьвязаны з палітыкай, практычна кожныя алімпійскія гульні сутыкаліся з фактамі байкоту, пратэсту ці індывідуальных жэстаў спартоўцаў.

1956, Мэльбурн

Ліхтэнштэйн, Нідэрланды, Гішпанія і Швэцыі байкатавалі гульні ў знак пратэсту супраць савецкага ўварвання ў Вугоршчыну. Эгіпет, Ліван і Ірак байкатавалі гульні ў выніку Суэцкага крызісу. Кітай адмовіўся ад удзелу з-за запрашэньня каманды непрызнанага Тайваню.

1964, Токіё

Міжнародны Алімпійскі Камітэт адхіліў ЮАР ад удзелу ў гульнях у сувязі з правядзеньнем краінай палітыкі апартэіду і ў прыватнасьці зьняволеньня Нэльсана Мандэлы. Гэта забарона доўжылася да 1992 года.

1968, Мэхіка

Грамадзкі моладзевы рух Мэксыкі выкарыстаў гульні для выказваньня сваёй пазыцыі адносна аўтарытарнага панаваньня ў краіне, гэта была спроба «самабайкоту». За 10 дзён да гульняў моладзь правяла шэсьце пратэсту, якое было разагнана з дапамогай зброі.

На самой Алімпіядзе чорнаскурыя амэрыканскія спартоўцы Томі Сьміт і Джон Карлсан, залаты і бронзавы прызёры па лёгкай атлетыцы, на цырымоніі ўзнагароджаньня пад час выкананьня гімну ЗША апусьцілі галовы і паднялі ўгору рукі ў чорных пальчатках. Яны пратэставалі супраць расізму і расавай сэгрэгацыі ў Амэрыцы.

Чэхаславацкая гімнастка Вера Часлаўска падчас выкананьня гімну Савецкага Саюзу апусьціла галаву і адвярнулася. Грамадзкасьць дома вітала гэты сымбалічны пратэст, аднак улады потым зрабілі Веру Часлаўску невыязной. Пасьля рэвалюцыі 1989 году Часлаўска ўзначаліла НАК Чэхіі.

1972, Мюнхен

Гульні былі азмрочаныя трагедыяй захопу палестынскімі тэрарыстамі ізраільскіх атлетаў. Да ахвяраў тэракту дадаліся і забітыя ў выніку няўдалай выратавальнай акцыі. МАК вырашыў не спыняць гульні, каб не рабіць знаку, што перамаглі тэрарысты. Гульні былі прыпыненыя на адзін дзень, іх пакінулі астатнія ізраільскія спартоўцы, а таксама прадстаўнікі некаторых іншых краінаў.

1976, Манрэаль

Па ініцыятыве Конга і Танзаніі 26 афрыканскіх краінаў байкатавалі гульні. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць матчу Новай Зэляндыі па рэгбі, праведзеным у ЮАР. Афрыканскія краіны лічылі, што такім чынам была парушаная дамова ізаляцыі рэжыму апартэіду і патрабавалі не дапускаць новазэлянскіх спартоўцаў да Алімпіяды. МАК апраўдаўся тым, што рэгбі не ўваходзіць у алімпійскую праграму.

1980, Масква

У сувязі з савецкім уварваннем ў Афганістан, прэзідэнт Джымі Картэр заклікаў Алімпійскі камітэт ЗША байкатаваць Гульні. Амэрыканцы засталіся дома, ад удзелу адмовіліся агулам 62 краіны, уключаючы ФРГ і Японію. Каманды некаторых краінаў ішлі на цырымоніі адкрыцьця не пад сьцягамі краіны, а пад алімпійскім сьцягам. ЗША таксама правялі ў Філядэльфіі альтэрнатыўныя гульні пад назвай «Звон Свабоды», што ўвайшло ў гісторыю як байкот-гульні.

1984, Лёс-Анджэлес

Пераважная большасьць краінаў савецкага блёку байкатавала гульні ў ЗША, што расцэньвалася як помства «за Маскву». Афіцыйна прычынай байкоту называлася адмова арганізатараў Алімпіяды даць гарантыі бясьпекі спартоўцам з СССР і іншых краін Варшаўскай дамовы. Краіны сацблёку адказалі правядзеньнем гульняў «Дружба-84».

1988, Сэул

З-за таго, што арганізацыйны камітэт гульняў адхіліў прапанову Кім Чэн Іра перанесьці частку спаборніцтваў з Паўднёвай Карэі ў Паўночную, Пхэньня адмовіўся пасылаць на гульні сваіх спартоўцаў. Куба і Этыёпія далучыліся ў знак салідарнасьці.

1992, Барсэлёна

З-за міжнародных санкцыяў МАК ня мог запрасіць на гульні спартоўцаў Югаславіі, якая распадалася. Аднак ім было прапанавала па прыкладзе спартоўцаў СНД выступіць у якасьці асобных алімпійскіх удзельнікаў.

2000, Сыднэй

Гульні байкатуе Аўганістан. Рэжым Талібану забараніў у краіне спорт і зьліквідаваў НАК.

2004, Афіны

Індывідуальны байкот: іранскі дзюдаіст Араш Мірэсмаэлі, будучы яўным фаварытам, адмовіўся ад спаборніцтва з ізраільскім спартоўцам.

2008, Пэкін

Нягледзячы на масавую кампанію правабаронцаў і заходніх палітыкаў, якія заклікалі байкатаваць гульні у Кітаі, рашэньня наконт гэтага ніхто не прыняў. Былі спробы перашкодзіць эстафэце Алімпійскага агню ў краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG