Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць актывіста абароны Ўручча Леаніда Мажальскага


Леанід Мажальскі ля суду.

Леанід Мажальскі ля суду.

Леаніда Мажальскага судзяць адразу па трох артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу: 17.1 «Дробнае хуліганства» (штраф у памеры да 30 базавых велічынь альбо арышт), 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (штраф да 30 базавых велічынь альбо арышт), 23.4 «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў» (штраф у памеры да 50 базавых велічынь альбо арышт).

Намесьнік старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву Леанід Мажальскі — актыўны сябра ініцыятыўнай групы супраць ушчыльненьня Ўручча. Абвінавачваньні тычацца падзеяў 4 і 5 ліпеня ў сквэры, дзе пачалі будаваць дом для спэцназу.

17 ліпеня суд заслухаў сьведак па кожным з абвінавачаньняў.

Зваршчык Сяргей Губарэвіч распавёў, што Мажальскі загароджваў спэцтэхніцы праезд, станавіўся пад пад’ёмны кран, перашкаджаў разгружаць машыну, а таксама абражаў рабочых. Са сваёй працай будаўнікі ўсё ж справіліся, але ў даўжэйшыя тэрміны, чым плянавалася. Убачыўшы 5 ліпеня, што частка плота павалена, прараб будоўлі напісаў на Мажальскага заяву ў міліцыю.

Паводле сьведчаньняў жыхароў Уручча, Леанід фізычна не замінаў правядзеньню прац, а патрабаваў паказаць дазвол на будаўніцтва дома.

Інспэктары з гарадзкога аддзяленьня міліцыі па вуліцы Ўруцкай засьведчылі, што Мажальскі аказваў супраціўленьне, калі тыя затрымлівалі яго на пляцоўцы.

Мажальскі ў адказ патлумачыў, што не хацеў ісьці ў міліцыю, пакуль не прыехала хуткая мэдычная дапамога. Карэту выклікалі ягоныя суседзі, бо ў актывіста падскочыў ціск і яму стала блага. У той дзень у Мажальскага здарыўся гіпэртанічны крыз.

Абвінавачаньне «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў» тычыцца сходу сябраў ЖБК 4 ліпеня ў сквэры на скрыжаваньні вуліц Русіянава і Шугаева. У жыхароў мікрараёну судзьдзя высьвятляла, ці заклікаў на ім Мажальскі аказваць супраціў будаўнічым працам. Паводле Валянціны Малюцінай, тады яны абмяркоўвалі, як жыхары могуць абараняць дрэвы, пакуль з адміністрацыі прэзыдэнта і з гарвыканкаму не прыйшлі афіцыйныя адказы наконт будучыні тэрыторыі, дзе месьціцца сквэр. Мажальскі патлумачыў, што сходы сябраў ЖБК і ініцыятыўнай групы заклапочаных лёсам Уручча жыхароў увесь час адбываліся ў гэтай зялёнай зоне. «У ЖБК больш за тысячу сябраў. Бліжэйшыя школы ніколі не давалі заляў, каб мы праводзілі свае сустрэчы ў іх», — заўважыў Мажальскі.

Судзьдзя Першамайскага суду Менску Алена Ананіч прызначыла працяг працэсу на 18 ліпеня.
XS
SM
MD
LG