НАДВОР'Е
Будзе няўстойлівае, прыйдуць кароткачасовыя, часам моцныя дажджы, навальніцы, тэмпэратура ўдзень у суботу 17-24, у нядзелю 19-26 цяпла.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У суботу каля сьценаў Мірскага замку пройдзе міжнародны фэстываль электроннай музыкі, мэта якога падтрымаць драўляную гістарычную забудову Горадні.
У Віцебску працягваецца «Славянскі базар».
Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан наведвае зь візытам Эгіпет і Ізраіль.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
14 ліпеня
1913 – у Вільні заснаванае Беларускае выдавецкае таварыства.
1941 – Чырвоная армія пад Оршай упершыню ўжыла «кацюшы».
1978 – Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб ахове і выкарыстаньні помнікаў гісторыі і культуры.
15 ліпеня
1410 – пад Грунвальдам адбылася бітва аб'яднанай арміі Вялікага княства Літоўскага і Польскай кароны з войскамі Тэўтонскага ордэну. Перамога продкаў беларусаў перапыніла ўзброеную экспансію немцаў на славянскія землі на наступныя амаль 500 гадоў.
У гэтыя дні нарадзіліся:
14 ліпеня 1862 году, 150 гадоў таму, – Густаў Клімт, аўстрыйскі мастак, яркі прадстаўнік стылю мадэрн. Адной з самых любімых яго тэмаў быў пацалунак, рамантычна ўвасоблены ў некалькіх славутых палотнах.
15 ліпеня 1675 году – Станіслаў Панятоўскі, войскаводзец, прадстаўнік найвышэйшай беларускай магнатэрыі.
15 ліпеня 1876 году – паэтка, дзяячка Беларускай сацыялістычнай грамады, асьветніца Алаіза Пашкевіч (Цётка). Выдавала кніжкі і падручнікі для дзяцей, часопіс «Лучынка». Памерла ў 1916 годзе, калі дапамагала хворым на тыф.
15 ліпеня 1900 году – паэт Уладзімер Дубоўка, сябра «Маладняка» і «Ўзвышша», арыштаваны ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», шмат гадоў правёў у ссылках. Яго пяру належыць верш «О Беларусь, мая шыпшына», які пасьля Чарнобылю многія назавуць прарочым.
У гэты дзень памерлі:
15 ліпеня
1410 – Ульрых фон Юнгінген, 26-ы вялікі магістар Тэўтонскага ордэну.
1904 – Антон Чэхаў, расейскі пісьменьнік, драматург, лекар.
2009 – Натальля Эстэмірава, расейская праваабаронца, журналіст, супрацоўніца Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» у Грозным.
ЁСЬЦЬ НАГОДА
14 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Кузьма і Дзям’ян. У народзе іх лічылі апекунамі сенакосу і падрыхтоўкі да жніва. А Кузьму – паводле сугучнасьці імя – яшчэ й апекуном кавальства. Таму ў кузьнях у гэты дзень не працавалі.
МІНУС 365
Пасол Францыі параўнаў вязьняў Бастыліі з асуджанымі ў справе 19 сьнежня ў Беларусі
Асуджаны за маўчаньне актывіст трымае галадоўку ў Жодзіне
Папа прызначыў новага нунцыя ў Беларусі
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цьвет.
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасьцеш.
Уладзімір Дубоўка