Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Францыі параўнаў вязьняў Бастыліі з асуджанымі па справе 19 сьнежня ў Беларусі


Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рынэры перакананы, што беларускія ўлады павінны выпусьціць іншадумцаў з турмаў.

"Гісторыя паказвае, што наяўнасьць іншадумцаў у турмах ніколі не ўзьвялічвала дзяржаву", — заявіў Рынэры на ўрачыстым прыёме ў гонар нацыянальнага сьвята — Дня ўзяцьця Бастыліі. Пры гэтым ён параўнаў сёньняшніх асуджаных прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі зь вялікімі вязьнямі Бастыліі, перадае Інтэрфакс.

"Сёньня сьвет добра памятае імёны вязьняў Бастыліі: Вальтэр, Бамаршэ. Але імёны судзьдзяў гісторыя забылася назаўсёды!" — сказаў францускі дыплямат.

Ён адзначыў, што "пытаньне прымірэньня цяпер досыць актуальнае для Беларусі".

"Я лічу, што ваша краіна стане мацнейшаю, калі на яе тэрыторыі будуць улічвацца ўсе думкі. Францыя хацела б супрацоўнічаць менавіта з аб'яднанай і прыміранай Беларусьсю", — адзначыў дыплямат.

Выступ амбасадара быў сустрэты гучнымі і працяглымі аплядысмэнтамі, на што ён заўважыў: "пляскаць у ладкі сёньня можна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG