Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня афіцыйна стала вядома, што па матэрыялах праверкі УКДБ упраўленьнем Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці ў дачыненьні да беларускага журналіста Андрэя Пачобута распачатая крымінальная справа. Яго абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Яму пагражае тэрмін зьняволеньня да 5 гадоў.

Жонка Андрэя Пачобута — Аксана распавяла, што сёньня, пасьля таго як на сайтах афіцыйных інфармагенцтваў зьявілася інфармацыя пра абвінавачваньні, прад’яўленыя ейнаму мужу, яна паехала ў гарадзенскую турму, але там сказалі, што ў іх Андрэя няма.

Тады яна накіравалася да сьледчага Арсенія Нікольскага, які вядзе справу Андрэя.

Пачобут: «Сьледчы мне сказаў, што ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС і яго перавядуць у турму, калі туды будзе ісьці этап. Магчыма, гэта сёньня ўвечары, а можа і заўтра, а магчыма, і ў панядзелак, бо наўрад ці ў выходныя будуць тыя этапы. Вось зараз зьбіраюся паехаць у РАУС, каб нешта яму перадаць, бо ён нічога нават папіць ня мае і вопраткі ніякай ня браў».

Паводле Аксаны Пачобут, яна пацікавілася ў сьледчага, на якім этапе знаходзіцца сьледзтва, бо прачытала ў інтэрнэце, што ўжо праведзеныя лінгвістычныя экспэртызы шэрагу мужавых артыкулаў.

Сьледчы, зь яе слоў, адказаў, што сьледзтва знаходзіцца на пачатковым этапе.

Сёньня ж Аксана Пачобут даведалася, што адвакат наведае ейнага мужа толькі ў панядзелак.

У Саюзе палякаў, не прызнаваным беларускімі ўладамі, сябры арганізацыі ўсхваляваныя арыштам Пачобута і абураныя тым, як улады перасьледуюць журналіста. Намесьніца СПБ Рэната Дземянчук так выказала агульны настрой сваіх калегаў:

Дземянчук: «Мы ўсе тут вельмі абураныя тым, што адбылося. Відавочна, што кожнага чалавека можна абвінаваціць, што ён ці то тэрарыст, ці проста ня любіць таварыша Лукашэнку, і г.д.»

Актыўны сябра Саюзу палякаў, журналіст Ігар Банцар лічыць, што прычыны арышту трэба шукаць не ў юрыдычнай сфэры, а ў палітычнай, бо ўсе матэрыялы, напісаныя Пачобутам апошнім часам, не перабольшваюць таго, што пішуць астатнія беларускія журналісты пра прэзыдэнта і ўлады.

Банцар: «Лукашэнка ізноў перад выбарамі зьбірае тых, каго можна будзе выкарыстаць у якасьці абменнай карты, каб патаргавацца з Захадам. Раней ужо абвешчана, што палітвязьні ня трапяць пад амністыю. Усё гэта можна разглядаць у адзіным кантэксьце. І арышт Пачобута дазволіць ізноў весьці торг з Польшчай і Эўропай».

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч зьвяртае ўвагу на тое, што юрыдычны факт арышту ня мае лёгікі.

Хільмановіч: «Выразная лёгіка тут ёсьць толькі ў тым, што гэта пасыл усім журналістам, грамадзкім актывістам напярэдадні так званых выбараў: з кожным будуць распраўляцца бязьлітасна, кожная праява вольнага слова, іншадумства, крытыкі вышэйшай улады будзе карацца».



Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня ў ягонай кватэры, супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG