Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць журналіста завялі крымінальную справу. Яго вінавацяць паводле артыкулу «паклёп на прэзыдэнта».

Падставамі для абвінавачваньня сталі артыкулы на сайтах «Хартыя 97» і «Беларускі партызан».

Пачобута арыштавалі ў ягонай хаце ў Горадні вечарам 21 чэрвеня.

Жонка Андрэя Пачобута Аксана распавяла, што прыходзіў той самы сьледчы Гарадзенскай пракуратуры Арсені Нікольскі, які раней вёў справу Пачобута і міліцыянты. У хаце яны нічога не шукалі, сказалі адразу, што прыйшлі па Андрэя і кампутары.

У хаце зрабілі ператрус. Сканфіскавалі кампутары. Пачобута павезьлі на допыт. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні. Яго завезьлі ў гарадзенскую турму.

Пачобута вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу 367, частка 2 — «паклёп у адносінах прэзыдэнта, што ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманструемым творы, альбо ў СМІ, зьдзейснены асобай, што раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьне волі на такі ж тэрмін.

Польскі МЗС пра арышт Пачобута: «Чарговы доказ кепскай сытуацыі з правамі чалавека»


Жонка журналіста Аксана Пачобут паведаміла Радыё Свабода:

Аксана Пачобут

Аксана Пачобут

«Сёньня Андрэй працаваў у хаце, пісаў артыкул пра Алеся Бяляцкага. Прыйшла міліцыя да нас дадому, з абласной пракуратуры. Прыйшло шэсьць чалавек, гэта быў сьледчы, два чалавекі ў мундзірах, і яшчэ два мужчыны і адна жанчына ў цывільным. Сьледчы сказаў, што ў нас у хаце будзе вобшук, але што гэта ўсё адбудзецца хутка, бо яны прыйшлі за кампутарам і за Андрэем, каб звазіць яго на допыт. Усё трывала, як мне падалося, менш за гадзіну. Яны забралі кампутар і забралі Андрэя, які ўжо ведаў, што яго сёньня пасадзяць у турму. Ён сабраў у сумку рэчы, якія змог сабраць на хуткую руку. Яго адразу адвезьлі ў пракуратуру, там ён сустрэўся з адвакатам, адмовіўся даваць паказаньні, і яго адразу павезьлі ў турму.


Ён сказаў мне падчас вобшуку, што ў яго была такая інфармацыя, паводле якой ён мог рабіць высновы, што яго зноў пасадзяць у турму, што зноў будзе ўзбуджаная крымінальная справа супраць яго».


Чытайце інтэрвію Радыё Свабода з Аксанай Пачобут на нашым сайце.



Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

Праваабаронца Тацяна Равяка:

«Канечне, гэта вельмі кепскія тэндэнцыі — напярэдадні выбараў затыкаць рот журналістам. Гэты арышт — папярэджаньне ўсім журналістам, якія ў тым ліку зьбіраюцца аб’ектыўна асьвятляць выбары, у тым ліку паказваць нейкія недахопы, якія існуюць у краіне падчас выбарчай кампаніі і ня ў зьвязку з выбарчай кампаніяй, у сувязі з агульнай сытуацыяй у краіне. Гэта проста знак усім астатнім журналістам прыкрыць рот».




Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец:

«Ёсьць некалькі рэчаў, на якія я хацеў бы зьвярнуць увагу. Андрэй і зараз знаходзіцца, як кажуць, пад артыкулам, бо ён быў асуджаны год назад і атрымаў тэрмін з адтэрміноўкай. І тое, што зараз ідзе іншая справа, паказвае, што ягонае ўмоўнае пакараньне можа стаць рэальным, незалежна ад таго, як справа будзе разглядацца надалей».





Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

Сустаршыня Нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі Рух» Віктар Івашкевіч, які ў 2002 годзе быў асуджаны па падобнай справе, пракамэнтаваў у інтэрвію «Свабодзе»:

«Сымптаматычна тое, што раней узбуджалі справу, але ніякімі арыштамі гэтага не папярэджвалі, і ўрэшце давалі хімію. А зараз маем арышт і турму. Прынамсі форма затрыманьня сьведчыць пра ўзмацненьне рэпрэсій. А гэта ў сваю чаргу сьведчыць, што Лукашэнка адчувае сябе няўпэўнена».



5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 КК (паклёп на прэзыдэнта).


Пакараньне, прадугледжанае за паклёп і абразу (паводле п. 2 артыкулаў 188, 189): штраф ці папраўчыя работы да двух гадоў, арышт (адпаведна да шасьці ці трох месяцаў), абмежаваньне волі да трох гадоў.


Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» у Беларусі. У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчай» і дзьве з інтэрнэту — зь «Беларускага партызана» і «Жывога журналу». Андрэю Пачобуту прад’явілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — «абраза» і 367 (частка 1) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG