Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кузьняцоў: Ніводзін навуковец ня быў у архівах КДБ


Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

Пра беларускі сьлед Катыні гутарка ў «Выніках дня» з дасьледчыкам гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў, гісторыкам Ігарам Кузьняцовым.

Польская «Gazeta Wyborcza» піша пра знойдзены ў Маскве ў Расейскім дзяржаўным архіве сьпіс амаль дзьвюх тысячаў палякаў. Паводле расейскага прафэсара Натальлі Лебедзевай, яна перадала польскаму боку сканаваныя копіі сьпісаў 1996 чалавек, якіх увесну 1940 году перавезьлі ў Менск з турмаў Берасьця, Пінску, Баранавічаў, Горадні, Беластоку ды іншых. 5 сакавіка 1940 году камуністычныя ўлады СССР прынялі рашэньне зьнішчыць больш за 20 тысяч польскіх ваеннапалонных.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:22 0:00
Наўпроставы лінк
Ганна Соўсь: Вы шмат гадоў дасьледуеце гісторыю рэпрэсіяў. Наколькі сэнсацыйная для вас была гэтая навіна?

Ігар Кузьняцоў: Гэта ня новая інфармацыя. У 2010 годзе мы сустракаліся зь Лебедзевай на здымках «Катынь празь 70 год», яна тады ўжо сказала, што беларускі сьпіс існуе. Яны тады ўжо сказала, што ён знаходзіцца ў архівах 15-ай Канвойнай брыгады НКВД. І так адбылося. Адзінае трэба адзначыць, што яго нельга назваць беларускім катынскім сьпісам, таму што гэта толькі фрагмэнт. Па афіцыйнай інфармацыі, у турмах Заходняй Украіны і Беларусі было расстраляна 7305 афіцэраў польскай арміі. Калі мы выключым украінскі сьпіс, то ў беларускім сьпісе застанецца мінімум 3870 імёнаў. Таму нават калі мы мяркуем, што ўсе 1966 чалавек з апублікаванага сьпісу былі расстраляныя, гэта ўсяго толькі палова.

Ганна Соўсь: Дзе могуць быць пахаваныя парэшткі расстраляных?

Ігар Кузьняцоў: Расстрэлы праводзіліся не ў адным, а ў некалькіх месцах. Адно — гэта Курапаты. А другое, дзе, я думаю, бальшыня была расстраляна, гэта ўрочышча Благаўшчына, дзе нацысты восеньню 1941 году стварылі лягер сьмерці Трасьцянец. Магчыма, каб схаваць злачынствы, менавіта таму ў месцы мэмарыяльнага комплексу ў 1956 ствараецца найбуйнешая гарадзкая звалка, якая існуе да гэтага часу.

Ганна Соўсь: Расейскі бок актыўна супрацоўнічае з польскім у пытаньні сталінскіх рэпрэсіяў, адкрывае архівы. Беларускія архівы часоў рэпрэсіяў закрытыя, як для палякаў ды іншых замежнікаў, так і для беларускіх грамадзянаў. У чым прынцыпова розьняцца беларуская і расейская пазыцыі?

Ігар Кузьняцоў: Нельга параўноўваць з Расеяй і Ўкраінай. Беларусь — гэта адзіная Рэспубліка, дзе не ўсталявана дзяржавай ніводнага помніку ахвярам рэпрэсіяў, афіцыйна не выдадзеная ніводная кніга ахвярам рэпрэсіяў, не апублікаваныя сьпісы расстраляных. У школах гэтая праблема прадстаўлена скажона альбо не прадстаўлена ўвогуле. Яшчэ з пункту гледжаньня навукі, у пачатку 90-х гг была створана адмысловая група ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, у 96-ым яе ліквідавалі. Ніводзін навуковец афіцыйна не займаецца гэтай праблемай.

Ганна Соўсь: А калі вы былі ў архівах КДБ?

Ігар Кузьняцоў: Ніколі, і мне сказалі, што ніколі там ня буду. Я абмяжоўваюся іншымі крыніцамі, якіх мне дастаткова. А паколькі нашыя архівы КДБ зазнавалі неаднаразовую чыстку, таму наш архіў КДБ не такі поўны, як нам здаецца. Шмат дакумэнтаў ужо няма. Ніхто з вучоных ня мае і ня меў доступу да архіваў КДБ. Гэта сьвятая сьвятых.

Ганна Соўсь: Магчыма, трэба шукаць праз расейскія архівы?

Ігар Кузьняцоў: Расейскія архівы ўтрымліваюць шмат цікавай інфармацыі. І расейскі ваенны архіў, і архіў ФСБ, і архіў МУС Расеі. Дзясятак архіваў — ва ўсіх ёсьць дакумэнты пра Беларусь. Але паўтараю. Зь беларускіх навукоўцаў ніхто гэтым не займаецца. Гэта праблема павінна вырашацца на дзяржаўным узроўні. Альбо праз афіцыйны запыт. Але я не магу ўявіць, каб беларускі КДБ накіраваў афіцыйны запыт пра беларускі катынскі сьпіс.

Ганна Соўсь: Цяпер «Газэта выборча» пачне публікаваць сьпісы расстраляных палякаў. Які працяг гэта можа мець? Для дасьледчыкаў? Для родных расстраляных?

Ігар Кузьняцоў: Мяне насьцярожвае сёньняшняя рэакцыя Войцеха Матэрскага, прадстаўнікоў польскай арганізацыі «Карта», яны кажуць, што публікацыя гэтых сьпісаў ні аб чым не гаворыць. Гэта, маўляў, сьпіс канваяваных. Мяне насьцярожвае, бо гэта адзіны дакумэнт, які длазваляе пачаць актыўную працу па дасьледаваньню гэтай справы. У гэтым сьпісе, я перакананы, 2/3 — зь беларускага катынскага сьпісу. Ставіць пад сумнеў гэты сьпіс нельга. Нават калі будзе знойдзена некалькі нашчадкаў забітых, гэта ўжо будзе посьпех.

У Беларусі няма такога рэзанансу, як у Польшчы. Але нават у сьпісе катынскага расстрэлу з 4421 расстраляных 1700 — ураджэнцы Беларусі. А ў апублікаваным сёньня сьпісе беларусаў — больш за палову. Таму гэта аднолькавая бяда як для беларускага, так і для польскага народаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG