Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў разгледзець пытаньне аб беларускім катынскім сьпісе.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію польскім журналістам 4 лістапада, піша партал Gazeta.pl.

Адказваючы на пытаньне пра беларускі катынскі сьпіс і магчымасьць адкрыцьця архіваў КДБ дзеля яго пошуку, кіраўнік Беларусі перасьцярог, што шмат якія дакумэнты былі вывезеныя ў Маскву. Аднак ён паведаміў, што асабіста зоймецца гэтай справай і будзе гаварыць пра яе з кіраўніком беларускага КДБ.

Беларускі катынскі сьпіс — дакумэнт, які зьмяшчае імёны 3870 палякаў, забітых НКВД на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспасьпяхова дамагаецца ад Расеі, каб гэты сьпіс быў знойдзены.

Лукашэнка 4 лістапада ў першы раз як мінімум за дзесяць гадоў сустрэўся з польскімі журналістамі, перадае БелаПАН. У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі Польскага тэлебачаньня (TVP), Польскага радыё, Польскага агенцтва друку (ПАП) і газэты "Rzeczpospolita". Сустрэча працягвалася тры з паловай гадзіны і тычылася беларуска-польскіх дачыненьняў, а таксама прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Лукашэнка пажартаваў, што гэтая сустрэча была ўнікальнай магчымасьцю паразмаўляць з "апошнім дыктатарам Эўропы".
XS
SM
MD
LG