Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катынскі "беларускі сьпіс" не знайшлі ў Маскве


Катынь, архіўнае фота

Катынь, архіўнае фота

Насуперак чаканьням, расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін не перадасьць сёньня ў Катыні польскаму калегу Дональду Туску так званы "беларускі сьпіс" з 3800 імёнамі палонных польскіх афіцэраў, забітых падчас Другой усясьветнай вайны органамі НКВД.


Як паведамілі ў прэсавай службе Пуціна, “гэты дакумэнт ня быў знойдзены ў Маскве", падаюць польскія СМІ.

Навіна расчаравала сваякоў расстраляных палякаў, якія даўно чакалі гэтага дня. Многія спадзяваліся, што менавіта ў дзень 70-х угодкаў трагедыі ў Катыні, невялікім мястэчку на Смаленшчыне, і адбудзецца перадача сакрэтнага дакумэнту. Бо сваякам польскіх афіцэраў, якія тут загінулі, дагэтуль невядома, дзе спачылі целы іх блізкіх.

Варшава неаднаразова крытыкавала Крэмль за тое, што той не дае доступу да ўсіх матэрыялаў, зьвязаных з масавымі забойствамі. У Польшчы спадзяваліся, што запрашэньне Дональда Туска на 70-я ўгодкі Катыні дасьць пачатак новым польска-расейскім дачыненьням у духу адкрытасьці і пакаяньня з боку Расеі.

Ян Маліцкі з Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў у Варшаўскім Унівэрсытэце адзначыў, што расейскі бок пра “беларускі сьпіс” нічога не абяцаў.

“Расейцы ані разу нічога не казалі пра “беларускі сьпіс”, -- заявіў Маліцкі Польскаму Радыё. – “Яны толькі казалі пра дакумэнты, якія пашыраць нашы веды пра [колькасьць забітых]. Гаварыць пра “беларускі сьпіс” пачаў польскі бок – палітыкі і мэдыі”.

Паводле польскіх назіральнікаў, "палітычныя жэсты павінны ісьці разам з практычнымі крокамі, такімі, напрыклад, якія б далі поўнае ўяўленьне пра архівы Катыні".

Як заявіў журналістам кіраўнік Інстытуту народнай памяці ў Варшаве(IPN) Януш Куртыка, “Польшча расчараваная супрацоўніцтвам з расейскімі ўладамі ў справе катынскіх падзеяў”. Ён таксама адзначыў, што, акрамя Расеі, трэба супрацоўнічаць наўпрост зь Беларусьсю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG