Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» патрабуе спыніць перасьлед і арышты актывістаў


Праваабарончы цэнтр «Вясна» асуджае незаконнае прыцягненьне да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе арыштаў моладзевых актывістаў Мускага Міхаіла, Краменецкага Зьміцера, Васільева Рамана, Дземідзенкі Мікалая, Вінаградава Паўла, а таксама праваабаронцу Алега Воўчака.

Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабарончага цэнтру.

«Мы заяўляем, што сыстэматычнае асуджэньне грамадзкіх дзеячоў на падставе сфальсыфікаваных матэрыялаў аб адміністратыўным правапарушэньні за дробнае хуліганства зьяўляецца злачыннай формай адвольных затрыманьняў. Прыкра, што ў гэты незаконны перасьлед ўцягнутыя не толькі органы ўнутраных справаў, але і суды, якія выносяць прысуды на падставе непраўдзівых матэрыялаў», — адзначаецца ў заяве.

Паводле «Вясны», Мускі Міхаіл, Крэмянецкі Зміцер, Дземідзенка Мікалай агулам толькі за вясну 2012 г. незакона былі асуджаны на 37 сутак адміністратыўнага арышту, а Павал Вінаградаў і Алег Воўчак двойчы асуджаліся на падставе сфальсіфікаваных супрацоўнікамі міліцыі матэрыялаў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць, што ўсе ўзгаданыя асобы незаконна і неаднаразова пазбаўляліся волі на працяглы тэрмін, і таму могуць на пэрыяд свайго затрыманьня лічыцца палітычнымі вязьнямі.

У сваёй заяве Праваабарончы цэнтр «Вясна» настойліва патрабуе:

  • неадкладнага спыненьня практыкі адміністратыўнага перасьледу і незаконнага асуджэньня грамадзкіх актывістаў па сфальсыфікаваных абвінавачваньняў;
  • прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых службовых асоб у незаконных асуджэньнях;
  • кампэнсацыі страты здароўя і маральных пакутаў усім незаконна асуджаным.
XS
SM
MD
LG