Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінпрацы разгледзяць праблемы незалежнага прафсаюзу на «Граніце»


Рабочая група Рады па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай галіне пры Міністэрстве працы разгледзіць дакумэнты пра парушэньне правоў незалежных прафсаюзаў.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова. Адпаведны пакет дакумэнтаў прадстаўнікі БКДП павінны падаць у Мінпрацы да 15 чэрвеня, кажа спадарыня Яськова:

«На паседжаньні Рады прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства працы, Міністэрства юстыцыі, Аб’яднаньня наймальнікаў, ФПБ і БКДП. Дэлегацыя апошніх складалася з 13 чалавек. Сярод іх былі і прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу з „Граніту“ — Анатоль Літвінка, Мікалай Карышаў. Падчас нарады былі пералічаныя праблемы, зь якімі сутыкнуліся незалежныя прафсаюзы. Міністар працы Марыяна Шчоткіна казала, што няма канкрэтных дадзеных пра сытуацыю на „Граніце“. Таму было вырашана, што да 15 чэрвеня ўся дакумэнтальная інфармацыя пра парушэньні правоў незалежнага прафсаюзу на „Граніце“ будзе пададзеная намі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны».

Алена Яськова кажа, што радыкальнага разьвязаньня праблемаў «гранітаўскага» незалежнага прафсаюзу ад гэтай рады чакаць не выпадае, але перакананая, што гэта варта рабіць:

«У гэтым годзе ўлетку будзе канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы, то вось, каб штосьці хоць ёй прадставіць, і правялі гэтую раду».

Як распавяла спадарыня Яськова, Рада па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай галіне пры Міністэрстве працы была створаная пасьля справы № 20/90 аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі. Гэтая рада абмяркоўвае выкананьне рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы, удасканальваньне заканадаўства, а таксама разглядае парушэньні правоў прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG